— Адчапіся! Вечна ты лезеш да мяне.
Капітан Алексіч прачнуўся і сказаў з вялікай палёгкай:
— Ну вось, нарэшце, і закончылі.
Доктар Цынер, які ўтаропіўся ў адну кропку на падлозе, злева ад вартаўніка, павольна вымавіў:
— Гэта быў не суд. Яны прыгаварылі мяне да смерці перш чым пачалі судзіць. Памятайце, я паміраю, каб адкрыць перад вамі шлях у будучыню. Смерці я не баюся. Жыццё маё не вартае таго, каб баяцца смерці. Мне здаецца, што ад мяне мёртвага болей карысці. — Але пакуль ён гаварыў, яго ясны розум падказаў яму, што наўрад ці яго смерць каму-небудзь прынясе карысць.
— «Арыштаваны Рычард Цынер прыгаворваецца да смяротнага пакарання, — прачытаў палкоўнік Хартэп. — Прыгавор будзе прыведзены ў выкананне афіцэрам, які камандуе гарнізонам у Субоціцы, праз тры гадзіны».
З хвіліну ўсе сядзелі моўчкі, як на канцэрце, калі выкананне закончана і публіка не ўпэўнена, ці надышоў час апладзіраваць. Корал Маскер прачнулася. Яна не магла адразу ўцяміць, што тут адбываецца. Афіцэры размаўлялі паміж сабой, перагортвалі паперы. Потым адзін з іх аддаў каманду, вартаўнікі адчынілі дзверы і пайшлі насустрач ветру і снегу да белых зацярушаных будынкаў.
Арыштаваныя выйшлі за імі, тулячыся адно да аднаго сярод снежнай завеі, што агарнула іх. Не паспелі яны крыху адысці, як Ёзеф Грунліх тузануў доктара Цынера за рукаў.
— Чаму вы нічога не гаворыце мне? Што будзе са мной? Вы ідзяце і маўчыце, — бурчаў ён, цяжка дыхаючы.
Грунліх замоўк, з пільнай увагаў разглядаючы размяшчэнне будынкаў. Ён спатыкнуўся на рэйках і сярдзіта прабурчаў нешта сабе пад нос.
— А я? Што будзе са мной? — спытала Корал.
— Вас адправяць дадому заўтра.
— Але я не магу туды ехаць. Мне трэба на працу. Я страчу яе. А як жа мой сябра?
Яна з самага пачатку баялася гэтага падарожжа — баялася не зразумець, што ёй казалі насільшчыкі, баялася нязвыклай ежы — і не ведала, чым усё гэта скончыцца. У той момант, калі памочнік капітана аклікнуў яе на мокрым прычале ў Остэндэ, яна гатовая была павярнуць назад. З таго часу адбылося шмат розных падзей, а цяпер ёй давядзецца вяртацца ў тую самую кватэру, да скібак падсмажанага белага хлеба і апельсінавага соку на снеданне, да доўгага чакання на лесвіцы каля агенцтва разам з Айві, і Фло, і Філам, і Дзікам. Усе яны ветлівыя юнакі і дзяўчаты, з імі цалуешся і называеш іх проста па імені, хоць і зусім іх не ведаеш. Блізкасць з кім-небудзь адным можа парушыць свет сяброўскіх адносін: пачынаеш адчуваць агіду да жаночых пацалункаў і да іх гучнага шчэбету, звыклае жыццё робіцца крыху нерэальнае і вельмі сумнае. Нават доктар, які крочыў перад ёй, у гэтым нерэальным свеце не выклікае ў яе цікавасці. Але, калі яны дайшлі да залы чакання, яна ўспомніла, што трэба спытаць у яго:
— А вы? Што будзе з вамі?
— Мяне затрымаюць тут, — няпэўна адказаў ён, забыўшыся прапусціць яе перад сабою, калі яны ўваходзілі ў залу.
— Куды яны мяне пасадзяць? — спытаў Ёзеф Грунліх, калі дзверы за імі зачыніліся.
— А мяне?
— На гэтую ноч, я думаю, у казармы. Цягніка да Белграда няма.
Печ ужо астыла. Ён паглядзеў у акно, спрабуючы ўбачыць сялян, але ім, пэўна, надакучыла чакаць, і яны пайшлі па дамах.
— Нічога не зробіш, — з палёгкай вымавіў ён і дадаў сумным гумарам: — Быць дома — гэта ўжо нешта.
На імгненне ён убачыў, як стаіць перад бясконцай прасторай, поўнай сасновых парт, перад радам злосных твараў, і нагадаў той час, калі сэрца ў яго ныла ад іх дзіцячага свавольства, патаемных сігналаў і прытоенага смеху — калі настаўнік не можа падтрымліваць парадку ў класе, яго абавязкова звальняюць. Але яго ворагі даравалі яму тое, чаго ён ніколі раней не меў: бяспеку. Не трэба было нічога вырашаць. Ён жыў у спакоі.
Доктар Цынер пачаў напяваць нейкі матыў.
— Гэта старадаўняя песня, — растлумачыў ён Корал Маскер. — Каханы кажа: «Я не магу прыйсці ўдзень, бо я бедны і твой бацька нацкуе на мяне сабак. Але ўначы я падыду да твайго акна і папрашу цябе ўпусціць мяне да сябе». А дзяўчына адказвае: «Калі забрэшуць сабакі, стой, схаваўшыся ў цень сцяны, я спушчуся да цябе, і мы разам пойдзем у гушчар фруктовага саду».
Ён праспяваў першы куплет злёгку хрыплаватым голасам, таму што даўно не спяваў. Ёзеф Грунліх, седзячы ў кутку, пахмурна паглядзеў на спевака, а здзіўленая Корал, стоячы каля астылай печы, слухала з задавальненнем, бо доктар, здавалася, памаладзеў і быў поўны аптымізму. «Уначы я прыйду да твайго акна і папрашу цябе ўпусціць мяне да сябе». Ён звяртаўся не да сваёй каханай, словы гэтыя былі бяссільныя выклікаць у памяці твар дзяўчыны з тых гадоў, калі ён займаўся палітыкай і цалкам падначаліў сябе адзінай мэце, але яго бацькі з дакорам хіталі добрымі маршчыністымі тварамі: яны ўжо не ставіліся з глыбокай пашанай да адукаванага чалавека, доктара, амаль джэнтльмена. Потым крышку цішэй ён яшчэ раз праспяваў партыю дзяўчыны. Яго голас гучаў не так хрыпла, ён, пэўна, калісьці быў прыгожы. Адзін вартаўнік падышоў да акна і зазірнуў у залу, а Ёзеф Грунліх раптам заплакаў характэрнымі тэўтонскімі слязамі, думаючы пра сірот, засыпаных снегам, пра прынцэс з ледзяным сэрцам і зусім не ўспамінаючы пра Кольбера, чыё цела зараз везлі па брудных гарадскіх вуліцах у пахавальнай машыне ў суправаджэнні двух пахавальных агентаў і аднаго праважатага ў таксі, пажылога халасцяка, цудоўнага гульца ў шашкі. «Стой, схаваўшыся ў цень сцяны, і я спушчуся да цябе». У свеце панаваў хаос: беднякі паміралі з голаду, а багацеі не рабіліся ад гэтага больш шчаслівыя, злодзея маглі і пакараць, і ўзнагародзіць тытуламі, у Канадзе палілі пшаніцу, у Бразіліі — каву, а ў беднякоў яго роднай краіны не хапала грошай на хлеб, і яны паміралі з голаду ў халодных пакоях. Свет раскалоўся, і ён некалі рабіў усё магчымае, каб навесці ў ім парадак, але цяпер з гэтым пакончана. Цяпер ён нічога не мог зрабіць, але ён быў шчаслівы. «Мы пойдзем туды, у гушчар фруктовага саду». У памяці зноў не ўзнікла ніякай дзяўчыны, якая прынесла б яму палёгку, а толькі журботныя і цудоўныя твары беднякоў, якія навявалі на яго спакой. Ён зрабіў усё, што яму было пад сілу, нічога большага ад яго і не чакалі. Беднякі надзялілі яго ўсведамленнем безвыходнасці, адкрылі перад ім таямніцы сваёй духоўнай прыгажосці, сваіх радасцей і бед і павялі яго ў цемру, поўную шапацення лістоты. Вартаўнік прыціснуўся тварам да акна, і доктар Цынер перастаў спяваць.