Усе начавалі покатам у клубе на бруднай падлозе. Заўтра нас разбяруць новыя гаспадары. На досвітку нехта выйшаў на двор і прыбег узрадаваны: «Хлопцы, а канвою няма!» Павыскаквалі і мы. Калі доўга ходзіш пад канвоем, выпрацоўваецца ўнутраны тормаз: спыніўся канваір, стаіш і ты, каб не палічылі ўцекачом і не спісалі па акце. Калі першы раз вызваліўся, доўга хадзіў азіраючыся, — дзе ж мой канваір? А тут хоць і адносная, усё ж воля.
Уставалі ўсе памятыя, з азызлымі шэрымі тварамі, зарослыя і даўно не мытыя. У клубе нават вядра з вадою няма. Каля сталоўкі знайшлі студню з цяжкім абледзянелым вядром, але як мыцца, калі мароз пад трыццаць. Неба паружавела і ачысцілася, усход злавесна малінавы, над высокімі сумётамі сцелецца туман. Павыходзілі на двор, праціраем рукі і твары шорсткім снегам. Ён зашклёны тоўстым настам, прабіваем яго нагамі і выграбаем сыпкі, колкі снег.
Учора даелі сухі паёк — паўгарбушкі і салёную рыбіну. На гэтым дзяржаўнае ўтрыманне кончылася; ты ж «вольны» чалавек, сам думай, дзе жыць, на чым спаць, што есці. Гэта заўтра, пазаўтра, а цяпер жа трэба нечага ўкусіць. Амаль ні ў кога грошай няма. Іх забралі ў турме, выдалі квіткі і сказалі, што атрымаем на месцы. Але ніхто на нашы квіткі не паглядзеў і слухаць не стаў пра грошы. «Прыйдуць, атрымаеце». Толькі ніхто і не дачакаўся тых слёзных рублёў, што адрывалі ад дзяцей і пасылалі нам у турму.
А я сябе адчуваў багацеем: яшчэ ў Мінску жонцы ўдалося праз нейкага спагадлівага наглядчыка перадаць мне вялікую сторублёвую купюру з малюнкам Крамля пасярэдзіне. Цяпер гэта дзесяць рублёў, а тады здавалася унь якім багаццем. Мне ўдалося іх пранесці праз самыя прыдзірлівыя «шмоны». Дапамог шматгадовы вопыт. Цяпер яны, як ніколі, спатрэбіліся. У Біязу нас прызначылі чатырох, і я сваіх будучых аднавяскоўцаў запрасіў у сталоўку. «Ё-о-о… ма-ё-о!» — усклікнуў Кінаш, угледзеўшы туга скручаную сторублёўку. Я ўсім заказаў па гуляшу пад слізкаю белаю падліўкаю, хлеб і чай. Мы нарэшце адчулі пах і смак «вольнага» харчу. Рэшту грошай па агульнай згодзе пакінулі да месца, каб было за што тэлеграмаю паведаміць свой адрас. За суседнім сталом малдаўскі свяшчэннік шчодра частаваў сваіх спадарожнікаў. Ад яго пасля было даволі многа клопату калгасу: неўзабаве яму пачало прыходзіць мноства пасылак, і старшыня вымушаны быў кожны тыдзень пасылаць на пошту фурманку. Прыходзілі і грашовыя пераводы на буйныя сумы. Не заўсёды на пошце хапала наяўнасці, каб аплаціць іх. Завялі ашчадную кніжку. Здаралася — калгасу тэрмінова трэба былі грошы, і старшыня мусіў пазычаць іх у ссыльнага папа. Ён рабіў далікатныя, прыгожыя і звонкія дзежачкі, даёнкі, ражкі і кадушкі ў абсталяванай для калгаса бандарні, пасылкамі і грашыма дзяліўся з бяднейшымі ссыльнымі, не пісаў ніколі скаргаў і хадайніцтваў, суцяшаў сябе і знаёмых: «Да будет на земле мир и в человецех благоволение». Мабыць, ён быў шчаслівы чалавек, бо цвёрда верыў у нейкую вышэйшую ісціну і ўсіх суцяшаў, што няма нічога вечнага на зямлі і нашы пакуты не вечныя. Без веры нельга жыць. Верылі і мы ў лепшае, таму і выжылі.
Многія з ранку раз’ехаліся, а нас забіраць не спяшаліся. Сланяліся мы па раскіданым, нейкім пустынным раённым сяле. Непадалёк ад клуба стаяў двухпавярховы драўляны «дом урада». Я зайшоў, убачыў шыльдачку райана і вырашыў папытаць шчасця. У маленькім пакойчыку сядзеў чарнявы малады загадчык па прозвішчы Смык. Я спытаў, ці не трэба ім выкладчыкі мовы і літаратуры. Яшчэ як патрэбны: ніводная школа не ўкамплектавана настаўнікамі з вышэйшай адукацыяй. А як толькі даведаўся, як я трапіў у іх раён, адразу спахмурнеў і пачаў выкручвацца, што трэба параіцца, і тыцнуў пальцам у столь. Мы зразумелі адзін аднаго і ветліва рассталіся. Толькі ў нашым этапе было чалавек пятнаццаць настаўнікаў з вышэйшаю адукацыяй і вялікім вопытам, але ўсе яны раз’ехаліся на калгасныя фермы і лесанарыхтоўкі. Там яны былі неабходней, чым у школах.
Дзень раз’ясніўся. Пранізліва-сіняе неба аж зіхаціць халоднаю эмаллю. Абапал сонца ў брыжастым арэоле стаялі размытыя вясёлкавыя слупы. Снег аж слепіць вочы. Над комінамі плывуць белыя дымы, а ўдалечыні — застыла заінелая тайга. Па нас прыехаў прыгожы хлопец у рудой з сабачага футра дасе і вялікай калматай шапцы. Мы радыя, што нарэшце будзем мець нейкі пэўны прыстанак і зможам паслаць вестачку сям’і.
Зірнуў фурман на нашу «экіпіроўку», пакруціў галавою. Я спытаў, колькі кіламетраў ехаць. «Мне трыццаць, а вам… самі пабачыце. Умошчвайцеся, мужыкі». Мы паглядзелі адзін на аднаго — сапраўды, наш гардэроб быў не па сезоне. Маё пальцечка працерлася на сіта, з пальчатак тырчалі пальцы, Кінаш з Мартынавым дрыжалі ў дзіравых целагрэйках. Трохі спраўней быў апрануты Вацлаў Іванавіч. Мы шчыльна ўселіся на сані, прыцярушаныя аўсянаю саломаю, фурман сцебануў ляйчынаю калматага заінелага коніка, і ён патрусіў па зіхатлівай раскатанай дарозе.