Выбрать главу

Брыгада палкоўніка Матуля павесялела, падужэла на харчах, што прывезлі ім незнаёмыя «брат і сястра». Пасля работы кулеш варылі на невялічкіх вогнішчах каля цагельні і шчыльным заслонам баранілі кухара дужыя і ціхія «браты» ад нападу «шакалаў».

Іосіфа Аляксандравіча ўсе шчыра паважалі: ніхто ад яго не чуў крыку і грубага слова, а ўсе брыгаднікі звярталіся па-вайсковаму: «Таварыш палкоўнік», ён пярэчыў, але так нічога і не дамогся.

Летам брыгада касіла сена для конбазы, ставіла стагі на ўзбярэжжы ціхай лясной ракі Кержанец. На другім беразе дажывалі свой век счарнелыя скіты раскольнікаў. Адсюль і пайшла секта кержакоў. На сенажаці баптысты шчыравалі з асабліваю ахвотаю — выкошвалі кожны лапік, стагі стаўлялі, як лялькі.

Пад восень начальнік прыдумаў Матулю пасаду памочніка па быту. Ён правяраў чысціню ў бараках, кіпяцілцы, у лазні, камандаваў днявальнымі. Перасялілі яго з барака ў невялічкую мазанку каля вахты. Разам з ім жыў экспедытар, дасціпны і вясёлы сухумец Ніязі Байрамаў. Да вайны ён вучыўся ў Маскоўскім медінстытуце. Летам студэнты выехалі ў ваенныя лагеры. Аднойчы сусед па палатцы спытаў у Байрамава, ці можа Савецкі Саюз заключыць пагадненне аб дружбе з Германіяй. Байрамаў у той дзень газет не бачыў і, як сапраўдны патрыёт, абурыўся: «Толькі вар’ят можа заключыць такі дагавор з фашыстамі». На другі дзень следчы дамагаўся, каго Байрамаў лічыць вар’ятам, а неўзабаве тройка паслала яго перавыхоўвацца на восем гадоў у папраўча-працоўны лагер. Цокур яго прызначыў экспедытарам. Ніязі дастаўляў на лагпункт прадукты, суправаджаў па тэрыторыі лагера вагоны гатовай прадукцыі фабрыкі. Было ў яго шмат накладных, актаў, справаздач. У бараку іх трымаць нельга, бо скураць, таму і адсялілі яго з Матулем у мазанку, а яны ў падсуседзі ўзялі мяне. Матуль часта расказваў пра сваё ранейшае жыццё ў Маскве ў вышэйшых вайсковых сферах, пра пачатак вайны, пра разгубленасць многіх бездапаможных камандзіраў. Ён добра ведаў і любіў літаратуру, быў знаёмы з некалькімі вядомымі пісьменнікамі.

Перад канцом работы, недзе каля поўначы, Іосіфа Аляксандравіча выклікаў начальнік, і яны разам па невыразных газетных інфармацыях разбіралі ваенныя дзеянні, строілі прагнозы, і Матуль вельмі рэдка памыляўся.

Днявальным у нас быў самастрэл, дробненькі, хітранькі разанскі мужычок Грышка Сяргунін. Пра свае «подзвігі» на фронце расказваў коратка: «Ляжу сабе ў акопе, зажмуруся і пастрэльваю, а куды, Бог яго ведае, а ўсё наўкол грыміць, гарыць і калоціцца. Заб’юць, думаю, а паміраць не хочацца, от стральнуў у руку, і сам не ведаю як. Далі чырвонец, але ж жывы, на павал не пагоняць — інвалід. Кончыцца вайна, можа, і дадому пусцяць». Ён уважліва слухаў зводкі Саўінфармбюро, складаў нашы і нямецкія страты разам і дакладваў палкоўніку: «Люду-то, люду, Ляксандрыч, сколь пабілі» — і называў вялізную лічбу. Калі Матуль яму тлумачыў, што больш паклалі фашыстаў, Грышка стаяў на сваім: «Усё адно — людзі. Нас і іх жывасілам на смертачку пагналі. Усіх шкода».

Этап з таго свету

З усіх начальнікаў Цокур заставаўся чалавекам. Ён перажываў за кожную смерць, а трагедыя з Федзем Беляновым прыбавіла сівізны ў яго кудлатай галаве. Брыгады лесарубаў і грузчыкаў карміў толькі па трэцім катле, увесь ураджай немалой падсобнай гаспадаркі ішоў у кацёл, тушы выбракаваных коней траплялі на кухню. Нехта калі не скажа, дык падумае: «Хто ўлез у прыдуркі, той хваліць начальніка». Цокура даўно няма на свеце, але я ўпэўнены, што ніхто з лагернікаў трэцяга лагпункта яго не папракне і не пракляне. Суровы з выгляду Цокур быў спагадлівы і нават чулы. Можа, не ўсё, як і мы, разумеў, але пра многае здагадваўся і часам гаварыў мне або Матулю: «Якія ж вы ворагі? Калі людзі так працуюць на абарону, не хочацца верыць, што яны злачынцы, антысаветчыкі».

Не так даўно я дазнаўся, што пасля дваццатага з’езда Цокур звольніўся з гэтай сістэмы, пайшоў у гаспадарнікі, паціху з гора спіўся і дачасна памёр. Відаць, замучыла сумленне, што і ён удзельнічаў у страшнай трагедыі. Прыкладна гэтак жа склаўся лёс здольнага і начытанага былога начальніка КВЧ Вені Камракова. Пасля лагера ён працаваў у раённай газеце недзе ў Кастрамской вобласці. Пасля маёй рэабілітацыі сустрэў у друку маё імя, адшукаў, і ў нас завязалася перапіска. У кожным лісце былі жаль, адчай, расчараванасць. Аднойчы паведаміў, што кладуць яго ў наркалагічны дыспансер. Дачка з пераломам нагі трапіла ў бальніцу. Дома яшчэ двое дзяцей і ні капейкі грошай. Я ведаў сумленную і прыгожую эвакуіраваную з Тарапца Лізу. Яна выйшла замуж за Камракова. Былі шчаслівыя, але нядоўга. Спагадаючы ёй, я пабег на пошту і тэлеграфам паслаў дзвесце рублёў. Дзякуючы за грошы і ўвагу, расчуленая Ліза пісала, што Веню замучылі кашмары, бяссонне і галюцынацыі, ён запіў, некалькі разоў зрываўся з работы, сям’я трапіла ў вельмі цяжкае становішча.