— Я, дзядзька, з нецікавымі весткамі,— Зубрэй не меў ахвоты шмат перастарэкваць попусту, пачаў, як кажуць, хапаць быка за рогі.
— Што такое? — здаецца, шчыра ўстрывожыўся Дзеравяка. — Бяда якая?
— Прыехаў, дзядзька, на вас акт складаць…
— Дзе ж я так правініўся перад табою, сваяча? — Дзеравяка мігам змяніўся, усміхнуўся, i Зубрэй раптоўна разгубіўся, адчуваючы, што той, можа, i не браў ніякага дрэва, a калі i ўзяў, дык не надта ў гэтым прызнаецца: во які смелы ды вёрткі. Той ухмыляўся i цяжка, нібы жартуючы, нібы насміхаючыся, пазіраў у вочы. — Можа, дрэнны сваяк я: здаецца, ніколі i не пачаставаў цябе?
— Хвойку вы ў маім абходзе на Ямах зрэзалі,— рашыў астудзіць яго кепікі Зубрэй, зірнуў у Дзеравякавы глыбокія вочы i сумеўся, што яны такія вялікія, шэрыя, нейкія пустыя.
— А каб на цябе! — Дзеравяка засмяяўся, лэпнуў на каленях. — Напалохаў ты мяне, чалавек. Я думаў ужо, што з маткай тваёй нешта сталася… Як яе здароўе?
— Добрае, — Зубрэй пільна пазіраў у вочы Дзеравяку, бачыў, што хітруе, як ліс, адчувае за сабою віну. — Дома лес ці на пілараму ўжо завезлі? Чатыры кавалкі i пятая вяршынка…
— Не браў я, чалавек, ніякай хвойкі, як ты мог падумаць на мяне? — спакойна, упэўнена, голасам старэйшага сказаў Дзеравяка, падняў з зямлі цвік i ўсадзіў яго ў паз сцяны. — Раз прыйшоў, Косцік, сюды з такімі думкамі, то благія людзі пастараліся нагаварыць на мяне.
— Каб жа так, дзядзька. Паперка вось цвердзіць, што гэта вы… Відаць, вытраслі, калі даставалі запалкі…
Дзеравяка хацеў узяць квітанцыю, але Зубрэй не даў, схаваў у кішэню.
— Такую паперку мог i я напісаць на любога. Ты толькі вер усім. Ды паперкам усякім.
— Не простая гэта паперка, дзядзька, а ваша квітанцыя. Ваша вёска запісана, прозвішча. Так што я прыйшоў з доказам…
Дзеравяка, канечне, адчуваў, што яму не варта ўпірацца, маніць. Нейкую хвіліну ён нібы зычліва пазіраў, а пасля быццам па-прыяцельску зарагатаў:
— Следчы, гы-гы-гы! Вынюхаў, каб на цябе ваўкі!.. Вось табе i простая паперчына, каб ты згарэла!
— Адмаўляцца не будзеце, што ўзялі, ці з міліцыянерам i дэпутатам прыйсці? — спытаў Зубрэй сур’ёзна, не маючы ніякай ахвоты смяяцца.
— Я, браток… — усміхнуўся Дзеравяка і, відаць, гадаў, што ж далей будзе, але зусім не саромеўся, што дасюль так маніў, адпіраўся.
— Пазаўчора ўночы ўкралі, машынаю з сенакосу пад’ехалі…
— Усё выследзіў… Вось ляснік! Следчы, далібог! — нібы хваліў, але, мусіць, у душы кіпеў кіпнем.
— Хвойка гэта, дзядзька, адмысловая, навідавоку была… — зморшчыўся Зубрэй, зірнуў на дрывотню i на дварышча, спадзеючыся ўбачыць дрэва, але нічога не ўбачыў: яно, відаць, было добра схавана хітрым парубшчыкам. — Будзем, дзядзька, складаць акт, паеду толькі па міліцыянера…
— Не спяшайся… — Дзеравяка нечакана заступіў дарогу. — Не гарачыся, Косцік… Канстанцін Пятровіч. Зойдзем спярша ў хату, пасядзім, пагаворым. Мы ж людзі, згаворымся неяк…
— Не, дзядзька. Ды пра што тут гаварыць: парубка ёсць парубка… — Зубрэй узяўся за брамку, хацеў адчыніць яе.
— От чаго ты лезеш на ражон! Не кіпі? — сказаў Дзеравяка. — Зойдзем у хату, я табе паперку з лясніцтва на дзерава пакажу, каб супакоілася твая душа. Сам Пятровіч, а не хто іншы падпісваў.
Зубрэй разгубіўся, з недаверам зірнуў Дзеравяку ў вочы.
— Калі вы мелі дакументы, дык чаго цішком ды ўночы лезлі, кралі?
— Ды каб людзям вочы не мазоліць, — адказаў Дзеравяка, пацягнуў за рукаво ад брамкі.— Хадзі пакажу паперку.
Павёў за локаць, адчыніў у сенцах дзверы i прапусціў паперадзе сябе.
— Мы тут разуваемся, ходзім у хаце ў тапачках, але ты ідзі ў ботах, табе можна, — гаварыў Дзяравяка i падштурхоўваў яго ў спіну, нібы стараўся хутчэй запхнуць у хату. Сам скінуў сандалі, абуў тапачкі i ў ix падаўся ўжо ў хату.
Там было чыста, утульна: свежая белая столь, вымаляваная ў блакітны колер печ, на падлозе ляжаў новы чысты ходнік, стол быў засланы новаю цыратаю. Зубрэй аж сумеўся, што зайшоў у запыленых ботах.
З другой, лепшай, палавіны хаты выйшла невысокая пажылая гаспадыня, пільна, бадай з насцярожанасщо зірнула на Зубрэя, на свайго мужа і, разгубіўшыся, стала.
— Можа, павячэраем спярша? — спытаў Дзеравяка, выключыў радыё, зацягнуў на вокнах фіранкі.— Нашча i язык не так ходзіць…
— Не, дзядзька, другім разам не адмовіўся б, але сёння не магу, — сказаў Зубрэй. — Паказвайце паперы.
— А ты садзіся i сёння, не адмаўляйся. — Дзеравяка зняў з яго галавы фуражку, павесіў яе на вешалку, запрасіў садзіцца на столаку.
Сам сеў на лаву, палажыў рукі на край стала.