Выбрать главу

Не сказаць, што ў яго абходзе часта былі пакражы: наадварот, яны здараліся рэдка, як кажуць, рады ў гады. Можа, i таму, што стараўся, глядзеў лес, поле, сенажаці, як сваю гаспадарку. А то i лепей. А можа, i таму, што да браканьераў i парубшчыкаў быў не толькі строгі, але i суровы. Новы ляснічы, Клімуць, хваліў яго, часта гаварыў астатнім леснікам: «Вучыцеся працаваць у Зубрэя. Не канчаў, як вы, вучылішчаў, няпоўную сярэднюю адукацыю мае, але лепш за вас, вучоных, спраўляецца…»

Праўда, сам ён, Зубрэй, пры такіх гутарках не так цешыўся ад гэтай пахвальбы, як саромеўся: лічыў малою пахвальбою ды заслугаю тое, што за яго плячыма толькі ўсяго пяць класаў, ведаў, што каб выжыў у вайну бацька i памог маці дагледзець ix, пяцярых дзяцей, дык у ix зусім іншае жыццё, канечне, было б… А цяпер позна ўжо брацца за навуку.

Зубрэй падаўся, куды валілася хвоя. Бачыў тоненькія сухія трэсачкі, што нападалі там, дзе абсякалі голле; прайшоўшы далей, згледзеў параскіданыя ў бакі галіны. Далей, у папараці, ляжала i адсечаная зялёная верхавінка.

Пад’язджалі сюды на машыне: на той бок гары, ад сенакосу, была паламаная коламі папараць, a між каляін на ўцалелую траву пачаплялася мазута. Каляіны вялі на край лесу — відаць, да дарогі. За папараццю, дзе не было травы, ляжала ўсыпаная ігліцамі зямля, адбіткі колаў амаль не бачыліся, i дзе праехала машына, можна было пазнаць толькі па зломленых старых галінках — пераціснутых папалавіне, а то i на некалькі кавалачкаў. А на самой тупка-жвірыстай дарозе сляды зусім прапалі: засыпаліся пяском.

Зубрэй падаўся гэтаю дарогаю, выйшаў ca старога, а пасля i з маладога лесу на гуляшчае поле, дзе сам па сабе сеяўся дзікі хвойнік, i, зусім стомлены, прыгнечаны, пайшоў напрасткі да блізкай ужо, нізкай i старой сваёй хаты, стараючыся прыпомніць, хто ў вёсцы будуецца ці думае падладзіць старую хаціну, хто загаворваў калі з ім пра лес.

2

Падхапіўся Зубрэй раненька, яшчэ на світанні.

— Чаго ты ўспароўся? — прачнуўшыся ўслед за ім, запытала жонка, спрасонак пазірала, як ён сядзіць паблізу на зэдліку i накручвае на нагу анучу i яшчэ гэтаксама спрасоння не можа абмацаць пад ложкам з сагнутаю халяваю бот.

Ён прамаўчаў, стараючыся паадолець санлівасць, знайшоў нарэшце бот, абуўся, кіўнуў жонцы, каб маўчала: дзеці ж паблізу спяць.

Падышоў да ложка, што стаяў пры стаяку, i накрыў лёгкім коцам сыноў — пяцікласніка Янака i трэцякласніка Гіполіка; жонка моўчкі накрыла маленькую дачку, накінула на сябе халат, пагладзіла рукою сонны, але прыгожы твар, закруціла ў «куклу» валасы i прыткнула ix грэбнем. I, босая, поўная ды цяжкаватая ўжо ў свае сорак гадоў (яны былі равеснікі), пайшла са спальні, a ўслед за ёю падаўся i ён, прыпаднімаючы i ціха зачыняючы за сабою дзверы.

— Крадуць людзі, бо лепей хочуць жыць… — сказала ўжо на кухні Ядзя. Здагадалася, чаго ён так рана падхапіўся. — А ты ляснік, лічы, гаспадар лесу, а яшчэ ў бацькавай перасыпанцы жывеш… Трасешся за кожную хвоечку…

Ён змаўчаў, узяў з падаконніка пачак цыгарэт i закурыў. Падумаў: жонка гаворыць праўду — у старой ды халоднай хаце яны жывуць. Даўно час новую ставіць. Сёлета дык ужо абавязкова трэба выпісаць лесу на новы дом.

— «Пахвалу», «выгоду» вялікую атрымаеш за сваё старанне… — мыючыся, папікнула Ядзя. — Як i ў таго ляснічага… Вось упрэшся на сваім, не ўгодзіш, раз-другі не даўшы самому дзерава, дык перастане хваліць, а пачне чапляцца за ўсякую дробязь. Кажуць людзі, i гэты ласы на дармавое…

— Надта ты ды твае «людзі» многа ведаюць! — буркнуў ён. — Ды хіба я раблю дзеля пахвалы ці выгоды?!

Ядзя не адказала, уздыхнула, нібы сказала: дзе цябе перайначыш! Які нарадзіўся, такі i памрэш. Падалася на двор — даіць карову. Праз акно было відаць, як яна зняла з частаколу росную ад ночы даёнку i пайшла да хлява.

Зубрэй накінуў на плечы паношаны форменны фрэнч, надзеў фуражку i гэтаксама выйшаў з хаты.

Янковічы толькі прачыналіся: развейваючы густы, як дым ад сырога сасняку, бела-сіні туман, выплывала з-за зямлі ружовае сонца; спрасонку адзін за адным гарланілі пеўні; гулка паблізу i воддаль па вёсцы стукалі дзверы i звінелі вёдры; недзе ў далёкім засценку затрашчаў матацыкл.

Зубрэй выйшаў ca двара, абгароджанага старым, дзе-нідзе падпёртым каламі плотам, прайшоў па загуменні i павярнуў на сценку, хочучы яшчэ раз папрыглядацца да чужых загуменняў: а можа, хто ўжо выцягнуў ca схованкі дзерава i пачаў яго абкорваць ці пілаваць? Учора пад вечар, вярнуўшыся з працы, гэтаксама праходжваўся, але нічога падазронага не заўважыў, a распытваць паасцерагаўся: баяўся насцярожыць парубшчыка.