Выбрать главу
“Вожык” (лістапад 2007 – надрукаваны са скарачэннем)

Эксперыментальны верш, бо лічу, што сапраўднае майстрэрства павінна выяўляцца і ў тэхніцы, якая ставіць перашкоды творцу, вымушае яго дэманстраваць прафесіяналізм або абмяжоўвацца ў выказваннях.

ХОКУІЗМЫ
На душы пуста У галаве лянотна Час пісаць хоку
Не друкуюся Гэтак хутка забудуць Ствараю хоку
Ва ўсім ёсць існасць Нават у маіх хоку Японцам дзякуй
Шчыміць у мазгах Чаму хоку без рыфмы У іх няма відаць
Як гучыць круцей “Хоку” ці можа “хайку” Абы “хы” было
Хто піша хоку Як таго лепш называць Можа “хокуіст”
Усход і Захад Не сысціся ніколі Здавайся Кіплінг
Пішу хоку зноў Не зайздросьце таленту Ён адпачывае
Дарагі паэт Верш без формы і думкі Як секс без пары
Класна напісаў Самому даспадобы Спрабуйма танка

Як бы ні вымагаўся паэт, нешта заўсёды па розных прычынах застанецца нерэалізаваным. Падалося правільным аб’яднаць “закадравае” хаця б назвай.

НЕНАПІСАНАЕ
……………..
………...
………..?
………..
………,
………………..!
………………..

ВЕРШЫ СА ЗБОРНІКА “ФОТААЛЬБОМ” (2003)

ФОТААЛЬБОМ
Патрапіў зноў да лёсу я ў абдымкі, душу мне прыкрасць наждаком скрабе… Разглядваю ў альбоме фотаздымкi: сягонняшні – мінулага сябе.
Маркочуся, бы ўночы на вакзале, чакаю, калі змрочны час міне: што мне мае адбіткі расказалі б, каб давялося ім сустрэць мяне?
Вось гэты хлопчык – босы, языкаты… (Такім не помню я сябе зусім!) Даў лататы, напэўна б, ён дахаты – я рознюся ад тых, хто побач з ім.
А гэты – вучань. Клас, здаецца, сёмы. (Ужо ў самога сын такі якраз!) Са мной бы гаварыў, як з незнаёмым, на “вы” мне штось мармычучы у адказ.
А вось студэнт – нястрыманы і бойкі. “Ну што, жывы яшчэ? – спытаў бы ў жарт. – Гарэлкі многа п’еш? Як я, ці колькі? І хто ты там: паэт? пісьменнік? бард?”
А вось жанаты я – сур’ёзна-жвавы. Сказаў бы сам сабе: “Не палысеў… Дзяцей ці шмат? Як з фізкультурай справы? А як мужык – не надта паслабеў?”
Вось на рабоце я. Ды іранічна кажу сабе: “Не выйшаў ты ў чыны… Як там перабудова – дынамічна? А хто на самым версе – зноў яны?”
А вось і я часоў гандлярства ў Польшчы – уеўся ў пухавік баула гуж. “Прыкід нармальны – пэўна, маеш грошы… Што? На табе той самы капялюш?!”
Зусім нядаўні здымак разглядаю – як у люстэрка на сябе гляджу. …Ён ні аб чым мяне не запытае, нічога я яму не раскажу…
Але пара з сабой у часе зліцца – ад варажбы не стане весялей! Альбом, закрыўшы, кіну на паліцу. І буду жыць далей, далей, далей…
ЦЕМРА
Водбліск неба разбіў, і наслала ўздагон вераб’іная ноч сваю хеўру. …Адляцеў, як не быў, растрывожаны сон. І наткнуліся вочы на цемру.
Дождж не хлышча ракой, не скуголіць гайня, не шабашыць нячыстая сіла – толькі змрок і спакой, цемра і цішыня… Што ж за трасца мяне разбудзіла?
І не помню, што сніў. Ці жывы, ці памёр? Без дыхання і пульсу ляжу я… Хто ўвесь свет зачарніў, хто той злосны грымёр, што маю недалужнасць віжуе?
Ад жахлівай жарствы нечакана хрыплю… І кляну сваю псіхіку-сцерву! А па тым, што жывы, вызначаю, што сплю, – і глыбей акунаюся ў цемру.