Выбрать главу

Калі мы выйшлі з сельсавета, сяло даўно спала. Вялікі круглы месяц заліў блакітным святлом хаты і снягі. Здалося, сапраўды з поўні глядзіць на нас спакутаванае аблічча біблейскага Авеля. Чамусьці ўспомнілася, што і Енукідзе звалі Авелем, дзіўнае, рэдкае імя. Няўжо і тады, у той дагістарычны час, брат караў брата? А колькі іх, пакараных, пасля? Лепей не думаць. За нас думала начальства.

Па рыпучай, раскатанай палазамі дарозе, як чорныя гракі, да наступнай рэгістрацыі разыходзіліся ссыльныя. Колькі яшчэ будзе такіх начных выклікаў, ніхто не ведаў.

Мусіш ісці

У арцелі было хранічнае безграшоўе. Нам выдавалі «аванец» — пяць рублёў і пуд бульбы на два тыдні. Добра, што родныя часам прысылалі некалькі чырвонцаў, а то і пасылачку. Мае напарнікі былі майстрамі высокай кваліфікацыі. Вацлаў за доўгія гады выгнання зрабіў тры выдатныя скрыпкі, а тут недзе агораў мандаліну і часам вярэдзіў душу шчымлівымі мелодыямі: то ўзыходзіла «Зорка Венера» над полем, то плакала ў жыце «Перапёлачка», то кружылася віхурная «Лявоніха». У Кінаша з-пад фуганка выходзілі рэчы, як лялькі, а попыт на іх быў невялікі. Часам за калысачку або аконную раму перападала гладышка малака або кавалак убоіны.

У хаце Архіпа Лаўрова свайго кутка ў нас не было. Вечарамі вакол стала рассаджвалася вялікая сям’я німаката: канапаты рудзенькі Пецька рашаў задачкі, Паранька сукала ніткі, Моцька скубла пер’е, наша «планавая» гаспадыня Дзяменцьеўна смаліла на прыпечку толькі што скатаныя на продаж пімы. Іх далёка за поўнач у лазні валяў гаспадар. Пасля работы з грукатам абіваў ад снегу на ганку ногі, уваходзіў у хату ў воблаку халоднага паветра, доўга тупаў, шаргатаў лыжкаю па дне чыгунка, курыў, кашляў, мы прачыналіся. І завязвалася гамонка, так, ні пра што.

Часам у хату ўвальваліся пагрэцца падпітыя падарожнікі. Хатняе цяпло і хмель штурхалі іх на наш тапчан пры дзвярах, і ўжо на крайнім, а то на абодвух нехта сядзеў і не мог уцяміць, што гэта мяккае і цёплае пад ім варушыцца, ды яшчэ і спіхне.

Уся гаспадарская сям’я спала ў суседнім пакоі покатам на разасланай на падлозе кашме, каб цяплей было, накрываліся дохамі з сабачых шкур. Іх будзілі прыезджыя, запальвалі лямпу, з’яўлялася пляшка або бражка, і ледзь не да раніцы гула хата галасамі. Тут у наваколлі кіламетраў на паўсотню было тры-чатыры вёскі, і ўсе добра ведалі адзін аднаго. Дзверы звычайна ні ў кога на ноч не зашчапляліся, і калі трэба ў любую хату заходзілі, як у сваю.

Відаць, не соладка жылося і Вацлаву ў Керпіхі. Ён усё часцей падбіваў нас шукаць асобны пакойчык на траіх. Гэты клопат мы даручылі яму. Ён вельмі хутка асвойтаўся ў сяле: то шыбы шкліў, то дзверы падганяў, то папраўляў шырокія раззыбаныя ложкі. Расплочваліся хто чым мог. Яму і дамовіцца было лягчэй.

Нарэшце парадаваў: «Знайшоў». Мы гатовы былі адразу перайсці на новую кватэру, але ў нашым будучым пакоі яшчэ стаялі авечкі з ягняткамі. Трэба было ў прыгоне для іх адгарадзіць катушок, выкінуць угноеную салому, адмыць падлогу, пачакаць, пакуль вычхаецца авечы дух.

Дачакаліся. Пярэбары былі — як у таго жабрака: падперазаўся і пайшоў. Занялі мы маленькі пакойчык з дзіраваю плітою і замураваным наледдзю акенцам. Замазалі пліту, пабялілі закураную столь, разжыліся лямпаю і зажылі ў самай беднай і самай добрай у сяле ўдавы Палагеі Цімошыхі. Гаспадар загінуў на самым пачатку вайны, а яна неяк выкідалася з чатырма дзецьмі і кароўкаю да мірных гадоў. Большанькія, Тайка з Марыйкаю, памагалі маме на «фірме», а Ванька з Толікам у адных апорках пазменна бегалі ў школу. Большы прыбягаў з першае змены, страсаў у парозе «абуўку», меншы ўскокваў у мокрыя апоркі і ляцеў на ўрок.

Пасярод недагледжанай, заваленай нейкім ламаччам і старызнаю кухні з рання да ночы гула бляшаная печка, у засеку каля дзвярэй пускала белыя парасткі бульба. Кожны, хто прыбягаў з фермы або школы, набіраў яе, рэзаў тонкімі скрылёчкамі і налепліваў на гарачую бляху печкі. Падсмажаныя, яны адскаквалі, на іх фукалі і адразу адпраўлялі ў рот. Такое было снеданне і абед.

Хлеба ў гаспадыні не было: кілаграмы, атрыманыя з восені, даўно былі скручаны на жорнах і з’едзены. У магазіне калгасніку хлеба не выпрасіць. Так і жылі на бульбяных «пяцімінутках» ды на шклянцы малака. Калі нам у краме перападаў глёўкі «кірпіч» і мы садзіліся вячэраць, нячутна ў наш пакойчык пракрадаўся Толік. Ён моўчкі стаяў каля стала, глядзеў чыстымі і прагнымі вочкамі. Мы налівалі яму кубачак фруктовага чаю, адразалі па лустачцы хлеба і глядзелі, як прагна ён разам з намі вячэраў. Нам успаміналіся свае дзеці і думалася: можа, нехта пачастуе і іх.