У Новы год у гэтай хацінцы ставілася ёлка з самаробнымі цацкамі, таннымі цукеркамі, пячэннем з маскоўскіх і ленінградскіх пасылак. Днём і ўвечары сюды прыходзілі суседскія дзеці і дзеці эстонцаў і немцаў. Яны спявалі і скакалі, расказвалі вершы на трох мовах і разыходзіліся з маленькімі падарункамі. Ганна Якаўлеўна ўспамінала сваіх унукаў, выцірала слёзы, не спадзеючыся іх убачыць.
Хатка насупраць бальніцы стала эпіцэнтрам усіх біязінскіх ссыльных. Тут пра кожнага зацікаўлена і шчыра дбалі абедзве мілыя жанчыны. Ганна Якаўлеўна з-за ўзросту і калецтва нагі не працавала нідзе. Жыла на ўтрыманні дзяцей і сястры. З Элаю Рыгораўнаю яны былі як родныя. Тэрыторыя нашага Паўночнага раёна была роўная невялікай аўтаномнай рэспублікі. Толькі тут была бясконцая тайга, так дакладна названая ўрманам, бездараж, саракаградусныя маразы і двухметровыя сумёты, а паселішча ад паселішча за многія дзесяткі кіламетраў.
Зімою дарогі замяталі завеі, з вясны і да замаразкаў яны патаналі ў чорнай, як густая мазута, твані. Калі падсыхалі, клейкая, як асфальт, гразь наліпала на колы, яны пераставалі круціцца, сунуліся з выбоіны ў выбоіну, гразь набівалася слупкамі на капыты, і конь не мог ступаць. А доктар у самую дзікую завею і мароз, у залеву, а ў летнюю спёку праз хмары аваднёў мусіць ехаць у самыя далёкія сёлы да хворых.
У бальніцы трымалі маленькага мангольскага коніка. На ім Эла Рыгораўна абслугоўвала свой участак. У далёкай Мядзвежанцы хлапчук гуляў з бацькаваю дубальтоўкаю, спусціў курок і параніў на печы маленькую сястрычку. Доктарка кінула ўсё і адна ноччу паехала ратаваць дзіця. На паўдарозе каляныя ад марозу гужы саслізнулі з абледзянелых аглабель, сані сталі, мангол ступіў некалькі крокаў і спыніўся. Цемень, гудзе ад завеі тайга, на дзесяткі кіламетраў — ні жывое душы. Як ні старалася Эла Рыгораўна запрэгчы каня, нічога не выходзіла. Зачапіла лейцы за сані, легла на салому, гатовая загінуць. Зліпаліся ад сну вейкі: так засне і не прачнецца. Але да апошняга ў чалавека жыве надзея: мабыць, у сне пачуўся тупат і рып саней, галасы і выразнае «Тп-р-р-у!».
Спынілася фурманка. Не дачакаўшыся доктара, бацька вёз так-сяк забінтаваную дзяўчынку ў Біязу. Сустрэча ў тайзе выратавала доктара. Эла Рыгораўна некалькі сутак не адыходзіла ад параненай. Паставіла яе на ногі і адправіла далечвацца ў раённую бальніцу.
У ссылцы былі калгаснікі, кравец, ганчар, сталяры, інжынеры, настаўнікі, колішнія партыйныя работнікі. Агульны лёс зраўняў усіх. Мы трымаліся адзін аднаго, дапамагалі як маглі і чым маглі, дзяліліся апошнім. Мясцовыя людзі пыталіся, ці не родныя мы ўсе. Мы жылі па няпісаным законе пакутніцкага братэрства, таму і выжылі, таму і збераглі чалавечую годнасць, дабрату і спагаду.
Як толькі вызвалілася пасада і наша начальства дало згоду, дырэктар школы ўзяў мяне заўхозам. Гучыць. Не абы-хто, а загадчык. Што гэта такое, я ўцяміў за два дні. Але не шкадаваў: мяне вабіла школа і цвёрды аклад — 300 рублёў (цяперашніх 30). Можна адмовіцца ад жончынай дапамогі, не быць нахлебнікам у сваіх сяброў. Мне пашанцавала, што заўхозства прыпала на канец зімы: амаль усё сена і дровы вывез мой папярэднік, у тайзе заставалася два стажкі і кубаметраў трыццаць леташняга беразаку.
Мне перадалі па акце пудкага, некалі абгарэлага на пажары каня, празванага Смажаным, двух быкоў, трое саней і тры дабітыя вазы, хамут, два ярмы, вераўчаныя лейцы, нажоўку, малаток і дзве жмені ржавых цвікоў. Я павінен досвіткам накарміць і напаіць сваё цягло, запрэгчы і цугам ехаць у лес, прабіваць дарогу да паленніцы, накласці дроў на тры фурманкі і везці ў школу за сем кіламетраў. Хоць быў сакавік, а яшчэ маразы даходзілі да трыццаці градусаў, бушавалі завеі і секлі сіверныя ветры. Ногі правальваліся ў сумётах, шчокі апякала сцюжа. На змярканні ўязджаў у сяло, складаў дровы, даглядаў сваю скаціну і ледзь плёўся ў настаўніцкую па заданне на заўтра. У школьных вокнах дрыжалі слабыя агеньчыкі — гарэлі лямпы без шкла. Нехта дадумаўся, што так меней згарае газы. Столі былі закураны, у канцы ўрокаў настаўнікам і вучням прыходзілася адмывацца ад сажы.
Дырэктар, далікатны і ціхі Яўген Паўлавіч, зацемна прыходзіў у школу і позна ўвечары яе замыкаў. У тыя гады ўся краіна ад Масквы да самых да ўскраін працавала начамі. Якая там была праца? Чыноўнікі травілі непрыстойныя анекдоты, гулялі ў даміно і карты, рангам вышэй — у більярд, абы не спаць, пакуль не спалася «вялікаму і мудраму гаспадару». А раптам некаму спатрэбяцца нейкія весткі. Так і сядзелі або драмалі ад Крамля да Біязінскага сельсавета.