Трос гарызонта правіс раўнадушнай дугою.
Дзёрзкі крык пеўня не звонкі, а грозна-прарочы.
Высакародны алень з паламанай нагою
Роспачна выкаціў сумна-слязлівыя вочы.
Месяц – распяты бядак – робіць ноч яшчэ цьмяней.
Вуліц няма ў гарадах, там адны завуголлі.
Райская птушка наелася ягады п’янай –
Каркае сіпла, што больш за жыццё любіць волю.
І серабрыцца трава не расой, а атрутай.
Лакіраваны шчаўкунчык становіцца брошкай.
А пад балконам каханай галодны, разуты,
Складвае днямі паэт самалёцікі з грошай.
Сумесь апілак з трухой называецца цестам.
А як цэменту дадаць – атрымаеце булку.
Выбар: існуй або булькні ў нязнаную бездань.
Тут і жыву, бо не знаю другога прытулку.
Неаднойчы даводзіцца чуць, што вершы павінны несці светлае, узнёслае, чыстае, жыццясцвярджальнае. Аднак і тое, што ў вершы ёсць думка, няхай і не вельмі бадзёрая, і гумар, няхай і з цёмным адценнем, напэўна, таксама мае права на існаванне. Як мінімум, пашыраюцца межы ўжывання паэтычнага слова. А на аптымізме жыццё трымаецца.
СПРОБА АПТЫМІСТЫЧНАГА ВЕРША
Жыццё ідзе то хваляй, то зігзагам.
Часцей бывае прыкра, чым прыемна.
І колькі ні размахвай белым сцягам –
Няўмольны лёс… Аднак не ўсё так дрэнна!
І як не беражы сваё здароўе –
То скокне ціск, то забаліць калена.
А ёсць жа рак, гангрэна, белакроўе,
Інфаркт, інсульт… Аднак не ўсё так дрэнна!
Заробак наш – пракормна-камунальны,
Работа – што касьба сабакам сена:
Шмат валтузні, а вынік мінімальны,
Калі і ёсць. Аднак не ўсё так дрэнна!
Факіры, дрэсіроўшчыкі, жанглёры –
Такая палітычная арэна.
А паспрабуе шчырым быць каторы –
У міг зжаруць. Аднак не ўсё так дрэнна!
Бяздумна-хцівым чалавечым родам
Загаджана няшчадна айкумена.
Ды, падаецца, клімат за прыроду
Разлічыцца… Аднак не ўсё так дрэнна!
Бацькі – зануды, дзеці – спінагрызы,
А жонка – сексуальнае палена.
У кожнага – прэтэнзіі, капрызы
І прынцыпы. Аднак не ўсё так дрэнна!
Ды і сяброўства – горкаю рабінай,
Бо дружбакі – калі ім што патрэбна.
А пахіснешся – адвярнуцца спінай,
Ці чым яшчэ… Аднак не ўсё так дрэнна!
А кінеш на сябе бясстрасным вокам:
То піва п’еш, то пазяхаеш лена.
І ўзбудзіць толькі ўдар электратокам,
Хаця б дубцом. Аднак не ўсё так дрэнна!
Жыццё – гульня, а людзі ў ім – паяцы.
Які тэатр, калі ёсць толькі сцэна?!
Няма каму над намі ні смяяцца,
Ні гараваць… Аднак не ўсё так дрэнна!
Мінае маладосць каварна хутка.
Сапхне ў кювет бязлітасная змена!
А там – цыроз, склероз, пратэзы, вутка
І гаймарыт… Аднак не ўсё так дрэнна!
І нават тыя, хто пакуль у сіле,
Праз нейкі час сканаюць неадменна.
Так і стаім: адна нага ў магіле,
Другая ў тле. Аднак не ўсё так дрэнна!
Дастала хаатычная рухомасць:
То марш, то менуэт, то макарэна!
Сэнс існавання ўлез у падсвядомасць
І не вяртаецца. Аднак не ўсё так дрэнна!
Праз думкі, рыфмы, вобразы і словы
Дабраўся да апошняга катрэна
І вызначыў, што верш не адмысловы
І роспачны. Аднак не ўсё так дрэнна!
“Слонімская газета”
(лістапад 2007 – пад назвай “Аптымістычнае”)
Не думаў, што пасля перабудовы лёс падкіне яшчэ адно выпрабаванне. Каб іх халера ўзяла, няўрымслівых авантурыстаў сусветнага маштабу! (SC)
АНТЫКРЫЗІСНАЯ
– Што адбываецца ў свеце? – А проста бардак.
– Проста бардак, вы так лічыце? – Ды несумненна.
І зразумець давядзецца, што добра, што дрэнна.
Бо па-нармальнаму жыць не выходзіць ніяк.
– Хто ж гэты крызіс чарговы арганізаваў?
Дзе ж падзяваліся мудрыя эканамісты?
– Ёсць апроч іх элітарныя, блін, глабалісты,
Што разумеюць “ціп-топ”, “ёлкі-палкі” і “ваў!”
– Што ж пасля гэтага будзе? – А будуць кранты.
– Будуць кранты, ёсць упэўненасць? – Без агаворак.
І разабрацца не ўдасца, хто сябар, хто вораг.
Страцяць апломб і міністры, і нават менты.
– Чым жа ўсё гэта закончыцца? – Будзе дэфолт.
– Будзе дэфолт, вы мяркуеце? – Без варыянтаў.
І да пячонак, а не пашанцуе – да гландаў
Будзе засаджаны нам антыкрызісны болт.
– Што вынікае з таго? – Ды нічога амаль.
Перабудову, успомніце, мы перажылі.
Праўда, камусьці смяротныя плацці пашылі…
Будзе ў законе бандыцтва, бамжарства і шмаль.
– Што ж нам параіць магчыма? – Усё мітусня.
Не забывайцеся есці і савакупляцца.
– Вы так мяркуеце, рана пакуль што страляцца?
– Я так мяркую: фігнёй застанецца фігня.
Колькі б жыццё не вучыла, супынку няма.
Цывілізацыя не перастане лажацца!
Я не паверу, што зможаце вы адказацца
Грамаў па трыста прыняць, бо навокал зіма.
Дзе там той крызіс, калі стала цёпла ўнутры?
Маску хай той надзявае, чый твар несумленны!
Не напалохаеш нас: мы народ незгібенны…
І раз-два-тры, раз-два-тры,
Раз-два-тры, раз-два-тры.