Выбрать главу
Дзіўнай рыбінай хмарка плавае, Ветрык лісце сухое грабе… Неласкавая, неласкавая, І за што пакахаў я цябе?
Разбадзяжыла думка ржавая, Развярэдзіла сумам душу: Неласкавая, неласкавая, Ну чаму пра цябе я пішу?!
Што мне мроіцца – па-за яваю: Ёсць куфэрак, ды дзесьці ключы… Неласкавая, неласкавая, Як з палону твайго мне ўцячы?
То ты пройдзешся міма паваю, То наўзбоч праслізнеш, як змяя. Неласкавая, неласкавая, Ты скажы: а нашто табе я?
“Полымя” (чэрвень 2005); “Женский калейдоскоп” (чэрвень 2005)

Няшмат маю лірычных вершаў, але амаль усе яны – песні. Лірыка ў паэзіі вымагае музычнасці і фанетычна лёгкага словаўкладання (S).

СНЕГ
Развітальны птушыны крык Гарадскую працяў мітусню. Я згубіў марным дням лік І шчымлівы ўспамін ганю.
Ды паводка імжыстых дум Рве бетонныя глыбы плацін, Непазбыўны затоены сум Вязне ў горычных гронках рабін.
І здавалася: час стаіць, А Сусвет – толькі мы адны. Як звычайна – шчаслівым быць І не ведаць шчасцю цаны!
І звінеў бесклапотны смех Кансанансам мінорных ладоў… Толькі раптам пасыпаў снег, І ідзе ён пятнаццаць гадоў.
Глушыць музыку і галасы. Толькі ён, трапяткі, – у вачах. І паспеў пабяліць валасы, І выстуджваць сэрца пачаў.
Ён ляціць, неабсяжны снег! Не растопіш яго, не зграбеш… Ты з’яўляешся часам у сне І сыходзіш – як растаеш…
“Женский калейдоскоп” (чэрвень 2006); “СБ Беларусь сегодня” (снежань 2006); “Маладосць” (май 2008)

Паўтаруся: жартам кажу, што іншы паэт напіша дзесяць вершаў на адну асобу, а ў мяне на некалькі выпадкаў адзін верш атрымліваецца. (S)

ЛІСТАПАДНАЕ ТАНГА
Сумны восеньскі дождж, Беспрасветна-абстрактны малюнак, І спадніцамі-клёш Легла лісце ў чаканні зімы… Так, напэўна, было б, Але ўсё памяняў пацалунак – Як няправільны дроб, Дзе дзялімае з дзельнікам – мы.
Хай ляціць над зямлёй Мокры вецер прадвесцем разладу, І халоднай змяёй Хай варушыцца часам сумнеў! Не адолець нічым Захапленне, пяшчоту, спагаду І не будзе прычын, Каб змянілася ўсё неспадзеў.
Неспагадлівы лёс Нападае то з фронту, то з фланга. Ды адчайнае “SOS” Не сарвецца ў бязлітасны свет. Бо рытмічна гучыць У душы лістападнае танга – І раскута імчыць За вясновымі марамі ўслед.
“Женский калейдоскоп” (лістапад 2006); “Івацэвіцкі веснік” (лістапад 2007); “Маладосць” (май 2008); “СБ Беларусь сегодня” (верасень 2008)

Верш быў напісаны ўлетку. Музе не загадаеш. А Зіма ёсць і будзе – чым далей, тым болей… (S)

ЗІМОВЫ РАМАНС
Я прабачэння не прашу – віны няма. І не жартую, як звычайна, я – сур’ёзна. У родным горадзе маім чацвёрты дзень стаіць зіма. І, як калісьці, снежна і марозна.
Гартаю згадкі пра мінулыя гады, Якія страчваюць абрысы ў золкім ранку. А іскры снежныя блішчаць, нібы крышталікі слюды, Сцюдзёны вецер вее калыханку.
І прамільгне бескампрамісны напамін Напаўзабытай чорна-белай кінастужкай… Калі змірыўся я з зімой і перастаў паліць камін, Вы прыляцелі лёгкакрылай птушкай!
Мы з вамі сёння ў безразважнасці ў гасцях: Два чалавекі на бялютка-зыркім фоне. Вы так шукалі цеплыні – я вас сагрэю на грудзях І пакармлю цукеркамі з далоні.
Я прабачэння не прашу – віны няма. І, шчыра кажучы, яны даўно не ў модзе! Хай будзе вецер і мароз, хай не канчаецца зіма, Хай не сыходзіць снег, хай не сыходзіць…
“Женский калейдоскоп” (ліпень 2008), “Акно” (ліпень-верасень 2008); “Івацэвіцкі веснік” (кастрычнік 2008); “СБ Беларусь сегодня” (студзень 2009)