Расчулены словамі, а найбольш тым, чаго недагаварыла цётка Вера, а таксама яе болем, я пабег у зімовы цёмны вечар, адчуваючы, што нешта мяняецца i мяняецца ў маёй душы, прыходзіць тое, чаго я раней ці не ведаў, ці ведаў не ў такой меры.
6
Пад цяпло, перад маем, Міця памёр.
Хавалі яго мы ўсёй школай на нашых вясковых могілках, плакалі разам з дарослымі, шчыра шкадуючы, што пайшоў ад нас такі добры, але нешчаслівы хлопчык. Бокуці пазней, пасля пахавання, перадалі мне ўсё, што наказваў Міця. Я i сёння берагу тыя кнігі, што мы некалі любілі чытаць, а таксама Міцеву кепачку, яго пенал i любімы компас. Берагу як памяць, як даўнюю i, можа, яшчэ няздзейсненую мару.
Прыязджаючы з горада, я кожны раз заходжу да Бокуцяў. Яны, цяпер пенсіянеры ўжо, сівыя дзед i баба, засталіся назаўсёды жыць у нашых Янкавінах, каб быць паблізу свайго любімага сына. Заходжу я i на могілкі, падоўгу стаю ля агароджы i помніка — з яго з лёгкаю журботнаю ўсмешкаю пазірае на мяне па-ранейшаму маладзенькі Міця, можа, здзіўляючыся, што я пасталеў ужо, нават крышку пасівеў i стаміўся.
Часамі, калі мне бывае нялёгка на душы, калі мне нехта зробіць прыкрасць ці калі я сам ашукаюся альбо зраблю ганебны ўчынак, я думаю: жыў бы Міця, дык ён памог бы мне лепш ва ўсім разабрацца. Нямала ў мяне знаёмых, сяброў, але Міця, можа, быў бы маім самым лепшым i надзейным таварышам.
1984
Першае каханне
1
Старая, як наш свет, i новая, як заўтрашні дзень, гісторыя — першае каханне. Усе людзі зведвалі i зведваюць гэтае найдаражэйшае чалавечае пачуццё, i на нікім яно не спыніцца, будзе вечна хваляваць усё новыя i новыя маладыя сэрцы, заўсёды цешыць душу людзей, якія шмат паспыталі, але сваё маладое ніколі не змогуць забыць, пакуль жывыя.
У Віці Шпака таксама было яно, першае ўзнёслае i ашаламляльнае каханне. Узнікла яно, праўда, цяжка сказаць калі, не з таго-сяго, як кажуць, а рыхтавалася ўсім яго маленствам. Спачатку ён чула, збянтэжана зведаў далікатнае, пяшчотнае пачуццё ў першым класе да маленькай, дробненькай дзяўчынкі Волечкі з суседняй вёскі. Яму падабаліся яе галоўка, хораша зачасаныя русявыя валасы, белыя банцікі на кароткіх косках, заўсёды чысценькія прыталеныя сукеначкі, белыя каўнерыкі i манжэцікі, а таксама яе прыгожы почырк. Пазней, у пятым класе (у новай школе, у васьмігодцы), ён адчуў хваляванне, калі заявілася ў ix новая вучаніца, Таня — дачка прыезджага калгаснага агранома. Таня зачаравала яго не хараством, акуратнасцю, як Волечка, a дзіўным бляскам велікаватых чорных, нібы ў цыганкі, вачэй, усмешкаю i нейкаю нечаканаю для дзяўчынкі гарэзнасцю: яна вольна паводзілася на уроках, не папускалася хлопчыкам, смела ўступала з імі ў сутычкі, была вялікаю ахвотніцаю да ўсякіх гульняў, паходаў ды экскурсій, здаецца, не могучы пабыць у спакоі ні хвіліны. I з Волечкаю, i з Таняю неўзабаве разышліся яго сцежкі-дарожкі: першая ў свой час, пасля чацвёртага класа, пачала хадзіць у іншую, чым ён, школу, а другая перестала яму падабацца. Ды пасля восьмага класа разышліся таксама: Таня пайшла ў дзевяты клас Вішнёўскай дзесяцігадовай школы, а ён — Драўлянскай.
Іншае, болей пяшчотнае, трывожнае ды глыбокае, адным словам, сталае, пачуццё нахлынула на яго ў дзесятым класе. Гэтае пачуццё ўжо смела можна назваць першым каханнем.
Звычайна, як чытаў Віця, пісьменнікі пішуць пра сваё ці нечае юначае каханне прыкладна так: ёсць у класе прыгожая «яна» i яе, красуню, кахаюць, лічы, усе хлопцы з класа. Кахае пакутліва i «ён» — ціхі, спакойны, няўклюдны, сарамлівы, але добры душою. «Яна» выбірае не «яго», a іншага — спрытнага, смелага, хоць у рэшце рэшт чытач ці не ведае, што далей, у сталым, ужо не вучнёўскім, жыцці адбываецца, ці дазнаецца, што праз які дзесятак гадоў «яна» ўжо не вабная, звычайная са звычайных, выклікае ў душы «яго», чалавека ўжо вядомага, сямейнага, толькі спачуванне ці шкадаванне, светлую журботную памяць пра маладыя гады.