Выбрать главу

Помню, тады Клаўдзія Ільінічна чытала нам ca сваёй кніжкі казку, хораша гаварыла чужымі, «мядзведжым», «лісіным» ды «воўчым», галасамі, што мы ўсе не зводзілі з яе зачараваных позіркаў, затойвалі дыханне i слухалі, перанёсшыся думкамі з гэтага рэальнага свету ў нейкі іншы, казачны.

Нечакана рззка адчыніліся класныя дзверы, i мы дружна павярнулі на рып галовы: хто там нам замінае? За парогам стаяў Міхасёў бацька — невысокі, камлісты, у хромавых запыленых ботах, у сінім галіфэ i зялёным кіцелі, не зашпіленым зверху на два ці тры гузікі, у зялёнай фуражцы, на абручыку якой замест зорачкі была відаць свежая зялёная плямачка. Такое адзенне для нашых мужчын тады было звыклае — яны яго куплялі на таўкучцы ў Ракаве.

— Ідзі сюды, — запатрабаваў у анямелай цішьші Вішнявец-бацька, кіўнуўшы пальцам на свайго сына. — I ты, друг хутаранскі,— кіўнуў i мне, — выйдзі.

— Што такое, Іван Станіслававіч? — здзівілася Клаўдзія Ільінічна, прытульваючы кнігу да грудзей. — У нас жа ўрок…

— Нічога, урок можна i перарваць, — непачціва адказаў ёй Вішнявец. — Мне трэба разабрацца во з гэтымі героямі…

— Выйдзем, хлопчыкі,— ціха прамовіла настаўніца, — А вы, дзеткі, пасядзіце ціха. Хутка я вярнуся, дачытаю казку.

Мы падняліся i пайшлі пад здзіўленыя позіркі аднакласнікаў на калідор. Услед за намі падалася i Клаўдзія Ільінічна, нібы маці за дзецьмі.

Вішнявец, чакаючы нас, дастаў з кішэні пачак цыгарэт «Казбек» (Міхась збіраў пустыя пачкі i абменьваў на ix жаданыя сабе рэчы), закурыў, зачыніў за намі дзверы i кіўнуў, каб мы ішлі за ім у настаўніцкую. Там ён, як дырэктар, сеў за стол, зняў фуражку i хустачкаю выцер з ілба буйны пот.

— Іван Станіслававіч, я нічога не разумею… — i разгублена, i незадаволена абурылася Клаўдзія Ільінічна. Не села, стаяла побач з намі. Як старэйшая вучаніца. — Што здарылася?

— Спачатку, паважаная навучыцелька, дазвольце ў вас запытаць: чаму вы кепска вучыце давераных вам вучняў? — павысіў голас Вішнявец, нібы на сваю жонку ці дачку, — Чаму выхоўваеце не чэсных людзей, а спрытных зладзеяў?

Клаўдзія Ільінічна хуценька зірнула нам абодвум у вочы: што вы ўтварылі, дзеці? Мы паапускалі галовы, хоць i не адчувалі ніякай віны. Вішняўцоў рэзкі тон гаворкі, спалоханы i разгублены настаўнічышын позірк збянтэжылі нас. Мусіць, не толькі для дзіцяці, але i для сталага чалавека абвінавачванне ў невядомым граху страшней за абвінавачванне ў вядомым учынку.

— Растлумачце, Іван Станіслававіч, ясней, падрабязней, у чым мая віна ці віна маіх вучняў,— папрасіла Клаўдзія Ільінічна, чырванеючы на шчоках. Ад разгубленасці аж выстунілі на ix вялікія пляміны.

— Што тут тлумачыць! — спапяліў нас позіркам Вішнявец. — Во ім, гэтым малойчыкам, трэба даваць адказ.

Тут жа вылез з-за стала, хапіў Міхася за вуха.

— Дзе грошы?

Міхась зморшчыўся, нібы раскусіў дробку перцу, залыпаў вейкамі. I ад болю, i ад нечаканага бацькавага запытання.

— Чуеш? Дзе грошы, што ляжалі ў новай шафе між прасцірадламі? — не зважаючы на сынавы моршчыкі, дапытваў Вішнявец. — Адзін узяў ці ўдвух укралі?

— Татачка, баліць… — заенчыў Міхась, пачаў прасіцца: — Пусці. Я не браў ніякіх грошай. Татачка…

— Перастаньце! — нечакана павысіла голас Клаўдзія Ільінічна, аж ён у яе сарваўся, — Што за дамастроеўскія метады?! Гэта зусім не педагагічна!

— У мяне свае метады… — пырснуў слінай Вішнявец i ўдарыў адзін-другі раз Міхася па шчацэ. — Гавары, падшывалец, дзе грошы?

Міхась, енчучы, пачаў клясціся, што нічога не ведае. Тады Вішнявец схапіў мяне за вуха.

— Можа, ты, госць наш даражэнькі, скажаш, дзе нашы грошы, уся выручка за бычка? — прыблізіў гарачы потны твар, дыхнуў гарэлкаю. Настаўніца мітусілася, крычала штосьці, але раззлаваны Вішнявец не слухаў яе, здаецца, з усёй сілы круціў-вырываў мне вуха. — Можа, успомніш, чаго ўчора з нашым бэйбусам лазіў у шафу?

— Мы ніткі шукалі…— адказаў я, плачучы ад крыўды i болю. Караў мяне часам i бацька, але яго кара не была такая цяжкая i крыўдная, як гэтая. Цярпець кару за сваю віну не так ужо i пакутліва, а вось пакутаваць за незаслужанае, за недарэчнае вельмі цяжка.

— Ніткі шукалі, a знайшлі грошы? — здзекаваўся з мяне Вішнявец, усё яшчэ круцячы вуха. Яно гарэла, нібы ад агню, — Дзе ix дзелі? Ну, гавары, а то…

— Мы не бралі…— з плачам выціснуў я.

— I ён не браў, i ты не браў? Я ўкраў? Сам у сябе? На вас, анёлкаў, нагаворваю? — Вішнявец разлютаваўся, а пасля нечакана i мяне, чужога, агрэў па адной i другой шчацэ. У галаве маёй аж зазвінела, шчокі запяклі.