А мы, забракаваныя і збянтэжаныя, пазіралі на разгубленага Проню. Ён толькі развёў рукамі. «Відаць, гэтым ласіцам не кватаранты, а добрыя стаднікі трэба?» — запытаў Зміцер Сцяпанавіч. Проня адказаў спагадліва на поўным сур’ёзе: «Засухастоіліся бабы. Часам падлеткамі не грэбуюць. А вы і праўда ташчыя, як веснавыя прусакі… Куды ж вас дзець, мужыкі?» — «Да панядзелка няхай у мяне перабудуць, — згадзіўся бухгалтар, — а там, можа, Кузьміча ці Мітрафанавіча ўгаворым». Ён вылез з-за стала і, накульгваючы, зняў са сцяны паўкажушак, уздзеў старую салдацкую шапку, буркнуў: «Хадзем» і павёў доўгаю вуліцаю аж у канец сяла.
На задах агародаў дыміліся лазні, пахла дымам, вільготнаю сажаю і распаранымі венікамі. Мы аж спыніліся, угледзеўшы на заснежанай сцежцы некалькі кабет у сподніх кашулях, проставалосых, у атопках на босую нагу. Яны паволі ішлі, жартавалі, абсыпаліся снегам, а над расчырванелымі целамі струменіла пара. А пажылі — і не да таго прывыклі.
Сонца зайшло, заліўшы край неба густым журавінавым сокам. Сустрэчныя віталіся з Каргаполавым і пыталіся, каго гэта ён вядзе. «Ссыльных у арцель прыгналі. Вяду на начлег». Пра нас, як пра глуханямых, гаварылі ў трэцяй асобе.
У чыстай, з вышараванай, як жаўток, падлогай хаце было ціха, утульна і цёпла. У кухні нас сустрэла высокая даўгатварая ў кажушнай безрукаўцы гаспадыня. «Прымай гасцей, Аляксееўна», — неяк вінавата прамовіў гаспадар. «Нешта не прыпомню, каб каго клікалі, — не надта ветліва, але і не злосна адказала Аляксееўна. — А калі прывёў, за парог не выправіш, абы не наслядзілі. Адкуль жа Бог прынёс?» — «З Расеі яны (у сібіракоў усё, што за Уралам, — Расея), ссыльных у арцель прыгналі, а нанач ніхто не ўзяў. Няхай у нас да панядзелка пабудуць». — «А ў Проні хіба хата малая?» Гаспадар вінавата лыпаў вачыма, а мне хацелася выскачыць за парог, ісці куды вочы глядзяць. Каб летам — пад кустом ці пад стогам прытулак знайшоў бы, а ў сцюжу куды дзенешся? Цярпі: удовы забракавалі, і тут не надта радыя нашаму прыходу. Лішнія, нікому не патрэбныя. Паселі на краёчку ўслона і маўчым: ад стомы і бяссоння ў халодным клубе ні рукі, ні ногі, ні язык не варочаюцца. Хацелася абы-дзе зваліцца і заснуць, а нам прапанавалі ісці ў лазню. Успомніліся санпрапускнікі, вашабойкі, дэзакамеры, апрацоўка брытваю кожнае валасінкі на ссохлым целе. Відаць, для большай знявагі мужчын галілі жанчыны, жанчын — мужчыны. Выходзіць, і тут перш за ўсё вырашылі памыць пастаяльцаў. Гаспадар распрануўся да споднікаў і нам прапанаваў «разбалакацца». Мы пасаромеліся і пайшлі за ім апранутыя ў канец двара.
Замест сенечак да страхі лазні прыстаўлена некалькі жэрдак, прыкіданых бульбоўнікам. Пад нагамі пачарнелы снег. Тут мы і распрануліся, праціснуліся праз нізкія дзверы і апынуліся ў гарачай і парнай цеснаце. Гаспадар засвяціў газнічку і падкінуў пары. Хвастаўся ён доўга, стогнучы і прыгаворваючы: «Ой, баска, ая-яй!» А мы баяліся выпрастацца, каб не паапякаць вушы. Пакруціліся каля палка, сяк-так апаласнуліся і выскачылі ў «прылазнік». Ледзьве нацягнулі на мокрае цела амаль бляшаную ад пражарак бялізну, а рукі і локці былі ў плямах сажы ад закураных сцен і вушакоў.
Калі вярнуўся і адстагнаўся гаспадар, пасадзілі за стол і нас. Дымілася міса бульбы, падрумяненая бурачковым квасам шаткаванка і вялікія хрусткія грузды дражнілі і выглядам, і пахам, аж захадзілі нашы кадыкі. З вялікай бутлі ў рубчастыя шклянкі гаспадыня разліла густую жаўтаватую бражку. Саладкаватая, з дражджавым і хмельным духам, яна пілася, як бяскрыўдны квас. Пасля дзвюх шклянак галава была ясная, а ногі не слухаліся, нібы кудзельныя. Гаспадыня толькі пасміхалася з нас. Пасля лазні і вячэры ўсе неяк памякчэлі, адталі і падабрэлі. На падлозе нам паслалі вялікую кашму, далі дзве падушкі, накрыцца — сабачую даху. Толькі леглі — і праваліліся ў глыбокі сон.
У панядзелак нас усваталі на «фацеру» да рыжабародага бондара і німаката Архіпа Лаўрова. Месца нам адвялі каля самых дзвярэй пад палацямі. Мы збілі козлы і з аполкаў — шчыток, вялікі мех набілі свежымі стружкамі, «Вось і маем баярскую пасцель». Раніцай увесь гэты спальны агрэгат выкідалі ў сенцы. За дзень усё прамярзала, і мы да паўночы не маглі сагрэцца.
Арцель была накшталт славутых «рагоў і капытоў». У ёй хаваліся ад калгаснай работы здаровыя мужчыны, жанкі лічыліся ў калгасе, мелі вялікія прысядзібныя надзелы і карысталіся ўсімі калгаснымі выгодамі. Аднаго яны былі пазбаўлены — купляць у магазіне хлеб, прадавалі яго толькі рабочым і служачым. Такая была пастанова мясцовага сельпо. Затое хлеб бралі арцельшчыкі-мужы.