Выбрать главу

— Ніяк не разбяруся, што ты, Сямён, за чалавек, — з нездавальненнем паківала галавою Андрэіха. — Ды цяпер мала хто, як ты хочаш, жыве. Што было, тое прайшло. Цяпер іншы час, іншыя людзі…

— Не, дзеўка. I часы, i людзі мяняюцца, але нешта не павінна мяняцца, a мусіць заставацца. Без яго цяжка жыць. Калі цяпер гэтага не бачаць, дык хутка ўбачаць… Мы ж, старыя людзі, ведаем гэта добра. I нам трэба добры запавет, наказ пакідаць. A хіба мы не павінны наказаць: мей сэрца, мей душу — будзеш чалавек ва ўсе часы?!

— Дзівак-чалавек… — паківала галавою Андрэіха. — Памрэш, i дабрыню тваю ўсе забудуць.

— Такой бяды, дзеўка, што забудуць іменна мяне. Абы сама дабрыня не звялася, а жыла, грэла людскія сэрцы.

— Гэта яна, Маруся твая, яшчэ i цяпер кіруе табою…

— Не чапай яе… — папрасіў.— Яна… — зноў замоўк ад даўкага камяку ў горле.

— Хіба я кепска пра яе гавару? Я ж кажу, што яна, як ніхто з нашых настаўнікаў, для людзей жыла. Сябравала ж з ёю, ведаю. Усе так, відаць, жыць не могуць. Нейкія асаблівыя вы…

— Якія там асаблівыя. Людзі як людзі.

— Гэта ж сёлета дваццаць восьмы год, як яе, беднай, i дзяцей, Іны i Тоніка, няма… — адышла, расчулілася i Андрэіха. — Я дык i не веру, што яна, як i я, старая была б. Яна засталася ў маёй памяці маладая, вясёлая, са светлымі валасамі. Як i цяпер чую яе голас… Каб ix, ірадаў, i на тым свеце паліла, як яны спалілі яе з дзетачкамі… Сястры тваёй трэці год ужо няма. Зусім ты адзін застаўся на свеце. Як колас на полі.

— Што ж зробіш, — прамовіў.— Хоць i не такі ўжо я адзінокі. Пляменнікі ж е. Бяруць мяне ў горад, да сябе. Едзь толькі.

— Ну, я пайду, — ціха прамовіла Андрэіха. — Дзякую табе за перац.

I, развітаўшыся, пайшла.

Назаўтра Сямён пачуў ад суседкі, што Андрэіха падрадзілася паняньчыць настаўніцкае дзіця.

1970

Маня

1

Нарэшце перастаў ліць, а пасля імжэць дождж. Неба пачало святлець, пакрысе выблакітнівацца, a невысокія чорна-сінія хмары пасунуліся за Налібацкі лес, i там цяпер злосна крыжавала маланка, бухкаў гром ды абвісала шэрая дажджавая сцяна. Тут жа, у Янковічах, ужо выбліснула сонца, зазіхацела ў кроплях расы на траве i на лісці, у запененых раўчуках i сцішэлых лужынах, прыпарыла — i мокрае наваколле задымілася.

Маня перачакала вялікі лівень i грымоты на лузе ў капе сена разам з вясковымі кабетамі. Як прыбегла дадому, адразу паглядзела, дзе сын. Баялася, каб не напалохаўся: гэтак было сцямнела, а пасля паліла i смаляла. Але Пецькі дома не знайшла: ён, відаць у навальніцу быў у суседзяў, бо цяпер бегаў з іхнім меншым хлопцам на вуліцы па лужынах.

У хаце з пазачынянымі вокнамі i дзвярмі стаяў густы дух, што сабраўся ад напаленай раніцай печы, ад спякоты на дварэ. Ведаючы, што сёння на луг яна ўжо не пойдзе, будзе ля свайго дома, падышла да акна, адкруціла ад цвічка дроцік (кручок вырваўся з падгнілай рамы), піхнула, расчыняючы дзве палавінкі.

Яна затрымала позірк на вуліцы: па ёй ішлі незнаёмыя мужчыны. Двое з ix былі маладыя — высокія, вузкаплечыя, доўгавалосыя i абутыя ў лёгкія сандалі, за плячамі ў ix віселі поўныя сумкі, трэці — пажылы, меншы ростам, але статны ў плячах, у саламяным капелюшы i ў ботах — нёс невялікі чамаданчык. Маладыя не дайшлі да яе хаты, завярнулі ў Янукоў двор, а старэйшы, здаецца, ішоў сюды. Маня ведала: гэтыя людзі — электрыкі i цяпер заходзяць да янкоўцаў i просяцца стаць на кватэру.

Электрыкі прыехалі ў вёску на тым тыдні. Лепш сказаць, спярша паказаліся не яны: спачатку рабочыя прывезлі на машынах, згрузілі i злажылі на выгане доўгія чорныя, прасмаленыя слупы. Потым адключылі святло, абарвалі дрот на старой электралініі, зрэзалі старыя слупы i пачалі выкопваць ямкі, ставілі ў ix цэментаваныя шалі, пасынкі, а да ix прывязвалі новыя высокія слупы.

Тады ўжо заявіліся электрыкі. Яны прыехалі на грузавіку, што вазіў вялікую шпульку тоўстага белага, аж сіняга, дроту, лазілі на слупы, свідравалі ў ix дзюркі i ўкручвалі жалезныя крукі са шклянымі ізалятарамі, пасля нацягвалі i прывязвалі да ix дрот. Жылі першы дзень у тутэйшай школе, самі сабе варылі есці. Але сёння, як гаварылі кабеты на сенакосе, будуць прасіцца ў вяскоўцаў стаць на кватэры.

Маня, як ад агню, адскочыла ад акна: мужчына напраўду ішоў у яе двор. Яна пачала хуценька збіраць i вешаць раскіданае на пасцелі адзенне, выбегла на кухню i паставіла на прыпек чыгуны з зеллем — толькі што збіралася карміць свіней, — зацягнула фіранку. Пачула, як незнаёмец скінуў на ганак лазы i зайшоў у сенцы. Убачыла, што ляжыць на стале нарэзаны хлеб, стаіць міска з кіслым малаком, у малако была накрышана зялёная цыбуля — збіраў сабе есці сын, падсілкаваўся i не прыбраў за сабою. Яна цяпер не паспела нават захінуць гэта газетаю, як незнаемы зайшоў у хату.