Уз’ехалі на дрыготкі мост цераз раку Тартас, і з усіх бакоў адкрылася бясконцая тайга. Пакуль ехалі сялом, наш фурман маўчаў, а тут разгаварыўся:
«Нейкія вы, мужыкі, больна рахманыя. А я думаў: о-го-го адпетыя арыштанты, а гляджу — нейкія зачуханыя ворагі народа. Няўжо і праўда ворагі?»
«Хто табе сказаў, што мы ворагі? Ты — народ, а мы, выходзіць, не народ, а ворагі народа? Га?» — спытаў Кінаш.
«Упаўнаважаны з раёна сказаў. Сабраў усіх у клуб і дакладваў: так, мол, і так. У сяло прыбудуць ссыльныя ворагі народа. Што за яны? Шпіёны, кажа, шкоднікі, контррэвалюцыйныя агітатары. Гэта яны забілі Кірава, атруцілі Горкага, узрывалі масты. Кватараваць будуць у вас, але каб дружбы і спагады — ніякай, а калі пачуеце варожыя разгаворчыкі, нямедля саабшчаць куды следвае. За неданасіцельства — стацця гласіць ад трох да пяці. От так наказваў. А нашы не пудкія, яшчэ за царом тут ссыльных перабывала цьма. Многія абжыліся і ўнукаў даўно пагадавалі. Усялякі народ быў. Так што не дзівіцеся, калі каторы нешта вякне. Гэта ён — для палітыкі».
Стала сумна, што нас так атэставалі. У лагеры ўсе былі аднолькавыя, а тут хто захоча плюне ў вочы, утрэшся і змоўчыш. Цябе ж і за чалавека не лічаць. Змрочныя думы ніяк не пасавалі да бясхмарнага сіняга неба, да прыбранай у зіхоткія каралі тайгі, халоднага, але яснага сонца. А мароз смаліў бязлітасна: дзеравянелі шчокі, заходзіліся рукі ў дзіравых пальчатках. Мы прыхінуліся адзін да аднаго, а спіна ўсё адно дранцвела ад напружання. Конік бег спорна, сані віхляліся на раскатах, падскоквалі на глызах і выбоінах.
Наш вазак строс з рукі вялікую калматую рукавіцу, дастаў з-за пазухі «чакушку» гарэлкі, зубамі выцяг і сплюнуў кардонны корак і працягнуў пляшку старэйшаму з нас — Вацлаву Іванавічу: «Каўтні, баця, для сугрэву і перадай другому». Мы па чарзе пацягнулі па добрым глытку, і з непрывычкі закружыліся ўваччу калматыя елкі і прыдарожныя хмызнякі, нейкае імгненне здавалася, едзем на парцы коней. «Дасмоктвайце», — буркнуў Вася, так яго звалі, потым выцяг з-за пазухі другі «чакан» і адным махам уліў у сябе, уцёрся, хвастануў каня, і сані памчаліся спарней. Пасля таго глытка нібыта пацяплела і напала дрымота. Сані пераскочылі невялічкі масток, матануліся на раскаце, і я ўбачыў, што пераехалі вузкую, пакручастую, ледзь прыхопленую на закрайках рачулку. Дзіўна: трыццаціградусны мароз, а рэчка цячэ. «От і наша Біязінка, — паведаміў Вася, — уся на крыніцах. Ніякі мароз не бярэ».
Дарога выскачыла на гала. Непадалёк віднеліся хаты, стаялі дымы над камінамі, а наўкол срабрылася тайга. Вось і наш прыстанак. Усюды — снежны прастор і глухая да звону ў вушах цішыня. Усё сяло абнесена высокім плотам. Пры ўездзе ледзь ліпяць на адной закрутцы вароты. Уехалі ў вуліцу. Абапал нізкія хаты з маленькімі вокнамі, відаць, каб трымалася цяпло, ні дрэўца, ні студні не відно. Я даймаю Васю пытаннямі. Ён ахвотна тлумачыць: сяло абнесена паскоцінай — улетку з пашы прыганяюць скаціну, зачыняюць вароты, каб не ўбілася ў шкоду, і яна ўсю ноч дапасваецца на мураве вакол сяла. А студні не патрэбны — круглы год бяруць чыстую крынічную ваду з Біязінкі.
Мы спыніліся каля канторы арцелі «Прагрэс». Ну і кантора! Цесны закураны катух вясковай хаты з бляшанаю печкаю пасярэдзіне і двума пашарпанымі сталамі. Прыняў нас прысадзісты шыракатвары тэхнарук Проня Красцянаў, у ватніках, целагрэйцы і закасаных катанках, за другім сталом сядзеў сухі, з тварам праведніка, даўно не голены бухгалтар Ціхан Каргаполаў. Проня пацікавіўся, адкуль мы, што ўмеем рабіць, дзе працавалі. Майстры расказалі пра сваю кваліфікацыю, а мне, як таму самазванцу, стала горача і брыдка. Нешта прамармытаў пра камбінат, а сам падумаў, што ўжо не адрозню адборнік ад шаршэбкі. Проня з Каргаполавым узрадаваліся ганчару Мартынаву. У «Прагрэса» адкрываліся новыя магчымасці і перспектывы. «Але куды вас прыстроіць, мужыкі?» — пачухаў патыліцу тэхнарук. «Пакліч Варку, Настассю, Хімку і Мінадору. Удовы яны спраўныя, а мужыкі каму не трэба?» — параіў бухгалтар.
Праз паўгадзіны нас аглядалі чатыры кабеты ў цёплых хустках, хто ў плюшаўцы, хто ў кажушку, хто ў целагрэйцы. Шыракаклубая, зіркатая і гаваркая Настасся Яроміна адразу ўхапіла і павяла Мартынава. Вацлава выбрала сабе драбнатварая, з мышынымі вочкамі Керпіха. Мяне і Кінаша спагадліва агледзелі, паківалі галовамі дзве кабеты і падаліся да дзвярэй. «Куды ж вы, бабанькі?» — спахапіўся Проня. «Людскіх мужыкоў Настасся з Варкаю ўхапілі, а нам дахадзяг пакінулі. Хіба ты іх будзеш на палаці падсаджваць? Адны штаны невядома на чым целяпаюцца», — адсекла маладзейшая, і абедзве шаснулі з канторы.