Выбрать главу
БЕЛАРУСАМ
Пакуль здрабняем на зямным абрусе мы маналіт мінулага на друз, не згасне сонейка над Беларуссю! …Але ці ведае яно пра Беларусь?
Пакуль рунее жытняя палоска і пожню сцеражэ саломы стог, нас не пакіне міласэрнасць Боска! …Але ці помніць беларусаў Бог?
Пакуль мы даглядаем захад продкаў, пакуль нашчадкаў досвітак глядзім, нас не звязе ў нябыт Харона лодка! …Але ці трэба гэта нам самім?
АД БЕЛАРУСАЎ
Бяззорней – лёс, імклівей – час. Той б’е ў званы, той джалам круціць. Чаго вы хочаце ад нас? Ваду навошта каламуціць?
Навошта нас цягнуць у яр? Вы хто? Калі ўжо разабрацца – нашчадкі шляхціцаў, баяр, ліцвінаў-вояў і казацтва.
А нам што веча, што статут, што дзіды, што мячы, што шаблі. Спрадвеку мучымся мы тут, а зброя наша – плуг ды граблі.
Не трэба вабіць барацьбой і спакушаць не трэба раем! Вы паваюйце між сабой – мы, як заўжды, перачакаем.
ПЕРАПЕЎ (SC)
Ціхаю рэчкаю – песня нясмелая, хмараю дымчатай сонца закрытае. Ой ты, надзея мая спарахнелая! Ой жа ты, мара мая незабытая!
Згубленым рэхам – падзеі даўнейшыя, мокне ад роспачы восень дачасная… А ці былі вы, гады мае лепшыя? А ці ляцелі з нябёс зоркі шчасныя?
Песня заціхне струною парванаю, гукам фальшывым, няскончанай нотаю… І адгукнецца душа закілзаная болем і жалем, журбой і маркотаю.
БАГІ
Навошта вам бераг другі і безліч гадоў немаркотных? А дзесьці сядзяць багі і слухаюць енкі гаротных.
Ды глушыць іх веку спакон свой гімн урачыста-хвалебны, бо ўжо надакучыў ім стогн – ліслівы, тупы, рабалепны.
“Чаго вам, стварэнні, яшчэ?! Жыццё ж – немалы падарунак. А Лета няспынна цячэ – вы знойдзеце ў ёй паратунак!
Навошта ж душою крывіць – і тузаць з-за дробязі Бога?” …І, каб яшчэ горш не зрабіць, не робяць наогул нічога…
ПЛОТ
Дні страляюць чаргой няўмольнаю, а бывае, што дзень – як год. …На Апанскага бесканвойныя рамантуюць турэмны плот.
Каб была агароджа бетонная: ім сядзець бы, а ёй – стаяць. Па-жыццёваму справа будзённая: плот падгніў – трэба дошкі мяняць.
Што ж, каму астравы Канарскія, але сёння няблага і ім. Безмазольныя рукі цяслярскія дапамогуць турэмным сваім.
Глянуць збоку: работа не танная! Бездакорнасць пакінуць для кніг. …Толькі зайздрасць прышчыміць спантанная, што бяліць суправодзяць другіх.
ШПАЦЫР
Цямнее. Сыра, як у склепе. Няма надзей, што будзе лепей. І вецер цягне, бы ў трубе… Ну што рабiць? – Іду сабе!
Мне лістапад прастудай грозіць, імжысты дождж схінае позірк. Дрыготкі, слотны сквер маўчыць… Ох, як бы ног не замачыць!
А мімаходзь пачую маты падпітага “электарату”: “Во, блін, надвор’е! Як жыццё!”
Ідзе прырода ў забыццё…
ЖАБРАЦКАЯ (S)
Не працягвай марна мне далонь, галеча, – мне ў яе сягоння нечага пакласці. Сам іду, панура апусціўшы плечы, – ні паперкі грошай, ні крупінкі шчасця.
Не глядзі з дакорам на мяне, старая, – я і сам сягоння праклінаю долю. Толькі я дакемiў, хто нас абірае, – ты ў сваім жабрацтве бачыш Боску волю.
Немагчыма звесці злыдняў тых, бабуля, – нават на распяцце могуць ахрысціцца! Толькі кол з асіны ці са срэбра куля – ды аховы столькі, што не падступіцца.
Кінь свае спадзевы на мяне, старэча, – я і сам сягоння бедны і галодны. Для мяне, па-твойму, гэта недарэчна… Але што ты зробіш – я паэт народны.