Выбрать главу

Так канчалі сумленныя людзі, якіх зацягнула ў сваё жэрла страшэнная машына тэрору, зрабіла ўдзельнікамі крывавых злачынстваў. Адны співаліся, некаторыя канчалі самагубствам. А грыгарэнкі, русаковы, фамічовы жывуць на добрых пенсіях, і не мучыць іх сумленне, бо чаго няма, таго няма, не сняцца ім Плужнікавы, Сінякіны, Пекаравы і Удавічанкі — пастраляныя на вахце за «контррэвалюцыйны сабатаж», сотні замардаваных імі невінаватых і таленавітых людзей. Яны жывуць і ганарацца, што служылі ў «органах», стаялі на варце «дзяржаўнага спакою і бяспекі».

Можа, гэтае адступленне здасца лішнім і нясвоечасовым, а мне думаецца — неабходным у гэтым невялічкім раздзеле.

Летам сорак чацвёртага года загадалі з упраўлення падаць на станцыю Пруды дзесяць фурманак пад этап. Што за важны «кантынгент» прыбывае, не здагадваўся ніхто. Фабрыцы трэба былі матарысткі, і чакалі жанчын. Пасля паўдня на вахце ссаджвалі з фурманак нейкіх шэрых, з пасінелымі тварамі і вялікімі вачыма жанчын невядомага ўзросту. Апранутыя ў пажоўклыя ад пражарак транты, усе стрыжаныя, прыбылі блакадныя ленінградкі. У іх поглядах былі абяссэнсеная абыякавасць і нявыплаканая туга. Вялі іх усяго тры канваіры, яны і без канвою лішняга кроку зрабіць не маглі.

Мы чулі пра блакаду Ленінграда, ведалі, што тры гады, кінуты на пагібель, з голаду выміраў вялізны горад. Калі гэтыя, яшчэ жывыя, падобныя на шкілеты, дык якія ж назаўсёды засталіся там, якіх ужо не суцешаць шчырыя словы вялікай пакутніцы Вольгі Бергольц: «Нішто не забыта, ніхто не забыты». Гэта для жывых, а што для тых, замучаных па волі ап’янелых ад крыві катаў? Мільёны таленавітых, магчыма, геніяльных, так і не ашчаслівілі чалавецтва сваімі адкрыццямі і сілаю светлага духу.

За што ж трапілі ў лагер гэтыя пакутніцы? Артыкулы ў іх былі самыя розныя: ашуканства, падробка дакументаў, растрата, крадзеж і нават марадзёрства. Хадзячых адпраўляюць у барак. З фурманак каго вядуць, каго нясуць. Разам з начальнікамі этап прымае зняволеная доктарка Міна Сіманаўна Галаўчынер. Нямоглых забірае ў стацыянар, рухомых — у слабасілку. Аглядае, распытвае, а сама ледзьве стрымлівае слёзы: у Ленінградзе засталіся яе блізкія. Дзе яны, што з імі, — нічога не ведае. Па гэтых шкілетах відно, што перажылі людзі халоднага і галоднага горада. У давяршэнне пакут гэтыя няшчасныя трапілі яшчэ і ў няволю. А за што? Гэтае пытанне штодзённа муляе кожнага з нас. Што ж зрабілі гэтыя вялікія пакутніцы? У аднае памерла сястра, а яна яшчэ тры дні па яе картцы атрымлівала сто пяцьдзесят грамаў эрзац-хлеба, другая падрабіла талон, трэцяя выцягнула картку з кішэні мёртвага. А за гэта — турма, лагер, тэрмін — пяць, восем і дзесяць гадоў.

У некаторых нашых ленінградак пачаўся галодны псіхоз: яны забываліся сваё імя, выскаквалі з барака голыя і ноччу беглі ў сталовую, у іх не заставалася адзнак жаноцкасці — здавалася, ледзь перастаўляе ножкі-цырубалкі стрыжаны, бязгруды падлетак. Ім усе спагадалі. Міна Сіманаўна дамаглася, каб іх кармілі патрошку чатыры разы на дзень, у санчасці варылі хвойны настой і кожнай давалі кубачак горкага зеленаватага пітва, Цокур загадаў даваць ленінградкам сырую гародніну. Яны пакрысе ажывалі, цверазелі, а маглі толькі есці, і то пад наглядам доктара, каб не душыліся, не глыталі непажаванае. Але парадак ёсць парадак: прыбыў этап, павялічваецца і план. Начальнік вытаргаваў для ленінградак два тыдні на папраўку.

Агаладалыя людзі папраўляюцца на вачах, ружавеюць, ажываюць вочы, паступова вяртаецца сіла. Папаўзлі і ленінградкі на фабрыку насцілаць вату, падбіраць абрэзкі ў закройным цэху, а потым садзіліся і за матор. Спачатку шылі рукавіцы, бялізну, маскхалаты, а там узяліся і за целагрэйкі. Што выжылі, што ажылі, яны былі абавязаны Цокуру, Міне Сіманаўне і аграному Бахціну. Этап з таго свету ўсё ж вярнуўся на зямлю.

Праз пару месяцаў яны ўжо не пазнавалі адна адну, з «гідкіх качанят» выпростваліся прывабныя жанчыны і ўжо некаторыя цішком прашмыгвалі ў мужчынскія баракі. Інтымныя адносіны ў лагеры катэгарычна забараняліся. Начамі па ўсіх закутках шасталі з ліхтарамі дзяжурнякі і вылоўлівалі «парушальнікаў рэжыму». Калі прывялі да начальніка першую ленінградку, ён разрагатаўся і пахваліў: «Ну, малайчына. Значыць, будзеш жыць. А каб іншыя не бегалі, астынь да раніцы ў ізалятары»