Выбрать главу
А як будуць грошы – п’яны і вясёлы я цябе ўзгадаю ды яшчэ ў прыдачу цыганятак бойкіх, хлопца з куксай голай і дзядка сівога, што наўмысна плача…
НА ДЗЯДЫ (SC)
Прыйшлі нашчадкі на магілы продкаў. Усклалі кветкі, лісце падмялі. Льюць успаміны разам з “Русской водкой” пра блізкіх, што ў зямлю сышлі з Зямлi.
Успамінаюць цёпла, немаркотна, дасціпна… …А ці так было, ці не? І хтосьці ўжо смяецца бесклапотна, а хтосьці ўспомнiў клопаты свае.
Час загаiў iх смутак невылечны. І кожны разумее ў глыбіні, што сам ён, пэўна, не такі ўжо вечны, як помнікаў гранітных камяні.
А тыя, хто сышоў, не наракаюць. Іх душы церпяць: што рабіць? – радня! І жвавымі вавёркамі чакаюць, калі заціхне гэта мітусня.
РАКА (S)
Як рака веснавая крыгаход усчынае, так душа мая рвецца са смугі кіпцюроў. Не шкадуй ты Радзіму, ёй шкадоба – не дзіва. Ёй патрэбны трэск пугі, каб з запечка ўспароў.
Мне душу залівалі то крынічныя хвалі, то заводскія сцёкі, то калгасны смурод… Не шкадуй ты прыроды, ты не знойдзеш з ёй згоды. Не шкадуй ты народа – дзе ты бачыш народ?
Плынь душы маёй, рэчкі, – ад пустышкі да свечкі. Дзе ў бязмежжа ўвальецца? Дзе вытокі бярэ? Не шкадуй небараку – ён забудзе, што плакаў. Не шкадуй недалугу – усё роўна памрэ.
НЕКАХАНАЙ
Я з сябе не выходжу, сам сабе не ўздыхаю і пагляд не адводжу, бо цябе не кахаю.
Я не добры, не злосны, не бяздарны, не ўмелы. І таму верш мой просты, што сюжэт зразумелы.
І бывае – смяюся, а часцей – пазяхаю… Я цябе не баюся, бо цябе не кахаю.
ПАЭТ І СНЯЖЫНКА (S)
Паміж зямлёй і небам снег кружыўся, і вечнай каляінай час ішоў… Ляцела ўніз пушыстая сняжынка з мільёнамі сябровак і сяброў.
Збіралася ў хлюпоце на газоне ў траве між недакуркаў паміраць. Ды заляцела ў цёплыя далонi – і ў іх не захацела раставаць.
Захоплены красой і чысцінёю, Паэт Сняжынцы промні цалаваў, і зоркай называў яе сваёю, і разгарацца ёй дапамагаў.
Калі ж імпэт яго пачаў драбніцца – спякотна стала з Зоркаю зусiм. Ён упрыгожыў Зоркаю званіцу, каб шчасце і надзею слала ўсім.
…І з ночы ў ноч, і з году ў год, Паэту мільгаючы з нябёснай прасціны, халоднай зоркаю зімой і летам плыве яго Сняжынка ў вышыні…
ПЕСНЯ АНЁЛА (S)
Ліха сатырам з кустоў забляяла. Выгук савы раскалоў цішыню. Змрок абступіў. Неяк холадна стала. І цыгарэта мігнула агню.
Ды ненадоўга святла іх хапіла! Свечкай, як німбам, свой твар асвячу, і развяду свае белыя крылы, і за аблокі ад вас палячу!
Гне гарызонт залатою дугою сонечны дыск, што ўсміхнуўся мне зноў. Мяккім цяплом мае крылы лагодзіць шчасце без межаў, любоў без краёў…
Я ажыву і душой уваскрэсну. І без тугі, і без жалю аб Ёй буду спяваць сваю светлую песню з чыстых нябёсаў над грэшнай Зямлёй!
Лёсам нязвыклым сябе супакою. Не завіруюся ў марнай журбе… Ты не мая – і не будзеш маёю! …Толькi вось як мне пражыць без цябе?
ТОЙ ГОД (S)
Гадзіны пад няўмольным метраномам знікалі, як зярняты ў баразне… А я з табой спаткаўся днём вясновым, калі наўзрыд ад сонца плакаў снег.
Ляцелі дні ў надзеі непрыкметна і абляталі, быццам квецень з лоз… А я з табой кахаўся ноччу летняй, калі зляцела зорачка з нябёс.
Затым былі спатканні і сустрэчы, і хвосткі дождж цвярэзіў галаву… А я згубіў цябе ў асенні вечар, калі каштаны падалі ў траву.