Выбрать главу

Напэўна, сатанінскі верш. Што зробіш, барацьба божаскага і д’ябальскага пачаткаў працягваецца ў кожным чалавеку. Кашмар…

НЕХТА ІДЗЕ
Нехта ідзе, Толькі ў цішы грукочуць абцасы. Гулкай хадзе Канкурэнтаў абшар не дае. Быццам кладзе На жалезную лесвіцу прасы. Нехта ідзе – Не спяшаецца і не злуе. Нехта ідзе. Час спыніўся, расцёкся ў бясконцасць. У чарадзе Смутных ценяў – ні цел, ні выяў. Ён не з людзей – Ад яго не знайсці абаронцаў. Нехта ідзе Ні па справах, ні дзеля забаў. Нехта ідзе. Ён не мае ні страху, ні гневу. Не ліхадзей, І дабро – не яго іпастась. Ён не ўпадзе На зямлю і не ўздымецца ў неба. Нехта ідзе, Ён не будзе паўзці і лятаць. Нехта чужы І да болю і жудасці блізкі. Быццам вужы Распаўзаюцца думкі наспех. На рубяжы Дзвюх дылем мосцік існасці хісткі. Лесам – крыжы: Вечны могільнік альф і амег. Крокі бліжэй…
“Наша Ніва” (кастрычнік 2005)

Калі ўзбіраешся на самы верх – адчуваеш адзіноту. Добра, калі пад’ем – фантазія: некалі ж прачнешся, ачуняеш. А калі рэальнасць?

ЗВЕР
Куды імкнешся, звер, Свавольна і панура? З якіх ты ўцёк вальер, Якая гоніць бура?
Бязветрана наўздзіў, Шырока сонца льецца. А ты – той час забыў, Калі сядзеў у клетцы.
Чаму спыніўся, звер, І раздзімаеш ноздры? Дзе ўбачыў ты бар’ер? Што ловіць нюх твой востры?
Ніякіх перашкод, І немагчымы выстрал. Ні пастак, ні балот, І далягляд празрысты.
Чаго шукаеш, звер, Увішна, безупынна? Нястомны землямер Уласнай каляіны…
Гараць вачэй кружкі – Усё ж тваё ў прасторы: І сцежкі, і сцяжкі, І логавы, і норы.
Каго баішся, звер, Неутаймавана, звыкла? Якіх благіх хімер Пужае выскал іклаў?
Ты зжор усё наўсцяж Азартна і цвяроза. Сабе – адзіны страж І вечная пагроза.
Пра што ты выеш, звер, У тон ліхой гадзіне? І кіпцюры цяпер Рвуць скуру на грудзіне.
Глядзець няма каму На подзвіг твой крывавы – Не зведаць аднаму Ні літасці, ні славы.
Чаго ты хочаш, звер? Бо ўжо трываеш ледзьве ж… Ускінеш зрэнкі ўверх, Аднак Яго не ўгледзіш.
Хвіліны забыцця Зямля ўспрымае хныла, Бо без твайго выцця Сама б, напэўна, выла.

З той жа серыі. Напэўна, уражанні не скончыліся. Не разабраўся з першага разу. Страшна самому. Ну хто такое надрукуе?

МЫ – ТУТ
Прывітанне табе, прывітанне, Неахайны, нікчэмны люд! Вось і скончылася чаканне – Мы тут!
Вы баяліся стоеннам жахам І з адчаю хаваліся ў кут. Памянялася ўсё адным махам – Мы тут!
Ад жыцця вы чакалі раю: І граблі, і сціскалі ў жмут… І нарэшце дайшлі да краю – Мы тут!
Вы звярталіся часам да Бога Са сляпым спадзяваннем на цуд. Але вы не зрабілі нічога – Мы тут!
Вымаўлялі празрыстыя словы, Каб схаваць свой унутраны бруд. Тупа верылі: час прыйдзе новы. Мы – тут!
Вы надзеі слабыя ўскладалі На спагадны вышэйшы суд. Але ўсё ж такі нас чакалі! Мы тут…
Знікне, знесены жорсткім ветрам Вашых мараў юрлівых хлуд! Клічуць вас апраметныя нетры – Мы тут!

Надзвычай рэдка прысвячаю вершы прыродзе. Яна падаецца такой дасканалай і ўстойлівай у параўнанні з чалавекам! Адсюль, напэўна, і іранічнае адценне. (S)

НА ПРЫРОДЗЕ
Запаведны расцвіце край, Знікне ў космасе святло зор, Залапоча гаманкі гай, І дрымотна пазяхне бор.