Выбрать главу
Кольца каўбаскі, піханай пальцам; Ззаду – аптовы закуп, магарыч… Знікла заступніцтва ў зладжанай валцы. А нападуць – толькі Бога і кліч!
Хвайна было б таргануць па дарозе: Быў бы барыш і заўзяты кірмаш! …Толькі ўся соль застанецца на возе, Бо ў Беларусі солі няма ж!
Пахаладае – гуньку накіну. Не дапаможа – гарэлкі глыну. І не заўважу, як за хвіліну Водар кавыль перадасць палыну.
Вось бы даехаць, убачыць радзіну, Хвацкі гармонік ушыр развярнуць! …Можа, даеду, а можа, і згіну, Можа, князі ўсё за так адбяруць.
Здасца, супынку не будзе ніколі: Я – і прастор, цішыня і спакой. Пыл узнімаецца, стукаюць колы, Цягнецца воз па дарозе пустой.
“СБ Беларусь сегодня” (студзень 2010)

Магчыма, тое “казацтва”, якое перадалося праз продкаў, дало магчымасць стварыць гэту песню. А можа, закарціла па кароткіх радках і стылізацыі ўсечасна папулярных напеваў. (S)

КАЗАЦКАЯ
Леглі травы росныя На былыя дні. Залатымі косамі – Сонца прамяні.
Шчасце ты казачае – Стэпы ды равы… Што вы, кані, плачаце? Я ж яшчэ жывы!
Ах ты, доля рваная – З гор і курганоў. Не чакай, каханая, Казака дамоў.
Роем пчолаў з вулею – Думкі з галавы. Размінуўся з куляю – Значыцца, жывы.
Вецер смяглы дыхае Пахам палыну. Льецца песня ціхая, Лашчыць гук струну.
А з нябёс курлыкаюць Сумна журавы. Нібы ў вырай клікаюць… Але ж я жывы.
Для душы астылае Распалю касцёр За радзіму мілую, За братоў-сясцёр.
Залівае хваляю Рэчка паплавы. Размінуўся з шабляю – То яшчэ жывы.
Воля мая крохкая, Як мне жыць, парай! Сцежкаю-дарогаю – У далёкі край.
Груганова карканне, Вухканне савы… Толькі гінуць рана мне – Я пакуль жывы.
“Полымя” (чэрвень 2005)

Верш-сон, ад якога ўдалося захаваць настрой і асноўныя моманты. У баладным вершы пададзена дваццацігадовая этапная разбіўка чалавечага жыцця. Правільнай лічу пятнаццацігадовую – па ўзростах свядомасці. (S)

НАЧНЫ БАЛЬ
Узнеслася поўня над лесам, бы шарык надзьмуты. Святлом ад кандэлаў палац азарыўся знутры. Шыкоўны быў баль – і петарды ўзляталі салютам, І тузалі віяланчэлі Еўтэрпы майстры.
І ззялі ад шчасця свайго жаніхі і нявесты. Бруілі фігуры кадрылі, як звонкі ручай. Прывабныя людзі рабілі прыгожыя жэсты. А я, нехлямяжы, шукаў, куды скінуць адчай.
Ды прыкрая зайздрасць патрохі завяла і знікла – Да гэтай вясёлай гурмы быў прыбіцца гатоў. Пакуль разважаў, грацыёзная музыка сціхла. І раптам усе пастарэлі на дваццаць гадоў.
Кружыліся ў вальсе чаруючым сталыя пары – Паменела іх, стаў спакойным кандэлаў агонь. Мужчыны аб нечым пустым расшумеліся ў бары, А нехта з жанчын неўпрыкмет пазяхаў у далонь.
Сярод гаманы шматгалосай у зале палаца, Якая глушыла часамі напевы альтоў, Здалося, што нехта паклікаў. Памкнуўся падацца – Ды раптам усе пастарэлі на дваццаць гадоў.
Сівых кавалераў вялі распаўнелыя дамы. А большасць глядзела, бо так дазваляў этыкет. А скрыпкі ігралі даўно з манатоннасцю гамы Мінорна-бясстрасны, як восеньскі дождж, менуэт.
І шмат хто з жанчын быў, напэўна, зусім без партнёра: Яны назіралі за танцам з самотнасцю ўдоў. Хацелася нешта сказаць, каб усіх падбадзёрыць, – Ды раптам усе пастарэлі на дваццаць гадоў.
Не танцы ішлі, а тужліва кагось адпявалі. Было відавочна, што трызнай закончыўся баль. Зляталі са струнаў матываў жалобныя хвалі – То ў тон са старымі заплакаў бяздушны раяль.
Пранеслася ўдалеч жыццё залачонай карэтай. І гаснуць кандэлы, і пройдзены шлях да кладоў. Пара развітацца з палацам і выйсці адгэтуль… Ды раптам усё пастарэла на дваццаць гадоў.