Выбрать главу

— Ты самы лепшы за ўсіх… Я цябе люблю… — зашаптала Вікця, i я паверыў i не паверыў у яе шчырасць, але зусім разгубіўся: вось, вось яно, каханне! — Сёння будуць у нас танцы, прыходзь. Буду танцаваць толькі з табою, вось паглядзіш…

Яна адпусціла рукі — i я мігам адскочыўся, як ад нечага недазволенага, грэшнага, сеў i з сорамам падумаў, што ўсе чулі яе гэтыя словы, усе бачаць на маёй шчацэ след пацалунка.

— Не ўцякай, паляжы ля мяне… — шапнула Вікця, паляпала рукою ля сябе на зямлі.

— Яшчэ адна будзе ахвяра любві…— уздыхнуў Васіль. — Ну i крывапіўка: нават дзіця не пашкадавала! Але глядзіце, людзі, хлапчанё, а як расчырванеўся! Чуе ўжо — халера — бабу… Зашумела маладая кроў…

Вікця міргнула, каб я не зважаў, але пасля такіх Васілёвых слоў я не магу не толькі прылегчы ля яе, але не магу ўвогуле тут быць: мне хочацца праваліцца скрозь зямлю. Але адчуваю, што Вікця мілая, добрая; так смяялася з yciх, бо ўсе залішне смелыя, недалікатныя, а я вось далікатны, i яна адчула гэта. I, можа, не толькі адчула, але i пакахала. Як i я яе. З першага позірку.

Усё ж які добры i мілы гэты наш свет! Як добра жыць у ім!

…На танцах у вялікім «смусаўскім клубе» Вікця — у чорнай кароткай спадніцы, у белай блузцы з маленькімі рукавамі, з пышнай прычоскай — была самая харошая з усіх дзяўчат.

Амаль цэлы вечар яна папраўду танцавала толькі са мною. Сама запрашала на дамскія вальсы, не адпускала, калі канчалі танцаваць, адводзіла мяне ў куток i абы пра што пыталася — я адказваў i добра не ведаў, што гаварыў ці добра гаварыў. Калі зноў пачынаўся танец i хто-небудзь з хлопцаў прыставаў да нас, яна ціснула мяне за локаць — i мы зноў ішлі танцаваць. Ад кружні, хвалявання я ўзмакрэў, ды яшчэ без толку, каб выглядаць больш стала i вабней, адзеў касцюм, кашулю i гальштук. Другім хлопцам, адзетым у штаны i лёгкія тэніскі, было нашмат вальней i лягчэй.

Я i радаваўся, што ўвесь час з Вікцяю, нікому яе, прыгожую, мілую, не аддаю, i трывожыўся, што вось-вось яна кіне мяне на насмешкі: бачыць жа маю таўкачаватасць. Збяжыць да некага другога, больш гаваркога, смелага: вунь колькі хлопцаў пазірае на мяне з зайздрасцю!

Як зайгралі развітальны марш, Вікця ўчапілася за маю руку i прытрымала, каб усе выйшлі. Толькі мы пасля ступілі ў сені-веранду, дзе звычайна перад пачаткам кіно стаіць кантралёр i прадае білеты, як патушылі святло. Я адчуў, што хлопцы, што стаялі тут, пачалі адпіхаць мяне плячамі, наўмысна наступаць мне на ногі — я ўжо, можа, i збянтэжыўся б, а то i збаяўся б тутэйшых задзірлівых кавалераў, аддаў бы ім Вікцю, але яна з рашучасцю расштурхнула ўсіх, вырвала мяне з гурту, выцягнула на цёмны двор i прымусіла пабегчы, мінаючы маладыя пары, што ўжо расцягнуліся ад клуба да дзераўнянскай дарогі.

Вікця жыла гэтую пару, што працавала тут, на дарозе, ля БМУ ў прычапным вагончыку на колах: у адной палавіне спалі хлопцы, у другой — дзяўчаты.

— Не пойдзем туды, — прашаптала Вікця, прытулілася да пляча, — чуеш, колькі там стаіць скалазубаў? Будуць ацірацца да раніцы i лезці ў дзверы ды вокны. Я хачу з табой пагуляць… — I яна ўзяла за пальцы маю апушчаную руку, захінула яе сабе за спіну, а пасля прыціснула мае пальцы пад сваёю пахаю, i я, вось так неспадзявана абняўшы яе, адчуў тугую яе спіну, цвёрдую зашчапку ад статна, адчуў такое хваляванне, што мне стала i радасна, i трывожна, што здалося, што цяпер, ноччу, іду не па янкоўска-дзераўнянскай дарозе, a іду па нейкім невядомым казачным каралеўстве, іду з казачнай каралеўнай…

— Вельмі чакаеш выкліку ў інстытут? — мусіць, бачачы, што я разгубіўся, запытала Вікця, як мы павярнулі i пайшлі па блішчастай i ўночы янкоўскай брукавайцы.

— Чакаю, — прызнаўся я, неяк нялёгка вяртаючыся са сваіх мар на гэтую зямлю.

— А я два разы, Чэська, паступала i два разы праваліла… — уздыхнула Вікця. — Летась — у медыцынскі, а сёлета — на завочнае ў педагагічны. Сачыненні спляжылі… Так што не шанцуе ў навуцы. Няздара я, мусіць, нейкая…

Я дасюль не ведаў пра гэта, дык цяпер здзівіўся, што Вікця, меўшы столькі непрыемнасцей, усё ж заўсёды вясёлая, гарэзная.