Выбрать главу

У Засценку я заўважыў у садзе Міцю.

Бокуці пачалі жыць у хаце нашага чалавека, які на час аддаў саўгасу сваю гаспадарку i паехаў з сям’ёю на цаліну. У ранейшага гаспадара быў вялікі сад, дык вось цяпер на зялёнай атаве на поплаўчыку пад ачахла зеленаватаю яблыняю антонаўкаю, пад якой ляжала нямала апалых яблыкаў, i быў Міця. У кепачцы, у плашчыку, ён сядзеў на нейкім дзіўным, здаецца, сплеценым ці то з карэнняў, ці то з дубцоў крэсле, гайдаўся ўперад-назад, трымаючы на каленях загорнутую кнігу. Вочы яго былі заплюшчаныя, твар задуменны — ён шчодра быў асветлены ўжо нізкаватым, крыху жоўтым, блеклым, але ўсё яшчэ лагодным сонцам. Увесь зялёна-рудаваты сад быў азалочаны мяккім, пяшчотным i ў той жа час развітальным сумнаватым святлом. Восеньскія жаўтавата-рудыя ці чырвоныя мазкі на лісцях, на траве, а таксама паніжэлае, засмяглае неба, астылае сонца, лёгкае белае павуцінне ў паветры, апусцелыя палі — усё гэта выклікае ў душы харошую журботу. Міця, відаць, у гэтыя хвіліны якраз i быў у палоне нейкай узнёсласці ці занепакоенай задумлівасці.

Янка i Віця зірнулі на яго з вясёлым здзіўленнем; я душою адчуваў, што Міцю цяпер няможна непакоіць, але палічыў, што, можа, будзе лепш, калі паклікаць Міцю ісці разам з намі. Усё ж ён наш аднакласнік.

— Міця! — бадай забыўшыея пра сваю нядаўнюю рэўнасць, а таксама збянтэжанне, паклікаў я. Дзеці, як усе ведаюць, даволі хутка забываюць свае гаркоты, пакуты i слёзы, хутчэй, чым дарослыя, становяцца жыццярадасныя.

Міця ўздрыгнуў. Адплюшчыў вочы, учапіўся за ствол яблыні i запыніў крэсла. Хоць i быў на дварэ, але ўсё роўна твар, рукі яго бялеліся, быццам злепленыя са снегу.

— Хадзем з намі гуляць у футбол, — запрасіў я.

— Дзякую, — падняўся, прамовіў Міця. — Я яшчэ не ўсе вывучыў урокі.

— Ды нічога ж цяжкага не задалі,— сказаў я. — Усё лёгкае.

— Усё, самае i лёгкае, трэба вывучыць, зразумець вельмі ясна, — без крыўды, але па-сталаму сур’ёзна адказаў той. — Вывучыш, зразумееш — навучышся думаць, разважаць, усё будзеш схопліваць на хаду. Мозг свой трэба трэніраваць змалку.

— Ад вялікага розуму галава баліць… — уставіў слова пераростак (пяцікласнік-другагоднік) Віця, як кажуць настаўнікі, «заядлы абібок, вораг навукі».

Міця на гэты жарт нічога не адказаў, нібы i не пазважаў — як сталы ўжо чалавек.

— Хадзем, — зноў наклікаў я. — Калі не хочаш быць абаронцам ці нападаючым, дык можаш стаць варатаром. У нас якраз няма яго.

— Я не ўмею гуляць у футбол, — нечакана прызнаўся Міця i, здаецца, нават крыху збянтэжыўся. Можа, i за тое, што яго могуць палічыць за нейкага хліпака, а не за мужчыну. — А па-другое, мне няможна бегаць, цяжка падымаць. У мяне лейкоз…

Я, канечне, як i мае сябры, не зразумеў, што такое лейкоз, але чамусьці ўсцешыўся, што не ўсё здольвае i ўмее наш навічок-выдатнік. Вось, бачыце, у такую прыгожую i захапляльную гульню, як футбол, гуляць не можа. A сапраўды, які гэта ты хлопец, мужчына, калі не ўмееш гуляць у футбол?

— Дык, можа, пабудзь у нас за суддзю… — паблажліва прамовіў я.

— Дзякую, — зноў пачціва адмовіўся Міця. — Я не ўмею i судзіць, бо не знаю правілаў. Гуляйце без мяне. Я яшчэ крыху пасяджу ды пайду ў хату.

— Беленькі… Смятаннік! — як мы адышліся, пакпіў Віця. — Сынок-пястунчык…

Я адчуваў, што Віця залішне зласлівы, але не заступіўся за Міцю. Бо не думаў асабліва пра гэта: усе думы былі пра футбол. Але нейкі гаркаваты след на душы застаўся.

Увечар, калі я, стомлены, вярнуўся дадому, дык якраз маці i бацька гаварылі ў хаце пра прыезджага дырэктара саўгаса.

— Надта ж белы ix хлопец, — пахітала галавою маці.— Мусіць, надта хворы ён.

— Кажуць, белакроўе ў яго, — адказаў бацька. — Не жылец ён на гэтым свеце. Рана-позна памрэ.

— Божа мой, божа! — забедавала спагадная маці.— Такі ж маладзенькі, ветлівы і, як кажуць, разумны, сталы, a гэтакі нешчаслівы… Вот гора дык гора для бацькоў…

Чуючы гэта, я, канечне, не ўсё разумеў, не так глыбока адчуваў Міцева i яго бацькоў няшчасце, як адчувалі мае маці i бацька, але i дзіцячым сэрцам усвядоміў: не буду злы, няшчыры ці помслівы да Miці. Нейкая незразумелая мне самому пяшчота да хворага навічка агарнула маю душу, здаецца, напоўніла яе нечым новым, больш змястоўным.

3

На ўроку матэматыкі, калі мы рашалі задачу, Міця нечакана нахіліўся да мяне.

— Давай, Стась, выйдзем на двор, — ціха прашаптаў ён. — Мне блажыць.