Жан i Жора
Падстрыгаць і галіць начальніка прыходзіў у кабінет цырульнік Жора Слушнік, адэсіт, засуджаны за дробны крадзеж на чатыры гады. Майстра ён быў здатны: нажнічкі вакол калматай Цокуравай галавы звонка цокалі і ляскалі, як ластаўчын хвост, брытваю, здавалася, не дакранецца да шчакі. А як ён выстрыгаў валасінкі з вушэй і ноздраў, як падбрываў шыю! Ад масажу спрытнымі далонямі начальнік жмурыўся, як сонны кот. Паслугамі ў кабінеце яшчэ карыстаўся начальнік оперчэкісцкага аддзела, невысокі, рыхлаваты лейтэнант у рагавых акулярах, і нават у пакоі — у блакітнай фуражцы.
Цырульня была пры лазні. Жора старанна стрыг брыгады, далікатна брыў патаемныя мясціны пры санапрацоўцы жанчын, не дазваляў лішняга дотыку і руху. Некаторыя свавольныя блатнячкі гаварылі пры ім непрыстойнасці, спакушалі яго, а Жора толькі мыкаў, круціў галавою і часам чырванеў. I начальнік пры ім гаварыў па тэлефоне або падначаленым тое, чаго зэкі ведаць і чуць не павінны. Жора быў глухі як пень і без’языкі. Казалі — на павале яго накрыла елка, пахвастала веццем спіну, сучком параніла патыліцу, з тае пары ён страціў слых і мову, разумеў толькі на мігах або па запісках. На пытанне, якая спецыяльнасць, адпісаў «палікмахер». Так ён і трапіў на трэці лагпункт.
Выклікаў яго да начальніка звычайна высокі статны румын Траян Унгурану. У яго была паралізавана левая рука, а праваю ён спрытна скручваў цыгарку, чыркаў запалку, запальваў ліхтар. Па фармуляры ён быў Траян, а звалі яго прасцей — Жанам. У вайну ён трапіў у Бесарабію, затрымаўся там, а прыйшлі нашы, западозрылі ў шпіянажы, засудзілі на восем гадоў, і Жан апынуўся ў лагеры. Але які з яго рабоцька з адною рукою? Вось і далі ліхтар «лятучая мыш», абавязалі будзіць і выводзіць на вахту брыгады, сачыць, каб парадкам ішлі ў сталовую, каб пасля адбою не цягаліся па зоне, не цурчэлі з ганкаў сонныя рабацягі, каб у мужчынскія баракі не забягалі жанкі. Не чапаў ён толькі капцёраў, кухараў, пекараў і хлебарэза, не заўважаў, калі бегалі да сваіх хахаляў фабрычныя брыгадзіркі і кладаўшчыцы.
Начамі для большай пільнасці і адказнасці разам з Жанам дзяжурыла вольнанаёмная Дуська. Шчыгаляла яна ў зграбным шыняльку, хромавых ботах і ссунутай на правае вуха пілотцы. Звечара яны паганяюць распусніц, каго-небудзь замкнуць у кандзей, а самі з пачуццём выкананага абавязку па ўмацаванні маралі зняволеных заваляцца ў баковачцы пры ізалятары і спакойна спяць у абдымку да пад’ёму.
Ад брыгадзірак Жану перападалі катушкі нітак, ад кладаўшчыцы ладныя кавалкі тканіны. Усё гэта Дуська заганяла за зонаю, мела сабе капейку і Жану прыносіла кавалак скароміны, а часам і пляшку самагону.
Цырульнік жыў пры лазні, вечарамі ён не замыкаў дзверы. Тады пракрадаліся ў прылазнік Жан з Дуськаю, ведаючы, што пра іх нямы Жора нікому нічога не скажа. Пры ім гаварылі ўсё, што хацелі, кпілі з яго, а ён і вухам не вёў. Калі Жан прыводзіў Жору да начальніка, той жартаваў: «Тры рукі і адзін язык на дваіх».
Тэрмін у Жоры набліжаўся «да званка». Ён старанна збіраўся на волю: выменяў у некага з новенькіх зграбныя карычневыя штонікі, цёмна-сіні пінжак, рабенькую кепачку-васьміклінку. Ён ведаў, што яго не затрымаюць да асобага распараджэння, як «контрыкаў», артыкул і тэрмін у яго быў «дзіцячы», да волі заставаліся лічаныя дні. Ужо загадалі здаць цырульню, афармлялі дакументы на вызваленне, выпішуць на каменданцкім лагпункце пашпарт з мінусамі, і — каці Жора на Чорнае мора.
Без выкліку Жора сам прыйшоў у кантору і пастукаўся ў кабінет начальніка, увайшоў і выразна, трохі асіплым голасам павітаўся. Цокур ускочыў з крэсла, залыпаў вачыма і пасля паўзы прамовіў: «А ядры тваю качалку, дык ты гаварыць навучыўся, га?» — «Не, грамадзянін начальнік, ледзь не развучыўся за тры гады, але затое жыццё выратаваў. На павале даўно б загнуўся. Унь колькі маіх карашкоў вывезлі за вахту. А цяпер даёш Адэсу-маму, а не пусцяць, усё адно на поўдзень махну. Намёрзся, аж душа да рабрын прыстыла». — «Як жа ты тры гады цярпеў і не сказаў ні слова?» — «Думаеце, лёгка было, калі вы пацяшаліся і мужыкі кпілі, а шалашоўкі на нос вешаліся. Аднаго баяўся — загаварыць спрасоння. Калі жыў у бараку, нанач, нібы зубы баляць, ручніком сківіцы падвязваў. Ох і напакутаваўся ж, сам з сабою загаварыць баяўся, язык да крыві прыкусваў, а гэта пакута; але лепш, чым пілаваць табе-сабе-начальніку. Вам вялікі дзякуй — трымалі і падкармлівалі, і што пры вас брыць-стрыгчы налаўчыўся». — «Ну ж і сучы сын! Колькі ж ты нас, дурняў, за нос вадзіў?» Цокур націснуў кнопку званка. У кабінет увайшла дзябёлая сакратарка з эвакуіраваных. «Палюбуйся, Аня, на гэтага мазурыка. Ён не толькі гаварыць, спяваць умее. Ну, урэж, Жора, «С одесского кичмана бежали два уркана». А ў Адэсу цябе не пусцяць. Горад рэжымны». — «Нічога, Крым вялікі, аднаму чалавеку заўсёды месца знойдзецца. Пастараюся сюды болей не залятаць, таварыш начальнік. Цяпер так можна?» Начальнік паляпаў яго па плячы: «Ну, артыст! Давай чашы, як некалі казалі, з Богам». — «А ведаеце, як вас некаторыя завуць? Баця». — «Гэта не падымае мой аўтарытэт. От і ты мяне ашукаў. Ну, давай», — і Цокур падаў яму руку.