Пэўна, водгукі “чорнай” музы. Ну што ж, выпрабаванне часам не ўсе паэты вытрымліваюць.
ЭЗАТЭРЫЧНЫ ВІЗІТ
Нягучнае “Здароў!”
З усмешкаю нягеглаю,
Салодка-ліпкіх слоў
Сцякае эскімо…
Ён славы не чакаў –
Яна вакол не бегала.
І слова не шукаў –
Прыходзіла само.
Апошні парашут
Гнілой прашыты ніткаю.
І поспех, і правал – у нулявой цане.
…Палічка ўласных кніг
Пад назвамі някідкімі,
І, як абломкі крыг, –
Дыпломы на сцяне.
Да краю давяло
Памкненне асцярожнае:
Артрытнае крыло
І вышчарблены нож…
І раптам як наказ
Гучыць непераможнае:
“Праз некаторы час
Ты прыйдзеш да таго ж!”
Што не тваё – не руш!
Фінальнай стане кропкаю,
Перацячэннем душ,
Сіндромам дэжавю
Банальнае, як скон,
Нахабна-нетаропкае,
Што колісь думаў ён:
“Ды не, не дажыву!”
Апісальны верш, амаль дыягназ. Нярэдка даводзіцца пра нешта падобнае чуць, а часам нават назіраць. А бывае, і адчуваць, што рыса амаль няўлоўная, і больш ад збегу абставін, чым ад чалавека, залежыць, калі гэта ўяўная рыса з маху паласне па здароўі, падзяліўшы жыццё на “да” і “пасля”. Пры ўмове, што хоць нейкае “пасля” будзе…
АПАПЛЕКСІЯ
Зноў мабілка бязлітасна вуркае –
Зноў халодная цёмная раніца.
І не піў, а маторчык грукае,
І не бег, а дыхалка збіваецца.
Жонка сноўдае фурыяй грознаю,
Моўчкі бразгае ў кухні каструлямі…
Дваццаць год пражылі, а ўсё розныя:
Пад прыдзіркамі – як пад кулямі.
Ставіць пасткі начальства подлае –
Рэнамэ да крыві расквасілі!
Сіл не стала важдацца з кодлаю,
А сарвацца – няма вакансіі.
Ды яшчэ пасварыўся з калегаю…
Выйшаў вон.
А паветра – з прымессю!
І сабачая зграя бегае –
Хоць вярніся і нешта вынесі.
Не абгаўкалі, не абнюхалі –
Знаць, свае ў іх турботы з пакутамі.
…Ледзь не ў лоб – з маладымі зухамі!
Воглы золак, а ўжо кірнутыя.
У руцэ – аняменне са стомаю;
І цяжэе-цяжэе патыліца…
На прыпынку, нібы знаёмаму,
Нехлямяжая баба хмыліцца.
Раптам торгнула па-сапраўднаму!
Адхіснуўся, бы пад накаўтам.
Бразь – снапом! А змаганне са спазмамі
Завяршылася ўдарам асфальтавым.
Шэры колер маркёрна-алоўкава
Ўвідавок пунсавеў знасцежана.
…Страпянуліся і завохкалі,
Пачалі рабіць, што належала.
Адбылося вяртанне бачнае
З непрытомнасці ды ў прастрацыю:
Вочы бегалі, рукі дрыжачыя
Нешта сутаргава намацвалі.
Людзі сталі бязвольна-ціхуткімі
Ад рэфрэннага: “Вось яно – жыцейка!”
А пакуль даімчала “хуткая”,
Шмат крывішчы ў прыямак выцекла.
А аўтобусы ўсё мяняліся
Пасажырамі, бы цаглінамі.
І праз дзесяць хвілін шматадрасна
Відавочцы прыпынак пакінулі.
Падыходзілі людзі новыя –
Хто з пакетам, а хто з валізамі.
Побач з імі сабакі дваровыя
Кроў няспешна з асфальта злізвалі.