Выбрать главу

Я гэтаксама ўсміхнуўся: што было б, каб гэтая вось Вікця была маёй жонкай. I, можа, зусім іншае жыццё было б. А якое — цяжка i сказаць.

— Пэўне, бабы надта любяць: ладны ж?.. З такім i не грэх паўлюбляцца…

— У мяне i жонка ладная, дзеці харошыя, — адказаў я.

— Ведаеш… — ціха прашаптала яна, — каб зноў выпала калі з табою падужацца, дык, далібог, сама павалілася б… Было не было… — i гарэзна бліснула маладым бляскам у вачах. — Пастарэла, растраціла малады агонь на дзеці, але не ўвесь яшчэ дур з галавы выйшаў… Помніш, якая я тады была? Дык i цяпер пачці гэтакая…

— Калі ўжо тое было! — махнуў я рукою, падумаў, колькі за гэтую пару было ўжо чаго новага i вартнейшага. — Ды i дзяцінства было!

— Ну, чаму дзяцінства? — не згадзілася яна, — Маладосць была. Самыя лепшыя нашы гады, можа… Цяпер мы інакш жывём, надта пра ўсё думаем, а тады іначай жылі… Вось жывеш-жывеш — возьме ды ўспомніцца, заные душа, захочацца нечага лепшага…

— Гэта праўда, — усміхнуўся я. — Напраўду не раз хочацца нечага інакшага.

— Мне — хоць бы тваё… — сказала Вікця, а пасля як спахапілася: — Занясі сваім гурочкаў…— узяла абедзвюма рукамі з кошыка гуркоў, запатрабавала, каб я разгортваў i падстаўляў сетку. — Нарасло процьму, дык вот i прадаць рашыла, капейку на што сабраць. Не крыўдзі…— нахмурылася, калі я загаварыў пра плату. — Ешце на здароўе… А сам прыедзь калі ў нашу Сенніцу, саўгас наш добры, багаты — i напішаш нешта, i па радыё сваім зможаш сказаць добрае пра нас. Сазановіч цяпер я, на птушкаферме працую… Тады яшчэ болей пагаворым…

— Паглядзім… — падзякаваўшы, усміхнуўся я, развітаўся i адышоўся.

Калі пасля азірнуўся, дык убачыў, што Вікця не кліча да сябе пакупнікоў, a стаіць i з нейкаю журбою пазірае мне ўслед.

1976

Старая сасна

1

Зубрэй вяртаўся дахаты.

Ён паволі ішоў тупкаю лясною дарогаю, адчуваючы, што нахадзіўся за дзень, стаміўся пад гарачым чэрвеньскім сонцам, дык цяпер цяжкія сталі не толькі кірзавыя боты, сумка ці стрэльба, але цяжкая зрабілася i леснікоўская фуражка на галаве. Ён зняў яе i панёс у руцэ, адчуваючы, як прыемна ад хады ўзнікае ветрык, лагодна халодзіць скроні, лоб, густыя валасы.

Вёска, куды набліжаўся, была ўжо блізка: праз ціхі лясны звон, перасільваючы зумканне мошак i птушыныя спевы, даносіліся людскія галасы, дробны i часты стук малатка — нехта ў гэтым, бліжэйшым, засценку кляпаў касу.

Зубрэй крочыў i, здаецца, нічога не бачыў, без ніякага інтарэсу пазіраў на каляіны, на абабітае карэнне ды на абадраныя i засмаленыя сасновыя камлі, на шматкі сена, што нядаўна вырвалі з высокіх вазоў густыя асінавыя i бярозавыя галіны i што цяпер, зусім зрыжэлае, усё яшчэ вісела на дрэвах — адным словам, не ўзіраўся на лес, а вось раптам, калі быў ужо ля гары, ля Ям, дзе некалі, у вайну, вяскоўцы хаваліся самі i хавалі бульбу ды жыта, запыніўся i душою адчуў: чагосьці не хапае ў гэтым вялікім лесе…

Ён замёр i той рукой, якой за цвёрды брыль трымаў фуражку, пачасаў галаву, прыжмурыўся i пачаў узірацца, дзе i што тут знікла. Павёў вачыма на самы грудок, на рэдкія сосны i густое кустоўе i ўбачыў, што там чамусьці лысіцца вельмі вялікая прагаліна. У яго аж страпянулася сэрца: ды там жа яшчэ ўчора ўполудзень, калі ён праходзіў сюдою, стаяла старая, самая высокая i тоўстая тут паблізу, налітая смалой i ад таго, мусіць, цвёрдая што камень хвоя з зачасаным некалі ім жа камлём. Цяпер там гэтай сасны не было, як правалілася скрозь зямлю.

Пазіраў туды i не верыў сваім вачам, пасля збочыў з дарогі, прайшоў па папараці i густым, з яшчэ зялёнымі ягадамі чарнічніку i цяжка, нізка нахіляючыся ўперад, уссунуўся на гapy. Убачыў: не, хвою не вывернуў вецер (ды i як яна, сырая, цяжкая, магла паваліцца, калі не было на днях ні навальніцы, ні моцнага ветру?), яе не было зусім. На месцы яе ляжала невялікая, складзеная наўмысна кучка старога лому. Раскідаў яго нагою — паказаўся свежы шырокі смалісты пень, нізка, амаль ля самай зямлі, зрэзаны. Вакол яго сярод нацярушаных ігліц i аблушчанай кары бачылася белае i рудое пілавінне.

Галля, ні старога ды сухога, што было знізу, ні зялёнага верхавіння, паблізу не бачылася: яго, пэўна, параскідалі па лесе. Толькі добра было відаць, куды падала хвоя: падаючы, яна ламала, гнула ядловец i тонкія бярззінкі, папараць, a некалькі тоўстых сукоў, што былі спаднізу i зламаліся, яшчэ i цяпер сядзелі ў зямлі, бялеючы вострымі смалістымі канцамі-пікамі.

«I каго халера сюды ўвагнала? — i гнеўна i адчайна разгублена падумаў Зубрэй. — Здаецца, учора тут, у лесе, ні трактара, ні калёс не было. Няўжо нехта ўночы ўлез? Калі ўночы ўкралі, дык гэта свае, з вёскі».