Выбрать главу

Фэлік, нарэшце вызваліўшы рукі ад руля, не асцерагаецца, што мы ўсё бачым, прыхінуўся, абняў Вікцю, i яна, мусіць, не зусім шчыра пішчучы, не адрывалася ад яго, сядзела побач, пакуль ён не пацалаваў яе ў шчокі. Толькі пасля выскачыла з кабіны, скокнула ў роў, шчасліва пасміхалася. У гэтую хвіліну яна — высакаватая, вельмі стройная ў трыко — была надта харошая, як красуня на карцінах.

Вікця, усё смеючыся, паднялася, стала адною нагою на задняе кола машыны — яе трыко пры гэтым яшчэ больш абціснулася, паказала, якія стройныя яе ногі,— ухапілася рукамі за борт кузава і, матлянуўшы кароткімі распушчанымі валасамі, перавязанымі ля галавы гумкай, ускочыла наверх. Адчыненыя дзверцы ўсё яшчэ хіляліся, рыпелі.

Сюды высунуўся Фэлік, прыжмурыў левае вока. Я не вытрываў гэтай пераможнай ухмылкі, адвёў позірк; маўклівы Антон нават не зірнуў на машыну сваім адным вокам, нібы нічога не бачыў i не чуў. Я ж коса кінуў яшчэ позірк на Вікцю: яна, седзячы на каменнях, глядзела на нас, пасміхалася («Няўжо так усцешыла яе Фэлікава заляцанне?»), а пасля, сустрэўшыся позіркам з маім, нечакана пасур’ёзнела.

— Малавата, малавата вы, хлапцэ, падагналі! — заківала яна галавою. — Можна было i далей умасціць. Відаць, болей сядзелі, чым рабілі.

Антон прамаўчаў, толькі, здаецца, яшчэ больш сярдзіта, раздзімаючы шырокія ноздры ды прыкусваючы сасмяглыя вусны, заляскаў калодкай, i я зразумеў, чаму ён сярдзіты: i ён, як i ўсе астатнія хлопцы, нядаўна гэтаксама заляцаўся да красуні Вікці, i яна спачатку яму, як i кожнаму, усміхалася, жартавала, заманьвала, а пасля высмеяла за гэтае кавалерства, асаромела. Хлопцы-няўдачнікі хутка перажылі гэта, па-ранейшаму ліпнуць да яе, а Антон зацяўся — не дакарае, не ліпне, але болей яе як не бачыць.

— Дзе дзядзька Стась? — спытала Вікця. — Трэба нацкаваць яго на вас — лепей будзеце таўчы… З такім спрытам мы i да зімы нейкую там вярсту не забрукуем i нічога не заробім… Таўкачы!

Антон зноў прамаўчаў. А я не ведаў, як трэба аджартаваць. A апраўдвацца, што мы добра працуем, стараемся, не варта: Вікця ўсё роўна яшчэ да печага прычэпіцца, скажа дасціпней, а то i асароміць, не дасць, каб яе перагаварылі.

Фэлік — невысокі, але плячысты, у вайсковых зялёных штанах i ботах, у чырвонай майцы — вылез з кабіны, адшчапіў бліжэйшы ад сябе борт — каменне абсунула, выгнула яго, як адшчапіў i з другога боку, адскочыўся, кінуўшы борт уніз: у кузаве было поўна камянёў, i палавіна ix адразу, абіваючы край борта i грукочучы, пасыпалася ў роў. Узбіла там перагрэты пясок, стукалася адзін аб адзін ды пырскалася дробненькімі адбітымі кавалачкамі. Некаторае, руда-чырвонае ўсярэдзіне, крохкае, каменне расколвалася папалавіне, а то i зусім на маленькія драбкі. Калі каменне далей само не падала, Вікця i Гэлька пачалі піхаць каменне нагамі — i яно адно за адным кацілася долу, на верх крушні.

— Не згружвайце ў адну кучу! — нарэшце, прыпыніўшыся, зірнуў на грузчыкаў i сярдзіта сказаў Антон. — Трэба думаць i пра тых, хто будзе ix тут разносіць.

Грузчыцы паслухаліся яго, намесніка брыгадзіра i вельмі сур’ёзнага хлопца, перасталі скідаць, прыхінуліся да таго борта, што — цяпер добра не змацаваны — перагінаўся i гайдаўся; Фэлік, пасміхаючыся сам сабе, як змаўляючыся, падміргнуў Вікці, падаўся ў кабіну i ад’ехаўся — як ехаў i машыну падтрасала, з кузава па адным падала долу каменне. Прыпыніўся за крокаў дваццаць, i грузчыцы рукамі пачалі ўжо браць i скідаць на дарогу астатняе каменне.

Калі зірнуў на янкоўскі прылесак, я ўбачыў, што сюды пешшу ідуць грэйдэрыст, скрэперыст i брыгадзір. Значыць, пойдзем ужо на полудзень.

Вадзіцелі прыпыніліся ля машыны i пачалі жартаваць з грузчыцамі, брыгадзір, дзядзька Стась — гадоў трыццаці васьмі, высокі лысы мужчына, адзеты ў новыя шэрыя штаны, жоўтую з кароценькімі рукавамі тэніску, у саламяным капелюшы — падышоў да нас з Антонам, зірнуў, колькі i як мы тут зрабілі без яго, пасля зайшоў на ўтрамбаваны намі брук, стаў на край уплясканага ў цвёрды дол каменя i пагойдаўся на адной назе, — але ні камень, ні пясок вакол яго нават не зварушыліся. Раней, як толькі я пачынаў брукаваць, было, што камень кратаўся, i мне прыходзілася вяртацца i перабрукоўваць. Дзядзька Стась патаптаўся яшчэ па некалькіх маіх i адным-двум Антонавых каменнях i ix не зрушыў, але нам нічога не сказаў. Падышоў затым да правага боку дарогі, дзе стаяў я, прысеў i паглядзеў, ці ладна — роўненька па нацягнутым шнуры — клаў я ля ўзбочыны каменне. Доўга пазіраў i зноў маўчаў.