Выбрать главу

— Я так баюся дактароў, дарагая, — сказала міс Уорэн, радуючыся ў душы: вельмі пашанцавала, што дзяўчына ведае Цынера. — Спярша давайце крышачку пагаворым: мне трэба супакоіцца. Як вас завуць, мілачка?

— Корал Маскер.

— Можаце называць мяне Мейбл. Мейбл Уорэн. У мяне ёсць пляменніца, вельмі падобная да вас. Я працую ў Кёльне, карэспандэнтам у адной газеце. Абавязкова прыязджайце наведаць мяне як-небудзь. Цудоўная кватэрка. Вы зараз у адпачынку?

— Я танцую. Еду ў Канстанцінопаль. Там захварэла адна дзяўчына ў ангельскім шоў.

Трымаючы руку дзяўчыны ў сваёй, усхваляваная да глыбіні сэрца, Мейбл Уорэн раптам адчула неадольнае жаданне праявіць сваю шчодрасць самым абсурдным спосабам. Чаму б не адмовіцца ад надзеі захаваць пры сабе Джанет Пардаў і не прапанаваць гэтай дзяўчыне скасаваць кантракт і заняць месца Джанет у якасці платнай кампаньёнкі?

— Вы такая прыгожанькая, — уголас сказала яна.

— Прыгожанькая, — паўтарыла Корал Маскер. Яна нават не ўсміхнулася — нішто не магло пахіснуць яе недаверу. — Вы што, кпіце з мяне?

— Мая дарагая, вы такая добрая і мілая.

— Вось тут вы сапраўды маеце рацыю, — загаварыла Корал Маскер крыху вульгарным тонам, і гэта на імгненне азмрочыла мары Мейбл Уорэн. Дзяўчына гаварыла ўмольна: — Хопіць ужо гаварыць мне пра маю дабрыню. Лепей скажыце ізноў, што я прыгожанькая.

Мейбл Уорэн пагадзілася з вялікай ахвотай:

— Мілачка мая, вы проста цудоўная. — Велізарнае здзіўленне, з якім дзяўчына выслухала яе, было кранальнае: слова «цнота» мільганула ў разбэшчанай гарадскім жыццём свядомасці Мейбл Уорэн. — Вам ніхто ў жыцці не казаў гэтага? — нецярпліва і недаверліва спытала Мейбл Уорэн з маленнем у голасе. — Нават ваш малады сябар у вагоне-рэстаране?

— Я знаёмая з ім вельмі мала.

— Думаю, вы дастаткова разважлівая, мая дарагая. Жыдам давяраць нельга.

— Вы лічыце, што ён падумаў тое самае? — павольна сказала Корал Маскер. — Што ён мне не спадабаўся, бо ён жыд?

— Яны ўжо прызвычаіліся да гэтага, дарагая.

— У такім разе я пайду і скажу яму, што ён мне падабаецца, што мне заўсёды падабаліся жыды.

Мейбл Уорэн злосна працадзіла скрозь зубы шэптам непрыстойную лаянку.

— Што вы сказалі?

— Вы ж не кінеце мяне ў такім стане, пакуль не знойдзеце доктара? Паслухайце, маё купэ ў самым канцы цягніка, я еду з пляменніцай. Я пайду туды, а вы пашукайце доктара.

Яна прасачыла, як Корал Маскер знікла, і праслізнула ў туалет. Паравоз раптоўна спыніўся, а потым даў задні ход. Глянуўшы ў акно, міс Уорэн пазнала шпілі Вюрцбурга, мост цераз Майн. Паравоз заганяў пад навес вагоны трэцяга класа, манеўруючы ўзад і ўперад паміж сігнальнымі будкамі і запаснымі пуцямі. Міс Уорэн пакінула дзверы прыадчыненымі, каб назіраць за калідорам. Калі з'явіліся Корал Маскер і доктар Цынер, яна зачыніла дзверы і пачакала, пакуль іх крокі не заціхлі. Ім было яшчэ доўга ісці па калідорах, і, калі яна паспяшаецца, часу ёй хопіць. І выслізнула з туалета. Перш чым яна паспела зачыніць дзверы, цягнік таргануўся і рушыў, і дзверы з бразгатам зачыніліся, але ні Корал Маскер, ні доктар Цынер не абярнуліся.

Мейбл Уорэн нязграбна пабегла па калідоры, імклівы ход цягніка кідаў яе ад адной сцяны да другой, яна ўдарыла руку і калена. Пасажыры, якія вярталіся са снедання, прыціскаліся да вокнаў, каб прапусціць яе, некаторыя лаяліся па-нямецку, ведаючы, што яна ангелька, і думалі, што яна іх не разумее. Яна злосна ўсміхалася ім услед, паказваючы вялізныя пярэднія зубы, і бегла далей. Патрэбнае купэ знайсці было лёгка — яна пазнала плашч, які вісеў у кутку, і мяккі паношаны брыль. На сядзенні ляжала ранішняя газета: доктар Цынер, пэўна, купіў яе некалькі хвілін таму на вакзале ў Вюрцбургу. За той кароткі час, пакуль яна даганяла Корал Маскер, яна прадумала кожны свой ход: пасажыр, які ехаў у тым самым купэ, снедае ў рэстаране, доктар Цынер шукае яе на другім канцы цягніка, і яго не будзе, прынамсі, некалькі хвілін.

За гэты час яна павінна шмат што разведаць, каб прымусіць яго загаварыць.

Спачатку плашч. У кішэнях нічога не было, акрамя пачка запалак і цыгарэт «Голд Флейк». Яна ўзяла брыль і прашчупала стужку і паглядзела за падшыўкаю. Ёй ужо даводзілася часам знаходзіць вельмі патрэбную інфармацыю, схаваную ў брылі, але ў доктарскім нічога не аказалася. Зараз наступіў самы небяспечны момант вобыску — бо брыль і нават кішэні плашча можна агледзець непрыкметна, а сцягнуць чамадан з сеткі, узламаць замок сцізорыкам і падняць века — гэта ўжо надта падводзіла яе пад пагрозу быць абвінавачанай у крадзяжы. Дый яшчэ адно лязо сцізорыка зламалася, калі яна корпалася з замком. Кожны, хто пройдзе міма купэ, адразу здагадаецца, чым яна тут займаецца. З пакрытым потам ілбом яна ўсё болей шалела ад спешкі. «Калі мяне заспеюць тут, звальнення не пазбегнуць. Самая танная газеціна ў Ангельшчыне не даравала б такога, а калі мяне выганяць, я страчу Джанет і шанцы займець Корал. А калі дасягну сваёй мэты, — думала яна, тузаючы, піхаючы, абдзіраючы пазногці, — мне дадуць усё, што захачу, у абмен на такі матэрыял можна будзе патрабаваць надбаўку, прынамсі, чатыры фунты ў тыдзень. Я змагу наняць большую кватэру. Калі Джанет даведаецца пра гэта, яна вернецца да мяне, тады ўжо яна мяне не кіне. За такія грошы я куплю сабе шчасце і спакой», — мільганула ў галаве, і замок, нарэшце, падаўся, века паднялося, і яе пальцы дабраліся да тайнікоў доктара Цынера. І першым такім тайніком быў шарсцяны бандаж.