— Я табе, чалавек, зараз усё раскажу, каб не думаў многа ды не баяўся нічога… Уздумаў я сабе яшчэ асобны паднавесік скідаць, а дошак няма. Я — да Пятровіча, a Пятровіч — даўні мой друг, з тых яшчэ ваенных, часоў… Паслухаў ён мяне i кажа: вазьмі ў аднаго ды ў другога лесніка па хвоі. У тваім абходзе, як ехалі з ім да мяне, сам мне тую таўстулю паказаў. Ну, я доўга не думаючы — i за яе… Таўсценная, братачка ж, была, смалістая, вось памучыліся, рэжучы! Сам ведаю: не надта добра выйшла, трэба было спачатку перагаварыць з табою, але спяшаўся ды i цябе напаткаць не мог…
— Дык Пятровіч ведае? — спытаў Зубрэй, крыху супакойваючыся.
— Кажу ж табе, — пацвердзіў Дзеравяка, пасля павярнуўся да жонкі: — Дастань, баба, тую, пачатую…
— Не буду я, дзядзька, — Зубрэй не хацеў звязвацца з гэтым Дзеравякам.
— Не памрэш, калі кроплю возьмеш. А мне сорам: быў добры чалавек у хаце, а я яго па-людску не прыняў.
— Але ж быў я сёння ў лясніцтве, нешта ўсе маўчалі,— сказаў Зубрэй. — Hi перасцераглі, ні спыталі…
— Забыліся, можа. Сам ведаеш, колькі ў ix дзялоў.— Дзеравяка падняўся, прынёс з кухні чаркі, хлеб, следам за ім жонка падала нарэзанае сала, агуркі.
— Можа, яно i так, як вы гаворыце, але мае дзела далажыць, а начальства хай разбірае, — сказаў Зубрэй. — А па-другое, паперку ўсё ж дайце мне, а то слова вашага нідзе не пакажаш у апраўданне i ў справаздачу не прышпіліш…
— Ну i палахлівец ты, як бачу. Кажу ж: нічога нікуды не пішы i нікога не бойся. — Дзеравяка выцягнуў гумавы корак з пляшкі i наліў поўную чарку Зубрэю, палавіну сабе. — Я зладжу з Пятровічам, усё будзе добра i ціха… Бяры, будзь здароў.
Дзеравяка першы падняў чарку, стукнуўся i памалу выцягнуў усё. Зубрэй вагаўся — піць ці не піць. Гаспадар ківаў галавою, каб выпіваў ды хутчэй прыкусваў.
— Бяры во гурочкі,— падсоўваў i гаварыў Дзеравяка. — На кірмашы дарагія яшчэ, не дакупішся, але я, брат, лічы, за дармавіну дастаў. Сын мой на базе… Адходы, так сказаць… Сапсаваліся ці мышкі пагрызлі — ёсць жа процанты порчы… А гэтыя адходы смачныя. Ге-ге-ге…
Зубрэй маўчаў, прыкусваў.
— Дык гаворыш, перажываў крыху, не паспаў гэту ноч? Ге-ге-ге… — Дзеравяка расчырванеўся, бліснуў вачыма, неяк не хочучы, рагатаў.— Ведаю, што службіст ты адмысловы… Але не перажывай. Усё будзе добра, кажу. Прапала адна хвойка — дык прапала… I абход табе будзе, застанецца, i плата ісці не перастане, i ляснічы задаволены будзе… Мала што ў лесе бывае: i ветрам тыя хвойкі выварочвае, i громам б’е… Знойдзеш сведак, складзеш акт — i ўсё… Лесу хопіць, ды ён не твой. А дзяржава па адной хвойцы не абяднее…
— Так можна, дзядзька, калi слухадь вас, i ўвесь стройкі лес уціху выразаць, — сказаў Зубрэй. — Я дык добра знаю, што ўжо яго паменшала…
— Ты менш, дружа, бядуй, бяры да сэрца. — Дзеравяка махнуў рукою. — А матацыклет ты ладны купіў,— i жартоўна прыжмурыў вочы. — Гаворыш вось тут мне пра чэснасць ды беражлівасць, а сам, відаць, грошыкі ў лесе знайшоў…
— Не займаюся я гэтым, дзядзька, — незалюбіў Зубрэй. — Цялушку летась увосень прадаў i за яе купіў…
— Такой бяды, каб i загнаў машыну-другую каму надзейнаму, падзарабіў крыху. Жыць жа трэба… Пятровіч нешта таксама хутка «масквічок» купіў… Прыехаў сюды яшчэ нядаўна з чамаданчыкам, а цяпер ужо не толькі ў сваім легкавіку, але яшчэ i на грузавіку ўсяго свайго дабра не вывезе… — яхіднавата i з хітрыкай прамовіў, але, бачачы, што яго не хочуць падтрымаць у такой гутарцы, сказаў быццам абыякава: — Хаця гэта не наша дзела, усе мы хочам добра жыць, купіць многа чаго i надта не патраціцца…
— Такі хлеб, дзядзька, не надзейны… — перапыніў яго Зубрэй. — Дык пакажыце тую паперку.
— Эйш, цягнёнік, халера! — заківаў галавою Дзеравяка. — Мала тых сто грамаў… Я i сам гэта ведаю. Я, брат, умею з людзьмі жыць, усё разумею… — усміхаючыся, ён адшпіліў гузік з памятага накішэнніка, дастаў i кінуў перад Зубрэем дзесяць рублёў.— Гэта паперка трэба? Гы-гы-гы!
— Я не гандляр чужым дабром, — Зубрэй, як ад агню, адсунуўся ад стала. — Не трэба мне вашых грошай. I нядобра вам, старому чалавеку, лезці ў лес, падманваць ды Пятровіча чарніць…
— Цягнёнік, халера! Гы-гы-гы! — Дзеравяка палажыў на стол яшчэ адну пакамечаную, парваную з боку паперку — пяцёрку. — Дармо, што малады, а дзела ведаеш… Начальства хваліць, але на матацыкле ездзіш, відаць, дома ў панчосе тое-сёе ляжыць… На, бяры, — ён узяў грошы, склаў ix, нюхнуў, жартоўна цмокнуў i працягнуў Зубрэю.
— Не хапуга я, дзядзька.
— Усе мы не хапугі, але ўсё стараемся грэбці пад сябе… — Дзеравяка ўстаў i даваў грошы. — Не бойся: ні адна жывая душа не будзе ведаць… Бяры, ды яшчэ, можа, дамовімся з табою на які пянёк ці на лапіну сенакосу.