Выбрать главу

— Вось які вы, дзядзька! Укралі самі, яшчэ хочаце…

— Хачу, брат. — Дзеравяка засмяяўся, пастараўся сам палажьщь яму ў кішэню грошы.

Але Зубрэй не даўся, адсунуўся.

Дзеравяка разгублена зірнуў, як не паверыў, што не хочуць браць дармовых грошай, падсунуўся. Зубрэй падхапіўся з-за стала, забраў з вешалкі фуражку i памкнуўся з хаты. Гаспадар, як чулася, подбегам шыбануў за ім.

— Ты што? — нібы здзівіўся, стараючыся забегчы наперад. — Не жартуеш? Бяры… Правы памагу дастаць…

— Правы я i без вас дастану. I акт напішу… — сказаў Зубрэй не азіраючыся. — Што ж гэта будзе, калі ўсе вось так…

— Паслухай… — хапаў за руку Дзеравяка, але Зубрэй паддаў кроку i выйшаў з двара.

— Я ўсё сказаў…

— Можаш пісаць… — злосна, праз зубы працадзіў Дзеравяка. Прыпыніўся ля брамкі.— Але не ўшчунеш ты мяне сваёю папераю: ёсць каму заступіцца… A ў цябе, дурня такога цвердалобага, пажар можа здарыцца ці парубка якая вялікая — пойдзеш з лесу, толькі я слова некаму шапну ці паперу складу… Другога каго, з большай граматай, паставяць… Ці медалёк захацеў палучыць?

Зубрэй маўчаў: пра што было гаварыць? Ён i так шмат патраціў тут часу. Завёў матацыкл i паехаў. Дзеравяка яшчэ нешта крычаў, прыпалохваў, але хутка яго голас перастаў чуваць.

Зубрэй праскочыў вуліцаю вёску, павярнуў за ёю на пагонку, адчуваючы, як дыхнула ў твар свежасцю, i хутка апынуўся ў маладым, а пасля i ў старым, яшчэ цёплым ад гарачага дня лесе — сваім абходзе. У ім было ўжо цемнавата, толькі стужкаю свяцілася дарога-брукаванка.

Зубрэй стомлена зірнуў на лес i востра адчуў, што той пабяднеў яшчэ на адно вялікае старое дрэва.

1971

Страта

1

Як цяпер, помню: Бокуці прыехалі ў нашу вёску ўвосень. У разлагоджаную, ціхую i сонечную часіну — у самае красаванне бабінага лета.

Казалі, дагэтуль Бокуць-бацька працаваў у горадзе, быў на добрай пасадзе, але сам папрасіў, каб яго назначылі дырэктарам нашага саўгаса. Разам з ім заявіліся яго жонка i двое дзяцей, хлопчык i дзяўчынка.

Дзяўчынка, Валя, была яшчэ маленькая, мела ці не тры гады, а хлопчык, Міця, быў мой аднагодак, як i я, пяцікласнік.

Міця адразу выдзеліўся сярод янкавінскіх падлеткаў. Ужо нават тады, калі выходзіў з таксі, шпацыраваў з маці ды з сястрою па вёсцы альбо калі ішоў першы раз у школу. На дварэ шчадрыўся яшчэ пышным цяплом верасень, мы, янкавінскія дзеці, былі яшчэ ў касцюмчыках, a Міця апрануў ужо руды плашчык, начапіў на шыю шалік адпаведнага колеру, на галаву — карычневую кепачку з чорным гузікам наверсе, нёс у руцэ не ранец, як насілі мы, a пакоўны чорны скураны партфель з металічнаю акоўкаю на рагах. I яшчэ Міця быў у акулярах, надзвычай белы; амаль усе гараджане, што прыязджалі да нас, мелі не чырвань ці ружовасць, як мы, вясковыя, але такой белізны на твары дасюль мы не бачылі ні ў кога.

Адмысловае адзенне, партфель, акуляры рабілі Міцю сур’ёзным, разумным i сталым — ледзь не маларослым дзядком. Усе ў вёсцы, хто спатыкаў яго на вуліцы, здзіўляліся, азіраліся не то з усмешкаю, не то з пачцівасцю на такога незвычайнага вучня, які ішоў у школу не адзін, a з маці, трымаючы яе пад руку. Кабета таксама мела на сабе адмысловыя, гарадскія, уборы — светлы плашч, жоўтую касынку на шыі, жоўтыя туфлі. На галаве ў яе красавалася прыгожая завіўка.

Міця з маці спачатку зайшлі ў настаўніцкую, а пасля ўжо наша класная кіраўніца прывяла навічка ў пяты «А». Як i заўсёды перад пачаткам урока, мы бегалі, штурхаліся, гаманілі, але пры Ірыне Вітальеўне i навічку пацішэлі, бачачы, што дырэктараў сын будзе вучыцца якраз у нашым класе: сын ранейшага дырэктара саўгаса, ганарлівец Артур, таксама вучыўся разам з намі i нямала папсаваў нам ды настаўнікам крыві. Які ж будзе гэты навічок, як ён пачне паводзіцца? Я здзівіўся, можа, больш за ўсіх: класная сказала, што Міця Бокуць будзе сядзець са мною на першай парце (мяне пасадзілі тут як летуценнага, не зусім уважлівага вучня, каб я заўсёды быў на вачах i каб пастаўнікі ў любую часіну маглі перапыняць мае мары-мроі ды вяртаць да рэчаіснасці).

Калі пачаўся ўрок, я адчуў нейкую нядобрую насцярожанасць. Міця не толькі не загаворваў, але i зусім не зважаў на мяне; паклаўшы, як першакласнік, рукі на парту, выпрамлена сядзеў i не зводзіў вачэй з маладой настаўніцы беларускай літаратуры. Ці ён задзіраў па прыкладу свайго папярэдніка нос (усё ж гараджанін, дырэктараў сын, вунь адзін з усяго класа мае на руцэ гадзіннік!), ці хітраваў, ці на самай справе быў сур’ёзны, глыбакадумны. Я час ад часу скасавурваў на яго вока, але ён па-ранейшаму быў непарушны, толькі, бадай, яшчэ болей ненатуральна белы, нібы не меў у сваіх жылах ні кроплі крыві.