Выбрать главу

Толькі кіпела работа да самага рання ў закратаваных кабінетах. У воблаках дыму і густога мату дзяўблі адно і тое ж: «Прызнавайся! Гавары праўду!» А праўдаю лічылі самапаклёпы і абгаворы, фантастычную хлусню і «працавалі», пакуль не зламаюць знясіленую здзекамі сумленную ахвяру, каб не прастойвалі «сталыпінскія» вагоны, каб ішлі і ішлі этапы на ўсход, здабываць золата, вугаль, валіць лес і… паміраць, задоўга да вызвалення. Усё гэта было мне знаёма і ўспаміналася, як кашмарны сон.

Камендант адзначацца выклікаў толькі апоўначы, цешачыся сваім красамоўствам, уладаю і нецэнзурнымі жарцікамі.

Мокры, настылы і галодны, у свой катушок я прыходзіў позна. Зміцер Сцяпанавіч курыў каля пліты, Вацлаў трэнькаў на мандаліне або драмаў. Мяне чакалі кацялок гарачай бульбы, місачка гаспадынінай капусты і пахкі фруктовы чай. Я прагна вячэраў, у цяпле гарэлі шчокі, у скронях татахкалі звонкія малаточкі. Каб трохі адышлі ногі, клаўся на тапчан і засынаў цяжкім, з трывожнымі прывідамі сном. А заўтра зноў трэба ўставаць цёмначы, ехаць у лес па завеянай за ноч дарозе, каб прывезці дроў Самушкінай. Выкладала яна мову і літаратуру, хоць сама скончыла ледзьве-ледзьве дзевяць класаў. Пісала: «Томара», бо пад націскам Тома, «лошедь», «актевист», але няшчадна цягала неслухаў за валасы, давала кухталя ў спіну і крычала: «Язви тя в душу, аглаед!»

Прывёз ёй неяк дровы, падважыў калком сані, зваліў звонкі беразак каля плота. Гаспадыня выскачыла на ганак: «Хазяйственник, ах ты, гультай! Хто ж будзе складаць?» Я ледзь стрымаўся, але перасіліў сябе: «Вам, Еўдакія Прахораўна, пасля напружанай інтэлектуальнай працы карысна заняцца фізічнаю». Яна нібы сарвалася з ланцуга: «Я табе паабражаю… ак-ту-альная! Панаганялі сюды контрыкаў з наморднікамі ды яшчэ вякаюць. У-у-у, вражына!» Я развярнуўся, хвастануў ляйчынаю Смажанага і выехаў з двара. А яна крычала ўслед: «Ну, змей, хоць бы вароты зачыніў».

Горла сціснуў даўкі камяк крыўды і болю, вочы засціла сляза.

Некаторыя настаўніцы глядзелі на мяне падазрона і варожа. Яны ведалі, што я выкладчык з вышэйшаю адукацыяй, і пабойваліся, каб не падрываў іх аўтарытэт, не вельмі паказваў сваю эрудыцыю. Я часам затрымліваўся ў школьным калідоры, чуў натацыі, лаянку, пагрозу, стук кулаком або бездапаможныя тлумачэнні. Было сорамна за настаўнікаў і шкода дзяцей, а яны былі дапытлівыя і таленавітыя. Ніхто з іх яшчэ не бачыў электрычнасці, хоць ведалі законы Ампера і Ома, некаторыя сур’ёзна пыталіся: «А калі пройдзе цягнік, за ім палатно скручваюць у трубку?» Большасць настаўнікаў і вучняў не ўмелі скланяць лічэбнікаў у давальным, творным і месным склонах, у сшытках кішэлі нявыпраўленыя памылкі. А працэнт паспяховасці ў справаздачах быў высокі. Гэта падабалася начальству.

Больш дасведчаныя дзетдомаўцы, якія пабачылі свет, забягалі да мяне ў завозню і, не саромеючыся, дапытваліся: «Дзядзька, праўда, што вы настаўнік? За што вас сюды прыгналі? У Маскве вы былі? I на Краснай плошчы? А ў Маўзалеі? Можа, і Сталіна бачылі?» Што я мог ім сказаць, як растлумачыць, чаму апынуўся тут? Сказаць — нізашто, будзе «паклёп» на органы следства і суда, «варожае ўздзеянне на падрастаючае пакаленне». I кляпаць на сябе не мог. Выкручваўся: «Адбылася памылка. Хутка разбяруцца і выправяць. Вы ж дапускаеце памылкі, а настаўніца іх выпраўляе», хоць бачыў, як Самушкіна піша «кометет» і «гінерал».

У мяне часам шукалі справядлівасці гэтыя маленькія бунтары з абвостраным пачуццём годнасці, нецярплівыя да няшчырасці і падману, чэрствасці і грубасці, згаладалыя па ласцы і ўвазе. Настаўніцы іх не любілі і пабойваліся, бо яны не ўмелі крывіць душою, падхалімнічаць і гаварылі ў вочы тое, што думаюць, а іх адвучалі ад гэтай «шкоднай» звычкі з маленства і самі ад яе адвыклі даўно.

Хлапчукі з дзіцячага дома ўладзіліся да мяне з нявырашанымі пытаннямі, а то проста лавілі наравістага Смажанага, верхам ездзілі на ім на пашу, памагалі мне ўпраўляцца, прыносілі свае сачыненні. А настаўніцам здавалася, што я іх знарок кампраметую, і папярэджвалі не хадзіць да мяне і не гаварыць з «ворагам народа», бо ён такому навучыць, што самі загрыміце за краты. Я ведаў пра гэтыя папярэджанні і часта думаў, што прамяняў бы ссылку на лагер. Там быў роўны з усімі, меў месца на нарах, пайку хлеба, міску баланды і чарпачок кашы і ні пра што не думаў, а тут ламай галаву, як перабіцца з ранку да вечара: прыйдзеш у краму, а там загад: «Ссыльным хлеба не даваць», любы гаспадар скажа: «Паря, аслабані фацеру», — і нічога не зробіш, забірай сваю торбу і шукай прытулак, і ўсё ж, што ні кажы, і на кароценькім павадку, але ты нібыта вольны: ідзі на ціхую задуменную Тару, дыхай кедрачамі і піхтоўнікам, можаш паслаць і атрымаць тэлеграму. Хто не быў у няволі, той не ведае, якое гэта шчасце. А цярпець навучаныя: такія прайшлі «універсітэты»!