Выбрать главу

— Дык не баішся?

— Не.

— Ну, садзіся есці, — чамусьці павесялела яна.

Самой ёй не хацелася снедаць: натапталася ля печы, нанюхалася стравы — адпаў апетыт. Яна выпіла шклянку малака i пайшла ў другую палавіну, падышла да люстэрка. Убачыла ля вачэй глыбокія маршчынкі, але яшчэ ix было мала. Падумала: трэба не насіць хусткі, не захутвацца: шчокі, нос чырвоныя ад сонца, а лоб зусім белы. Скінула хустку, распусціла валасы. Чорныя, яшчэ без ніводнай сівінкі, доўгія. Пачала расчэсваць. Падумала, што няма калі за работаю i за сабою паглядзець.

«Ды я яшчэ маладая, — узрадавалася яна, павярнулася, убачыла, што яшчэ i статная — грудзі, плечы i ногі як у дзяўчыны. — Так што, можа, недарэмна ліпне Франак, сватаецца во Салавей…»

Маня прыткнулася да халоднага люстэрка лбом i заплюшчыла вочы, пагладзіла сябе рукою па шчоках, падумала, што даўно не ведае ласкі, адчула, як цяжка жыць без яе.

…Салавей сам не пайшоў ад яе, i яна не праганяла. Ранічкаю ўставаў i ішоў на работу, вечарам не затрымліваўся, яшчэ да заходу сонца вяртаўся i стараўся што-небудзь зрабіць ля хаты. Памяняў дрот, паставіў яшчэ некалькі разетак, уключальнікаў, парэзаў з малым, раскалоў круглякі, што ляжалі яшчэ з зімы, на якіх ужо згніла кара, a самі пазарасталі травою.

Больш не сватаўся, як усё роўна i не гаварыў пра гэта ці забыўся. I яна не загаворвала, давала есці, адказвала, калі пра што пытаўся, хадзіла на работу, тапталася пры хаце i чакала, што ж будзе.

Праз тыдзень Салавей застаўся ў вёсцы толькі адзін. Раніцай прыходзіла i забірала яго машына, а вечарам толькі аднаго прывозіла.

Маня ведала, што так доўга цягнуцца не будзе. Трэба адно: браць у прымакі або не браць. Відны мужчына, працавіты, але што скажуць людзі, свякроў? Не пахваліць яна, узлуецца за сына.

4

Свякроў прыйшла сама. Маня якраз вярнулася з саўгаснай работы i капала ў садзе на вячэру бульбу.

— Добрая картофля? — падышла, запытала свякроў i не павіталася.

— Дабро такое, — адказала Маня, — велькая, але не ядраная.

Свякроў, тоўстая, абутая ў цёплыя валёнкі, у старой фуфайцы, стаяла ля яе i гаманіла пра гаспадарскае, пакуль яна не накапала поўнае вядро. Пасля пайшла ўслед за ёю ў двор. Маня адразу здагадалася, чаго тая прыйшла, але маўчала, першая не загаворвала. Яна добра ведала сваю свякроў: адразу не скажа ў вочы, будзе падыходзіць здалёку, старацца мацней уджаліць.

— I доўга ён яшчэ будзе жыць? — нарэшце не вытрымала i запытала тая.

— Хто, мама? — як не здагадваючыся, спытала Маня i хацела, каб свякроў хутчэй пасунулася дадому.

— Хто — яшчэ пытае! — узлавалася тая. — Ён, кватарант твой.

— Не ведаю, — спакойна прамовіла Маня. — Не прагоніш жа чалавека.

— Магла i не браць, — папікнула свякроў. — Другія з мужамі, але не бралі.

— Папрасіўся… — апраўдвалася Маня.

— Мала хто прасіцца будзе. Ты чуеш, што людзі гавораць?

— Хай гавораць… — прамовіла Маня, трымала ў руках вядро, забылася паставіць яго на зямлю.

— Бачу, ты яго не думаеш праганяць, рада, што не выбіраецца, — свякроў злосна бліснула вачыма. — Надта скора забылася пра Сцяпана.

— Перастаньце, мама, не трывожце душы, — напрасна Маня, стрымалася, каб не раскрычацца. — Не паднімем мы яго ўжо…

— Во што ў цябе ў галаве, — усміхнулася свякроў, рукавом фуфайкі выцерла слёзы на маршчыністай шчацэ. — Гэта я толькі ўбіваюся, свету не бачу. Бо я маці, а ты хто…

— Прашу вас, сціхніце, або… — не вытрымала Маня, паставіла на зямлю вядро i рыдлёўку, але стрымалася, больш нічога не сказала.

— Ужо i не трэба мы табе? — гаварыла свякроў, як хвастала па шчоках. — А як дасюль чаго дранага-рванага трэ было, то да нас бегла… «Татачка, мамачка, памажыце». Цяпер ужо не трэба, з двара гоніш.

— Не ганю я вас, — усхліпнула Маня, — але не мучце вы мяне, бо i дагэтуль разам з чужымі людзьмі нямала пазласлівілі, а мне ніколі ласкавага слова не сказалі… Жыў бы Сцяпан — была б рада яму… Адзін Бог ведае, колькі я папамучылася, уплакала, які лёд у мяне на сэрцы. Пачала адтаваць крыху, а вы… I пра дзіця падумаць не хочаце.

— Не звальвай на дзіця, — крыкнула свякроў, сарвала з яе галавы хустку. — Валасы вунь надрала, сукенкі новыя носіш…

— Жывая ж я яшчэ! — крыкнула i Маня. — I не трэба мяне жывую без часу хаваць…

Яна пакінула свякроў на двары i пайшла ў дрывотню, каб не бачылі яе людзі, села на калодку, закрыла твар рукамі i заплакала.

Свякроў не зайшла — ці падалася дамоў, ці мо дзе стаяла паблізу i слухала.

Ды Мані было гэта ўсё роўна. Адно, што ёй было дорага, дык гэта сын, яе сіротка, які гэтаксама не зведаў мужчынскае ласкі, гадуецца самапасам.