Калі чарга была вялікая, а хлеба прывозілі мала, член праўлення сельпо настаўніца Наталля Іванаўна загадвала прадаўшчыцы: «Уля, ссыльным хлеба не даваць». Мы моўчкі пакідалі чаргу, спадзеючыся на заўтра.
Ідучы ў краму, кожны раз цікавалі, каб зноў не трапіць пад забарону. Станавіліся апошнімі, прапускалі наперад пайшчыкаў і, як жабракі, цярпліва чакалі, перападзе сёння «паўцагліны» хлеба ці не. Калі заставаліся адны, прадаўшчыца спагадліва ўздыхала, азіралася і разразала кулідку на двух.
На работу мы прыходзілі зацемна і, пакуль добра не развіднее, сядзелі на варштатах, курылі, «травілі» анекдоты, на невялічкай пліце разагравалі закарэлую кляянку. Святло праз маленькія заледзянелыя шыбы прабівалася недзе гадзінам к дзесяці, тады толькі і пачыналі варушыцца работнікі — тры падлеткі і глухаваты, з так-сяк залатаным няўмекам-хірургам страшным сінім носам Лёва Астанін. А жонка ў яго была прыгажуня Каця. Тонкая, як чарацінка, з анёльскім тварыкам і крышачку мангольскімі, як чорныя вугалькі, вочкамі. Яна ў бабкі расла сіратою ў суседняй вёсачцы. Прыехаў да яе ў сваты прыгажун і балбатун Гошка разам з гарманістам Лёвам Астаніным. Самі падпілі і спаілі семнаццацігадовую Кацю. А прачнулася яна жонкаю ў абдымках Лёвы. Паплакала і паехала ў яго хату, нарадзіла чацвёра хлопцаў, была добраю гаспадыняю, клапатліваю жонкаю, а туга і боль не сыходзілі з яе твару. Лёва лічыўся майстрам. У арцелі не было людскага інструменту: шыпы на царгах заразалі не стамескамі, а кухоннымі нажамі. З майстэрні выходзілі табурэткі і нязграбныя канцылярскія крэслы. Старыя майстры з асінавых камлёў выдзёўбвалі, распарвалі, расцягвалі лёгкія рыбацкія чаўны, жанкі рабілі кадушкі, дзежачкі і ражкі. Гэта былі ўдовы, і за работаю яны спявалі невядома дзе пачутыя, а можа, і самімі складзеныя, такія шчымлівыя і трагічныя песні, што ў мяне стаяў у горле ком і самі сабою каціліся слёзы.
Зміцер Сцяпанавіч і Вацлаў адразу ўзяліся рабіць інструмент і праз тыдзень ужо мелі выдатныя рубанкі, фуганкі, шаршэбкі, адборнікі і вострыя стамескі. Мартынаў абсталёўваў ганчарню, на закінутым глінішчы ломам длубаў прамёрзлую гліну, часам заходзіў да нас пакурыць. Сваім становішчам ён быў задаволены: абедзве Настассіны дочкі спалі на печы, а ён з гаспадыняю раскашаваўся на ложку, бо другога не было. Да ложка прывязвалі маленькае цялятка, каб не змерзла ў прыгоне, яму падсцілалі саломку і адпойвалі малачком аж да цяпла. Зімою цяляты стаялі ў кожнай хаце. «Толькі часам, — скардзіўся Васіль Іванавіч, — ноччу смокча вялікі палец нагі».
Аднойчы Мартынаў да нас зайшоў зажураны і спалоханы. Памыліўся трохі і расказаў сваю бяду: «Панімаяш, такая незадача — павесіў я гэта свае ватнікі на біла ложка і заснуў, а раніцай гляджу, штаны пад нагамі ў цяляці, падняў, а кішэня ўся зжаваная. Няйначай некалі былі крошкі, дык яно і жвакала ўсю ноч». Мы яго супакоілі, што Настасся ўшые новую кішэню. «Кішэню-то яна ўшые, а дзе я вазьму свой «воўчы пашпарт»? Ад яго і знаку не засталося. Што цяпер будзе?» На мяне напаў дурны смех: успомнілася гогалеўская свіння, што ўкрала прашэнне ў судзе, а тут разумнае цяля пазбавіла чалавека ад абразлівай паперкі, якою і нас прыпнулі, як тое цяля да біла.
Неўзабаве з раёна прыехаў наш упаўнаважаны правяраць падначаленае яму пагалоўе. Днём ён адпачываў, некага выклікаў у свой катушок пры сельсавеце, а гадзін у адзінаццаць ночы вуліцаю ішла дзяжурная па сельсавеце, грукала ў вокны і загадвала: «Ссыльныя, на адметку!» Уставалі, апраналіся на скорую руку і спяшаліся ў сельсавет. Наш начальнік быў строгі і не цярпеў спазнення. Самазадаволены малодшы лейтэнант распытваў і гаварыў розныя непрыстойнасці прыгнечаным і змардаваным людзям. У сяле было некалькі інтэлігентных жанчын, і з імі ён не цырымоніўся. Апрача двухсэнсоўных жарцікаў, ён часта пытаўся, ці выбралі мы месца на могілках, бо тут нам і паміраць. Нацешыўшыся, ставіў штампік, распісваўся на нашым адзіным дакуменце, на які сорамна было самому глядзець, не тое што людзям паказваць.
Мартынаў да каменданта пасунуўся, ледзь перастаўляючы ногі. Нехта пажартаваў: «Бач, як выкруціла Настасся». — «Не так Настасся, як цялё», — удакладніў Кінаш. Усе прыціхлі. За дзвярыма грымеў шматпавярховы мат, грукат кулакоў, а потым раскацісты рогат. Ледзь чутна апраўдваўся Мартынаў. Выйшаў ён, выціраючы шапкаю змакрэлы лоб, у руцэ дрыжаў аркушок чыстай паперы. Ганчар звярнуўся да мяне: «Ты граматнейшы. Састаў, пажалуста, аб’ясненне нашчот цяляці і майго дакумента». Мужчыны хіхікалі і бессаромна кпілі, а мне падумалася: ці не разумнейшае Насціна цяля за тых, хто прыдумаў гэты «пашпарт»?