Выбрать главу

Часам хочацца верыць, што не толькі тутэйшыя людзі, а і нашы начальнікі павінны зразумець, што мы ніякія не ворагі, не дыверсанты і не шкоднікі. Можа, і разумеюць, але мусяць спраўляць сваю не надта далікатную службу, бо нічога іншага рабіць не ўмеюць, а пуп ірваць не вельмі хочацца. Куды прыемней хадзіць у начальніках, крычаць, зневажаць, здалёк палохаць блакітнаю фуражкаю і пагражаць за парушэнне саслаць за Палярны круг. Так і жывуць на высокіх акладах, кормяць сям’ю асобымі пайкамі, і разыходзяцца ад іх, як магнітнае поле, нябачныя стрэлы страху.

Ох, як развярэдзіў душу, як расцвяліў думкі маленькі аматарскі здымак з жалобнымі паглядамі маіх самых дарагіх і любых пакутніц.

Поўнач. У наледзянелыя шыбы б’ецца завея. Сон змыкае павекі. Грукат у раму: «Ссыльныя, на адметку!» Не, гэта не сон. Мусіш ісці.

Новая «спецыяльнасць»

Жыць станавілася немагчыма на «прагрэсаўскія» авансы. Хоць і сталяраванне маё наўрад ці каштавала больш. З горам папалам ляпіў крэслы, на якія і сам не адважваўся садзіцца. Цягнуць з мізэрнага жончынага бюджэту не дазваляла сумленне. Ведаў, як там туга і цесна. Завіхацца ў арцелі не было сэнсу, колькі б ні зрабіў — плата адна. Ды і работа валілася з рук ад непраходных змрочных думак, тугі па родных, незагойнае крыўды і болю, ад змрочных перспектыў. Адно слова «навечна» наганяла жах.

Члены арцелі мелі заработкі намнога большыя за нас: яны былі гаспадары. А хто мы? З ласкі нанятыя работнікі, бяспраўныя ссыльныя. Хто прыслухаецца да нашых скаргаў і крыўдаў? Вацлава і Змітра Сцяпанавіча, сапраўдных майстроў, так-сяк падтрымлівалі, а я адчуваў сябе абузаю, ад якое хацелі пазбавіцца. Варта было вякнуць, быў адзін адказ: «Не глянецца, ідзі ў калгас». А там цэлы дзень на марозе вазі сена, выкідай з кароўніка змерзлыя глызы за палачку ў ведамасці. На першым часе калгас ссыльнаму выдаваў на дзень кілаграм хлеба і літр малака, роўна на два рублі, а на працадзень налічалі 10 капеек. За дзень работнік з’ядаў 20 працадзён. Самы лепшы ў калгасе цясляр, касец і стагавальнік Міша Цэсарук за сем гадоў не мог адрабіць свайго доўгу. Калі прыйшла пара вызваляцца, Цэсарук быў вінен калгасу чатырыста рублёў. Даведку яму на атрыманне пашпарта выдалі толькі тады, як жонка з Украіны прыслала грошы на выкуп мужа. Становішча ссыльных у калгасе было самае цяжкае.

Напачатку мы ўтрох сёрбалі з аднаго кацялка, але хутка ў мяне задрыжала рука, перш чым узяцца за лыжку. Мае сябры да арцельных авансаў нешта прызараблялі ў агульны кацёл. А чым яго мог закрасіць я? Тут нават грузчыкі не патрэбны. Таму чужы кавалак рубам станавіўся ў горле. Нічога не кажучы сваім сябрам, я пачаў шукаць работу.

У канцы сяла быў вялікі дзіцячы дом. Тут знайшлі прытулак сіроты франтавікоў, бежанскія дзеці, падабраныя каля разбітых бамбёжкаю саставаў, хлопчыкі і дзяўчынкі з колішняй аўтаномнай рэспублікі немцаў Паволжа і ціхія, маўклівыя і асцярожныя дзеці «ворагаў народа». Яны трымаліся асобна, вучыліся старанна, гаворкаю нагадвалі то Украіну, то Беларусь.

Дырэктар гэтага дома, высокі, кучаравы, у драцяных акулярах, апрануты пад Макаранку, Сцяпан Васільевіч Кемелеў быў самы аўтарытэтны чалавек у сяле. Да яго я і падаўся. Прыняў мяне адразу ў прасторным, добра напаленым кабінеце. Прапанаваў сесці і далікатна пачаў распытваць, хто я, дзе працаваў, што скончыў, чаму трапіў сюды. Я адразу адчуў давер і сімпатыю да яго і шчыра пачаў расказваць сваю драматычную біяграфію. Ён слухаў уважліва, пазіраючы ў акно. Здавалася, верыць, бо такое прыдумаць і нахлусіць нельга. Ён спрабаваў суцешыць, што разбяруцца і, калі дапушчана памылка, выправяць. Але не па спагаду я прыйшоў да яго.

Сцяпан Васільевіч прызнаўся, што такі работнік во-о як яму спатрэбіўся б, але… Ён шырока развёў рукамі: «Зразумейце, не ад мяне гэта залежыць. — Уздыхнуўшы, сказаў: — У нашай школе толькі дырэктар з вышэйшаю адукацыяй, астатнія — педкурсы, педтэхнікум, ёсць і «практыкі» — пасля 10 класаў». Відаць, каб зусім не пазбавіць надзеі, абяцаў параіцца, можа, што і выйдзе. Развітваючыся, успомніў, што ў школе патрэбен загадчык гаспадаркі, і параіў зайсці да Яўгена Паўлавіча Пуціна.