Выбрать главу

Сценка была сыпкая ад пяску i бязросная; ён ішоў, падбіваў гэты пясок, i той ледзь не пыліўся ўслед за ім.

«Сваяк ці не сваяк украў — складу акт, — думаў, напружваючы зрок, — няхай не скупіцца, капейку заплаціць, не лезе, як свіння ў чужы агарод. Няхай не лічыць, што ў дзяржавы можна браць як сваё… Будуць пасля гэтага, любіць ці не любіць — такой бяды… Але затое адаб’ю ахвоту красці».

Зубрэй прайшоў усю сценку. Як i ўчора, не ўбачыў нічога падазронага. Другую палавіну вёскі пачаў абыходзіць гэтаксама з агародаў, ідучы крайком аселіцы: тут блізка не было ні поля, ні лесу, a шырока раскінулася сенажаць, a ўздоўж яе цягнулася аброслая лазовымі кустамі старая канава.

Ён ішоў, расіўся да каленяў. Вось убачыў пенсіянера Асташонка. Той выкошваў за сваімі градамі, ля самай аселіцы, абгароджаную лапіну травы. Нізенькі, тоўсты, у паношанай сынавай салдацкай форме. Агледзеўшы яго, запыніўся i пачаў чакаць, калі ён падыдзе.

Прывіталіся.

— Ці не згубіў што? — усміхнуўся Асташонак.

— Шукаю… — адказаў Зубрэй, пазіраючы на траву — яе той не выкасіў, a нібы выгаліў брытваю да самых белых карэньчыкаў.

— Ці не хвойку якую ўкралі ў цябе?

Зубрэй змаўчаў.

— Відаць, добры спец трапіўся, калі ўжо ў цябе хапнуў,— паківаў галавою Асташонак.

— Можа, хто ў вашага Юзі машыну на днях прасіў? — спытаў Зубрэй, стараючыся не гаварыць пра пакражу ў сваім абходзе.

— Не ведаю, брат, — паціснуў плячыма стары. — Але дзіва ты мне прынёс.

— Дзіва вам… — зазлаваў Зубрэй i адышоўся, пацягнуўся далей па сцежачцы, што была між агародаў i аселіцы.

«Можа, даўно тая хвоя ўжо на пілараме, — падумаў.— Так яе дома трымаць будуць! Уночы ўкралі, уночы i адвезлі… Тут ужо загадзя абдумана ўсё i дамоўлена было».

Зубрэй дайшоў да доўгіх белых цялятнікаў, павярнуў ля ix i падаўся напрасткі праз Равок у лес, да Ям.

…I ў лесе, надта ў папаратніку, было сыра ад расы, вісела набрынялае вадою i зіхаткое ад сонечных праменняў павуцінне, мокры стаяў ядловец. Зубрэй абрасіўся па грудзі. Яшчэ раз агледзеў смалісты пень, пасля адышоў ад яго (куды падала хвоя) i пачаў пасвіць вачыма землю, стараючыся абсачыць, дзе відаць апілкі. Дайшоўшы да верхавінкі, павярнуў да камля, заадно мераючы крокамі дол. Вылічыў, што хвою парэзалі на чатыры бярвёны i на доўгую верхавіну.

«Пайду на пілараму i спытаю, хто прывёз чатыры тоўстыя бярвёны. Не пакажуць — сам агледжу бярвёны, пазнаю».

Ён павярнуўся на груд, сеў на пень, змахнуў з твару наліплае павуцінне i закурыў. I патухлую запалку па даўняй звычцы не схацеў кідаць долу, дык нагнуўся, каб запахнуць яе ў пясок. Запхнуў i ўбачыў ля ссечанага ядлоўцу замусоленую, складзеную ў некалькі столак, аброшаную паперку. Без вялікай цікавасці падняў яе, спакойна разгарнуў, распраміў — і, здаецца, апала сэрца. Гэта была вельмі мажная паперчына — квітанцыя за ўзяты напракат тэлевізар. Не ёй крышку разбрынялымі ад вільгаці, велікаватымі цяпер літарамі была запісана вёска, прозвішча.

«Агароднікі. Дзеравяка В. М.», — прачытаў Зубрэй i адразу ўспомніў гэтага чалавека.

3

У суседнюю, за вёрст пяць, вёску Агароднікі Зубрэй выбраўся вечарам: з раніцы, пазваніўшы на янкоўскую ферму, яго выклікалі на нараду ў лясніцтва, пасля хадзіў пад Крычаты, дзе людзі рэзалі сабе бярэзнік на дровы i палілі галлё. Нікому пра кражу ён нічога не сказаў, надумаў сам з’ездзіць да Дзеравякі, абгледзець усё, пагаварыць, a калі трэба будзе, дык i перамовіцца з людзьмі-суседзямі, a тады ўжо думаць, што рабіць, як i каму што сказаць.

На матацыкле Зубрэй заскочыў у Агароднікі мігам.

Новы, ашаляваны, вымаляваны вялізны Дзеравякаў дом стаяў амаль на самым канцы вёскі ў засені вішань i бззу. За прыбудовамі гусціўся вялікі сад. Пад’ехаўшы, Зубрэй аж з зайздрасцю агледзеў трывалы новы дашчаны плот, бетонныя слупы ў ім, высокія жалезныя вароты i вылітыя цэментам дарожкі ў дварэ.

Гаспадар — былы кладаўшчык, рослы, у целагрэйцы без рукавоў, у выпнутых на каленях штанах i ў лёгкіх сандалях на босую нагу — быў у дварэ. Стаяў ля дрывотні каля тоўстай калодкі i перасякаў галлё. Пасля азірнуўся, усадзіў у калоду сякеру, выпрастаўся i пайшоў насустрач.

— Здароў быў, сваяк! — адказваючы на прывітанне, пажартаваў: калі даводзілася сустракацца, ён заўсёды называў яго сваяком (Зубрэй узяў з гэтай вёскі жонку). — Здароў! Заходзь, скажы якую навіну. А то я цяпер болей дома сяджу, мала што чую, дзе што робіцца…