Праз пару месяцаў мяне парадаваў Алесеў ліст: яго ўзялі на выкладчыцкую работу ў Рудзенскую школу. Гэта абнадзейвала і мяне, і я часцей задумваўся, куды мяне закіне лёс, дзе тая хата, што прытуліць мяне, дзе тыя людзі, што падтрымаюць або адштурхнуць назаўсёды: у мяне ж яшчэ пяць гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. Хто адважыцца ўзяць на работу з такою анкетаю? Усё было ненадзейна і няпэўна. Маглі ж мяне пакінуць «до особого распоряжения», вызваліць без права выезду з лагера, мог «кум» па любым даносе стукача навесіць новы тэрмін, трэба ж было яму адрабляць сваю зарплату. Ніхто з нас не ведаў, што яго чакае заўтра, думалася самае горшае.
У ліпені 1946 года маёй дачушцы быў год і пяць месяцаў, і Аля адважылася прывезці яе на знаёмства з бацькам. Дабіраліся яны доўга, у брудных перапоўненых вагонах, з перасадкамі, валяліся на заплёваных вакзалах, але неяк даехалі. Аля дамаглася дазволу толькі на «асабістую перадачу» — на вахце аддаць з рук у рукі сухары, махорку і развітацца. Але ж я быў бесканвойны. Са згоды начальніка пасяліў сваіх дзяўчат у пакойчыку Мішы Капітанакі пры ветлячэбніцы і патаемна, каб не ведаў камандзір узвода і ўпаўнаважаны оперчэкісцкага аддзела, наведваў іх кожны дзень. Беленькая чарнавокая дачушка на першым часе цуралася мяне, не ішла на рукі, не хацела ніяк называць, а я так марыў пачуць з яе вуснаў «тата». Яна яшчэ доўга дзічылася і не прызнавала мяне. Каб ніхто не бачыў, мы ўтраіх хадзілі ў лес збіраць суніцы, пару разоў наведвалі на пасецы суровага з выгляду і добрага душою Самсонава. Я рабіў вялікі крук і ў зону вяртаўся з другога боку, бо маглі ж мне навесіць новы тэрмін за парушэнне рэжыму і сувязь з вольнымі, але мы былі навучаныя горкім вопытам, і добрыя людзі ахоўвалі ад турэмшчыкаў наша маленькае крадзенае шчасце. Развітваючыся, я ўпершыню пачуў «папа», зайшлося ад радасці сэрца, горла перахапіў даўкі камяк.
Як жа мне было горка і цяжка без іх аднаму аставацца, не ведаючы, што мяне чакае ў будучым. Пасля амністыі паменела людзей, заставаліся «эсбээмаўцы», былыя старасты і паліцаі, дабывалі свае дзесяцігодкі «контрыкі» пяцьдзесят восьмай пробы, узору 1937 года. У маім самаробным календары ўсё меней і меней заставалася рысачак да запаветнай даты — 19 кастрычніка 1946 года.
Ад’езд
Дачакаўся! Еду на каменданцкі лагпункт афармляць дакументы на вызваленне. Тут сказалі, што часовы пашпарт і даведка пра адбыццё тэрміну будуць гатовы толькі праз тыдзень. Чакаю ў палатцы разам з амнісціраванымі, вызваленымі, «абмежаванцамі», з крымінальнікамі і нашым братам — «палітыкамі».
На каменданцкім лагпункце база лагернай агітбрыгады. Ёю кіруе напалову вызвалены мой даўні прыяцель Амар Галімавіч Дзевішаў. Брыгада дае канцэрты, ставіць спектаклі і аперэты. Таленавітыя аматары і прафесійныя артысты — эстонская спявачка Элен Рэйнап, колішнія салісты Беларускага радыё Вастокаў і Швайко, драматычны акцёр Курбатаў сталі любімцамі зняволеных і вольных.
Агітбрыгада рыхтавалася да свята Кастрычніка і рэпеціравала «Любоў Яравую» Транёва. Амар Галімавіч запрасіў мяне на рэпетыцыю ў клуб вольнанаёмных. Рэжысёр і акцёры выкладаліся з апошніх сіл, праганялі па некалькі разоў кожны эпізод, бясконца паўтаралі поўныя рэвалюцыйнага пафасу маналогі, а за кулісамі стралкі з вінтоўкамі пільна ахоўвалі герояў аднае з рэвалюцыйнейшых п’ес.
Туляцца ў тлумнай палатцы мне надакучыла, і я з пропускам вярнуўся на свой лагпункт да айца Іосіфа. Праз два дні мяне ў зоне «засёк» камандзір узвода Грыгарэнка і загадаў, каб і духу тут майго не было. «Ты ж вольны ўжо і не маеш права знаходзіцца ў месцы зняволення!» Выручыў Цокур: дазволіў пабыць, пакуль аформяць дакументы.
Кухары далі мне пакунак залітых лоем нырак, капцёр — пару рыбін, пекары — буханку хлеба, каб на першым часе не галадаць у дарозе. Я развітаўся з усімі знаёмымі і зайшоў да начальніка. Ён паціснуў руку і шчыра пажадаў дабра.
З блакітнаю паперкаю — гадзічным пашпартам і даведкаю аб вызваленні — ледзьве ўдалося ўзяць білет на цягнік да Масквы. На вакзале і вакол яго людзей процьма. Цягнікі дальняга следавання спыняюцца толькі на хвіліну. Увесь апантаны натоўп рынуўся да вагонаў, а дзверы не адчыняюцца, хапаюцца за парэнчы, паказваюць білеты, грукаюць, мацюкаюцца, крычаць, праз брудныя шыбы ў дзвярах пазіраюць і круцяць галовамі абыякавыя правадніцы. Перада мною расчыніліся дзверы, і нехта сышоў з прыступак. Я ўхапіўся за парэнчу, другою рукою прасунуў на пляцоўку фанерны чамадан, цягнік крануўся, а тоўстая, рудая, як сланечнік, правадніца спіхвае мяне на хаду. Мільганула думка: вось і «вызваліўся», зараз бразнуся пад колы — і канцы, ніхто і не дазнаецца, дзе дзеўся, Аля падумае — збег, нягоднік. Я з апошніх сіл адштурхнуў правадніцу рубам чамадана і ўціснуўся ў тамбур, нагою прыкрыў за сабою дзверы, каб не выштурхнула. Правадніца падняла лямант. З вагона выйшаў малодшы лейтэнант унутраных войск. «Ты што хуліганіш? Не паспеў выскачыць з лагера, зноў захацеў за калючы дрот?» Запыханы, знерваваны, я слова сказаць не магу, а ён мяне ўсё бярэ на цыгундар, пагражае ссадзіць на бліжэйшай станцыі. Я паказваю білет, але не даю ў рукі, каб не парвалі.