Выбрать главу

Юрась Нераток

Споведзь струны

Вершы з прадмовамі

Падрыхтаванае на падставе: Нераток Ю., Споведзь струны: вершы з прадмовамі/Юрась Нераток. – Мінск : Вараксін А. М., 2011. – 104 с.н.: “Выдавецтва”, 2010. – с. 100

ISBN 978-985-6986-22-5.

УДК 821.161.3-1

ББК 84(4Беи)-5

Рэдактар В. М. Паўлючэнка

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Вершы – зашыфраваныя пасланні сучаснікам і нашчадкам. Не прынята іх тлумачыць: маўляў, каму патрэбна – той зразумее. Шмат разоў пераконваўся, што гэта не так. Далёка не заўсёды задумка празрыстая ці знаходзіцца на паверхні. А аўтару, што б ні казалі, хочацца быць не толькі пачутым, але і зразуметым. Да таго ж сама асоба аўтара ўспрымаецца або па знешніх зносінах, або па тэкстах. Настройка-каментар перад вершам дазваляе ўспрыняць яго больш глыбока, ацаніць ідэю і яе выкананне. Хочацца думаць, што падобны эфект можа быць, калі даць пару-тройку уступных камертонных радкоў і ў пісьмовым выглядзе. А нешта ўсё роўна застанецца па-за ўспыняццем, у тым ліку – і для аўтара. Такая асаблівасць паэзіі.

Да таго ж чытанне вершаў падрад (калі гэта не пэўны цыкл, чаго ў “Споведзі струны”, можна сказаць, няма) – справа складаная, бо ўражанне ад аднаго верша можа накласціся на наступны – і той ужо не ўспрымаецца: чытач не паспеў пераключыцца. Пераключэння не адбудзецца, а чытка вершаў з перапынкамі і абдумваннем кожнага – справа доўгая і звычайна няўдзячная: імклівасць часу перашкаджае.

Кожны верш мае гісторыю стварэння і развіцця, тым больш, калі планка патрабаванняў даволі высокая, як і самакрытычнасць, і кампраміснасць паэта. Многія з вершаў асацыятыўна звязваюцца не толькі з людзьмі, якія так ці інакш далі пэўны імпульс, але і з іншымі творцамі, рэдактарамі, карэктарамі, якія дапамагалі працаваць над радкамі.

Ці то з-за адукацыі і прафесіі, ці то з-за асаблівасцяў розуму вершы пішу амаль заўсёды прадметныя, таму кожны з іх мае назву. Можа таму, што нярэдка верш пішацца не за адзін прысест і звычайна не прывязаны да канкрэтнага часу, ніводзін з іх не мае даты напісання. Затое амаль кожны мае дату публікацыі як атэстата сталасці. Аднак канчатковы аўтарскі варыянт не заўсёды супадае з апублікаваным. Нешта з вершаў ніколі ў друк і не падаваў. Не каментую.

Часам вершы маюць нейкую рытмічна-музыкальную аснову, якую не заўсёды ўгледзіш. Паспрабуйце прадэкламаваць вершам якую-небудзь вядомую песню? Амаль анекдатычна атрымліваецца. Таму літаркай “S” у зборніку пазначаны творы, якія маюць адносна ўстойлівую мелодыку. Літаркамі “SC” – так званыя каверы (запазычаныя мелодыі). Да выхаду зборніка павінен падаспець музычна-вершаваны запіс на некаторыя з іх.

Да таго ж як практычнаму чалавеку трохі прыкра назіраць невыкарыстаную плошчу ў зборніках. І, магчыма, хочацца пазбегнуць эфекта візуальнага прывыкання, бо пастроеныя ў радкі і чатырохрадкоўі літары, словы і сказы даюць уражанне дзялянкі, засеянай адной культурай.

Усё вышэйзгаданае навяло мяне на думку злёгку парушыць каноны складання паэтычных зборнікаў.

Напрыканцы прыведзена частка вершаў з папярэдняга зборніка “Фотаальбом”, у якім творы даюцца без каментарыяў і зносак у тагачасным фармаце і без уступаў.

Юрась Нераток

Нашто пісаць вершы, калі не толькі чалавечая цывілізацыя крохкая, але і Зямля не вечная? Адказу няма і не будзе. А ці варта задаваць сабе такое пытанне і шукаць на яго адказ? І ўсё ж шукаем…

ПАЧАТАК ЗІМЫ
Цьмее сонца, заціхлі грамы. Лапік родны вятры падмарозілі. Снег – пачатак мільярднай зімы, Заканчэнне мільярднай восені.
У Сусвету разліку няма На памкненні душы твае чулае. Непазбежнасць – нябыту зіма – Парахнёй засцілае мінулае.
Напішы хоць сто кніжак, паэт, Сем вякоў пражыві ў знакамітасці – Бездакорна выразлівы след Знішчыць час без пагарды і літасці.
“Полымя” (чэрвень 2005)

Лічыцца, што пісаць верш, калі няма нейкага душэўнага ўзрушэння і неабходнасці выказацца, не варта. А мне здаецца, што трэба ахалоджваць галаву перад тым, як узяцца за пяро. Прафесіяналізм выключае гарачнасць, яна здатная толькі даць штуршок, увесці ў рабочы стан. Ну і, магчыма, падарыць некалькі радкоў, якія аздабляюцца іншымі, нярэдка больш удалымі, чым імпульсныя. Падалося, што сабе супярэчу? Што ж, я логіку не вывучаў…