Выбрать главу
БЕЗ НАТХНЕННЯ
Ты то корміш, то доіш хімеру, Побач лярваю муза ляжыць. Годзе тузаць алоўкам паперу: Што тваё – ад цябе не збяжыць!
Скідвай німб і не вер у харызму, Злезь са сцэны, прастуй у фае! Шмат падстаў у твайго песімізму, А ці трэба падстаўкі твае?
Бо пасля, як усе мы загінем І згніюць у зямлі карані, На ўспаміны нашчадкам пакінем Не паперу – адны камяні.
“Гоман” (сакавік 2006); “Наша Ніва” (травень 2006)

Не сакрэт, што надвор’е ўплывае на душэўны настрой. Яно само па сабе – крыніца натхнення. Менавіта таму ў большасці паэтаў ёсць вершы, прысвечаныя (ці прымеркаваныя да) пэўнай пары года. У мяне таксама, хоць апісальніцтва – не мая стыхія.

КАСТРЫЧНІЦКАЯ МРОЯ
Дрэвы апрануць кідкія касцюмы, Як на баль “Для тых, каму болей за…” Восень падаб’е і акругліць сумы, А пасля ў разлік выдасць гарбуза.
Скрыюць копы хмар прамяні ў далоні, Ціша захіне векам ад труны, Вецер-самахвал сыпне снег на скроні, У паўсне замруць думкі-валуны.
Але гахне гром – спыніцца планета! Адляціць увысь рэха ад грымот, І праз нейкі час зноў надыдзе лета. Сонца пабяжыць з захаду на ўсход!
Віхрам улячу ў велічную эру І пачну з нуля, з першага глытка… Знішчу ў свеце тым чыстую паперу, Каб не напісаць лішняга радка.
А святло і змрок скончаць кампрамісам (Гэтага ніхто колісь не міне!) – Фінішны радок з прочыркам-дэфісам Змогуць напісаць, пэўна, без мяне.
“Наша Ніва” (кастрычнік 2005); “Праца” (красавік 2006)

Верш такога ж кшталту, як і папярэдні. Тая ж мажорная наканаванасць.

ЗІМОВАЕ
Сонца зіркае жоўтай дзіркаю – Паглынае куртаты дзянёк. І маторамі горад гыркае, Каб было яго чутна здалёк.
Думкі смутныя, непакутныя, І спакойны, упэўнены крок. Бо памкненні ўсе шалапутныя, А настрой – як віхлясты шнурок. І ў заўсёднасці, мімалётнасці Столькі тлумнай бязглуздай “лапшы”, Што сумнеў бярэ ў несмяротнасці (Нават у існаванні) душы.
“ЛіМ” (люты 2006)

Шматтэмнасць – нетыповая рэч для маіх вершаў. Але, відаць, няма правілаў без выключэнняў.

ФАТАЛЬНАЕ
Сыходзяць леты і гады. Яшчэ далёка да змяркання. Таму душа, як і заўжды, Жадае праўды і кахання.
Імкнення імпульс, як сцябло, Што цягнецца з зямлі да сонца, Пакуль жыццёвае трапло Кастрыцай не шпурне на донца.
Але, мінаючы віры І плыткасці, імчыцца яхта: Ёсць спадарожныя вятры, І не закончылася вахта.
А лёс – ці мора, ці басейн? Сум – грэх: пасумаваў – пакайся. Сабраўся жыта сеяць – сей, Аднак пра смерць не забывайся.
Цераз памылкі і грахі І з верай трапяткой у прымхі Так важна завяршыць шляхі Ў свой час – без спешкі і затрымкі.
Любы маршрут – не адкрыццё. Амбіцыёзнасць – рэч тупая. А там – ці рай, ці забыццё, Бо пекла нам і тут хапае…
“Івацэвіцкі веснік” (кастрычнік 2006); “Гоман” (выпуск 2(5), 2007)

З гадамі разумееш, што істотна ў жыцці. Гэтае разуменне і, магчыма, нейкая засцерагальная чэрствасць дае магчымасць не тлуміць галавы людзям, а сцвярджаць пры сустрэчах, што ў тваім жыцці ўсё нармальна.

УСЁ НАРМАЛЬНА
Надзея выслізне, як мыла, Затушыць лівень цыгарэту. І мы скараемся бяскрыла Рухавай зменлівасці свету.
У аднастайным карагодзе Часамі выдасца прымеціць: Бацькі ў апошні шлях сыходзяць, Сталеюць без дазволу дзеці.
Вылазім з-пад маркоты стога, Страсаем з думак тлум і верад. І, як вядзе струна-дарога, Зашорана ідзём наперад.