Выбрать главу

5

Я назаўтра ў школу не пайшоў.

Гарэў, моцна балела галава. Маці сказала, што гэта ў мяне ад моцнага перапалоху. Вельмі злякаўся — вось i прычапілася хвароба. Часамі мне было так горача, што аж траціў прытомнасць — у вачах не то раіліся пчолы, не то лёталі мухі, бесперастанку стаяў звон-гул у вушах. Я то разумеў, дзе я i што са мною, то раптоўна падаў у забыццё.

Не хадзіў я ў школу з тыдзень. Усе гэтыя дні не то спаў, не то трызніў, сніў нейкія дзіўныя сны. Мала помню, што прывозілі да мяне з Дзераўной урача, што маці па некалькі разоў у суткі давала піць разведзеныя ў вадзе парашкі i таблеткі i што прыводзілі да мяне з далёкага хутара бабу Аршулю, каб яна «выгнала сполахі».

Калі я нарэшце ачуняў, дык адразу ўбачыў каля сябе маці.

— Сыночак, ты i праўда невінаваты, — абцалавала мяне. — Учора была тут твая настаўніца, дык сказала, што Вішняўцы знайшлі грошы. Ix украў іхні сусед, Кузёмка. Хаваў, таіў, а потым падкінуў Вішняўцам… Але людзі ўбачылі, расказалі пра ўсё ўсім…

Хоць быў я невінаваты, але мне, здаецца, адразу ж палягчэла ад гэтай навіны. Усцешыўся, што i маці з бацькам супакоіліся, не будуць думаць абы-чаго пра мяне ды саромецца перад вёскаю. Сапраўды ж, было б не паказацца нікому на вочы, каб я аказаўся злодзеем. Заадно радаваўся, што i з мяне спала абвінавачванне. Ужо ў маладыя свае гады я адчуў: няма на свеце болей пакутлівага ды гораснага, чым хітра прыдуманы паклёп, падазрэнне.

Увечар, калі вярнуўся з работы бацька, маці запатрабавала:

— Падавай, Васіль, на Вішняўца ў суд. Няхай патрасуць, каб не задзіраў нос ды не распускаў рукі. Няхай пакараюць, што дзіця ў пасцель уклаў, душу пакалечыў…

— Абышлося ўсё, дык i добра, — буркнуў бацька, здаецца, саромеючыся, што меў злосць, не верыў мне.

— Дзе ж яно «добра»?! — не адступала маці,— Ён хоць папрасіў выбачэння, што нас абразіў, дзіця набіў?

Бацька ўнурыў галаву i нічога не адказаў. Закурыў i зморшчыў лоб.

— Каб ён быў чалавек, меў душу i сэрца, дык сам прыйшоў бы i перад невінаватым дзіцем на калені стаў бы… — папікала маці бацьку за падатлівасць ды заадно выказвала сваю злосць на Вішняўца. — Але ён не прыйшоў i не прыйдзе, бо мы зашмат патураем яму, усё дароўваем. Іншы перадумаў бы ды чалавекам стаў, а ён толькі свінее…

Маці ў той вечар яшчэ доўга дакарала бацьку, кляла майго крыўдзіцеля. Я сам сабе рашыў: трэба абавязкова пакараць Вішняўца. I я пакараю яго. Сваёю пагардаю.

Сапраўды, я доўга, пакуль жыў у вёсцы, пагарджаў Вішняўцом, хоць, здаецца, гэтым надта яго не бянтэжыў. Спачатку пры сустрэчах ён пасміхаўся, жартаваў, нават пакепліваў з мяне, а пасля, бачачы, што я пазіраю на яго спадылба, абмінаў мяне i абы-што нагаворваў за вочы. Нібы не ён мне, а я яму зрабіў прыкрасць.

6

Прайшлі гады, i тая даўняя мая крыўда, як казаў ужо, паволі забылася ці ўспаміналася ўжо не з такім, як у маленстве, болем. Ажыла, абзыўнулася, калі ўбачыў старога ўжо Вішняўца на пляцоўцы каля нашай кватэры. Дагэтуль добрыя пятнаццаць гадоў ён не трапляў мне на вочы ні ў сталіцы, ні ў тым гарадку, дзе цяпер жыве, ні ў нашай вёсцы, куды i ён, як кажуць, зрэдку прыязджае.

…Пасля сустрэчы з Вішняўцом я даў сабе зарок: стрымлівайся з усіх сіл i без дай прычыны не крыўдзі чалавека. Калі ведаеш цяжар крыўды, болю, дык не трэба свядома жадаць гэтага некаму.

Помнік на ўзгорку

Лявончык, задумаўшыся, сек каля дрывотні галлё. На хвілінку запыніўся, каб адпачыць, зірнуў на блізкую сценку: тудою шпарка, угнуўшы галаву, ехаў на веласіпедзе Рыгор Бурак. Да рамы было прывязана кассе, да багажніка прымайстравана загорнутая ў анучку каса.

«Паехаў выбіваць нагледжаную лапінку травы», — падумаў Лявончык. Пазайздросціў, што Бурак старэйшы, але гэткі яшчэ рухавы, дужы. Лічы, два тыдні былі на сенакосе, на Шубіне, касілі, пераварочвалі, грэблі, стагавалі сена, млелі ад спякоты, смагі ды ад аваднёў i камароў, толькі сёння вярнуліся дадому — а ён, бачыш, зноў за касу. Праўда, i ён, Лявончык, не песціўся на ложку, але ўсё роўна аж паківаў галавою: ну, Бурак! Жылісты яшчэ, стары корч! Спраўнейшы нават за некаторых маладых.

Падумаў гэтак i захваляваўся. А што, калі Бурак падаўся ў яго норцік? Кожны гаспадар з вёскі мае ў лесе, у кустах ці каля рэчкі невялікі лапік, які па няпісанаму закону лічыцца толькі яго. Лявончык спрадвеку выкошваў Ярылаў норт. Але сёння гэты Бурак можа ўплішчыцца туды. Ён, бадай, болей за ўсіх з вёскі не любіць Лявончыка, зычыць яму толькі бяды i ліха. Можа, яшчэ i больш за Салавейчыкаву Ганну, хоць тая ўвогуле ні з ім, ні з жонкаю не гаворыць. Няпрыязь іхняя даўняя, яшчэ з маладых гадоў. З вайны.