Мы развітваліся з Жорам каля вахты. Ён ніяк не мог нагаварыцца, вочы засвяціліся розумам і весялосцю, калі падрабязна расказваў пра сваё развітанне з Цокурам.
Я ішоў у кантору каля акна начальніка, ён пастукаў у шыбу і загадаў тэрмінова прыслаць да яго Унгурану. Я ведаў, што Жан дзяжурыў ноч і, напэўна, моцна спіць. Дзверы ў яго кабінку адчынены і завешаны ад мух і камароў рудаватаю ўпаковачнаю марляю. На тапчане ў адных сподніках спаў Жан. У пакоі звінелі мухі, біліся ў шыбу, поўзалі па недаедках на стале, а вялікая сіняя гула над змакрэлым ілбом. Як толькі яна садзілася, Жан спрытна леваю рукою зганяў яе. Я глядзеў і не верыў сваім вачам. Гэта ж трэба: толькі што загаварыў глуханямы Жора, а тут паралізаваная рука спрытна зганяе мух.
Я ведаў, як прыдзірліва дактары правяралі Жана, пакуль прызналі інвалідам, — калолі іголкамі, прыпальвалі: не здрыгануўся ніводзін мускул. От гэта вытрымка, каб толькі выжыць. Я разбудзіў яго. Ён пры мне апрануўся адною рукою, а левая зноў целяпалася, як вераўчаная. Я глядзеў і ўсміхаўся. «Ты чаго лыбішся?» — «Кладзешся спаць, прывязвай руку да нагі. Я нічога не бачыў, а ты маю параду запомні». Жан пачырванеў, паціснуў мяне за локаць і хуценька пабег да начальніка.
Трывогі i надзеі
Вайна адкочвалася на захад, і ў бараках ад пад’ёму да адбою не выключаліся чорныя талеркі рэпрадуктараў. Радаваў кожны загад пра вызваленыя гарады, водгулле салютаў хвалявала і абнадзейвала. Мы ж чыталі і чулі толькі пра поспехі і перамогі, пра ахвяры фашыстаў і нічога не ведалі, колькі пралілося і яшчэ пральецца крыві лепшых людзей нашай зямлі.
У зводках мільгалі знаёмыя гарады і паселішчы. Калі назвалі мой Глуск, я не мог стрымаць слёз, нават не ўяўляў, што некалі зноў прайдуся па яго вулачках, паплавах і ўзбярэжжах Пцічы. Самым найвялікшым жаданнем кожнага з нас было заканчэнне вайны: перамога абяцала і нам свабоду. Усіх асуджаных па 58 артыкуле затрымлівалі да «заканчэння вайсковых дзеянняў», а потым «да асобага распараджэння». Затрыманы быў і мой даўні друг Алесь Пальчэўскі. Нас разлучылі да вайны на шостым лагпункце. Доўга мы нічога не ведалі адзін пра аднаго. Выпадкова ад экспедытара даведаўся, што Алесь загадвае інструменталкаю на васемнаццатым лагпункце, і пераслаў яму кароценькую пісульку. Месяцы праз два той жа экспедытар прывёз адказ. Пальчэўскі пісаў, што адбыў свае восем гадоў, затрыманы да канца вайны, заканваіраваны і адпраўлены зноў на павал. От табе і адбыў пакаранне! От табе і в-о-л-я! «Калі зможаш перацягнуць на свой нелесапавальны лагпункт, — прасіў Алесь, — дапамажы і выратуй».
А мне ж так заўсёды яго не хапала, самага надзейнага, шчырага і разумнага старэйшага таварыша. Падцікаваў добры настрой у начальніка і пайшоў упрошваць паслаць нарад на спецыяліста на ўсе рукі Алеся Пальчэўскага. «Ты як той цыган, каня прадаеш. Скажы, што дружка хочаш выручыць». — «Угадалі, грамадзянін начальнік. Чалавек адбыў тэрмін, і на табе, заканваіравалі, пілу — у зубы і пагналі на павал». Цокур памаўчаў, ссунуў з ілба шапку на патыліцу і буркнуў: «Ладна. Прыдумай паперу ў другі аддзел. Падпішу». У той жа дзень заяўка на «выдатнага інструментальшчыка» пайшла ва ўпраўленне.
Тыдні праз два па гразкай, размытай дажджамі дарозе канвой прывёў некалькі чалавек з бальніцы і з імі худога і цыбатага, у кароткім бушлаце, з фанерным чамаданам за плячыма Алеся Пальчэўскага. Мы абняліся і доўга не маглі нагаварыцца, а ўспомніць было што: думалі, што Мяжэвіч з Такарчуком даўно на волі, можа, недзе ваююць, шкадавалі, што не паспелі выклікаць на пераследства нас, бо нічога не ведалі пра трагічны лёс нашых сяброў, якіх заспела вайна ў мінскай турме.
Алеся ўладкавалі на самую блатную работу — кантралёрам па якасці шавецкай шпількі. Яе з бярозавых цурачак стругалі сцізорыкамі інваліды і здавалі ў канцы дня кантралёру. Мы з Алесем адводзілі душу гаворкамі па-беларуску, успаміналі даўніх сяброў, Дом пісьменніка і не ўяўлялі, хто там астаўся, здавалася, выкарчавалі ўсіх да аднаго.