Выбрать главу

Калі перакладчык, рыжы вайсковец, ператлумачыў загад, людзей змусілі павярнуцца тварам да ямы. Лявончык, стоячы каля паліцэйскіх, чакаў, што неяк усё абыдзецца ціха, не будуць расстрэльваць яго аднавяскоўцаў — толькі напалохаюць. Але бачачы, як рабаціністы расшпільвае жоўтую кабуру i дастае зброю, адчуў: не, не абыдзецца, загубяць людзей. Ад гэтага адчування аж задрыжалі яго калені ды закалаціліся рукі: як гэта страляць у сваіх людзей?

Пачулася каманда — усе паднялі карабіны. Ён — таксама. Першы стрэліў рабаціністы — тут жа кулём паляцеў у яму Адам Салавейчык. Лічы, у гэтую ж самую хвіліну афіцэр зноў нешта крыкнуў — пальнулі з карабінаў астатнія немцы i паліцэйскія.

Дзеці пападалі — хто ў яміну, хто тут, на абрыўку. Адамава нявестка, Ганна, хіснулася, але ўстояла і, нечакана павярнуўшыся, закрычала:

— Звяры! Душагубы! Дзетачак — за што?..

Хтосьці яшчэ стрэліў — i Ганна кульнулася ў яміну.

— А ты чаго не страляеш? — раўнуў над самым вухам Лявончыка старэйшы паліцэйскі, Стась Найдзён з Пільніцы — адпеты п’яніца i рабаўнік. — Шкадуеш бальшвіцкае семя?

Ля яміны ніхто ўжо не стаяў, але Лявончык не то ад страху, не то ад адчаю схамянуўся i, не цэлячыся, пальнуў з карабіна ў паветра…

З аднавяскоўцаў, якіх пабілі i закапалі ў той дзень, усё ж выжыў адзін чалавек. Увечар, акрыяўшы, выпаўзла з-пад пяску Ганна. I яна, i іншыя сведкі пазней, пасля вайны, прызналі на судзе, што Лявончык не страляў у людзей. Суд узяў гэта пад увагу, змякчыў кару, але зусім не апраўдаў. За тое, што быў у «самаахове», хаўрусаваўся з акупантамі i здраднікамі, даў сем гадоў турмы. I ўсё ж тое пакаранне было не самае страшнае, страшнейшае, як аказалася, было іншае — Ганніна, Рыгорава, усёй вёскі, а таксама сваё асабістае… Колькі ён папакляў ужо, што паслухаў паганага чалавека, уцягнуўся ў тую «самаахову», павёў разам з забойцамі ў той страшны дзень людзей да Глінішча. Апрача яго ў «самаахове» было яшчэ некалькі мужчын з вёскі, але яны здолелі схавацца тады, калі наляцелі карнікі. Ім людзі не помсцілі, а яго «ўслужлівага», зненавідзелі. I, што ні кажы, за вяскоўцамі праўда, а не за ім…

На тым месцы, дзе некалі загінулі вяскоўцы, паставілі помнік. Лявончык тады быў ужо дома, працаваў конюхам. Усе на яго пазіралі спадылба, некаторыя нават не віталіся. З-за гэтага яго сыны i дочкі, як толькі пасталелі, пакінулі вёску, родную хату i мала тут паказваюцца. Апроч меншай, якая засталася без мужа i кожнае лета прывозіць ім Пецьку.

Помнік гэты — вечны яму дакор. Куды ні ехаў, адкуль ні вяртаўся дадому, найперш бачыў яго. Толькі абмацвае вяршочак з зорачкаю вока, дык адразу ўсё ажывае ў памяці…

Лявончык разуўся, перайшоў рэчку, падаўся да старой сажалкі. Паблізу быў намошчаны з галля пераход, i па ім, падсохлым, зляжалым, увайшоў у аслонены альхою i густой асакой норт.

Трава стаяла цэлая. Ніхто яе не чапаў. Лявончык абуў сандалі, памянташыў касу, з радасным заміраннем сэрца зірнуў на высокую i густую мятліцу, па-гаспадарску прыкінуў, што павінен згрэбці тут не менш добрага калесніка.

Шахкала каса, спрытна рэзалася i збівалася ў пракос трава. Ён касіў i ўсё больш уваходзіў у асалоду касцовай, гаспадарскай працы, бо любіў работу i ў рабоце заўсёды знаходзіў суцяшэнне.

Нечакана каса, што рэдка здаралася ў яго, урэзалася ў вырыты кратом грудок. Ён асцярожна выцягнуў касу, узяў пучок сырой травы i выцер лязо. Толькі думаў узяцца за мянташку, як пачуў чалавечы голас.

Ад нечаканасці аж сцепануўся. Хто i чаго ідзе? Прысеў, прыслухаўся: нехта набліжаўся якраз сюды, да Ярылавага норта. I не адзін. Здаецца, ішло двое. Мужчына i кабета. Але як ні ўзіраўся скрозь густыя кусты, што асланялі i норт i рэчку, нікога не ўбачыў.

— Во тут ён косіць… — добра пачуў жаночы голас. Голас Ганны Салавейчык.

Мужчына прамаўчаў, а Ганна ўсё гаманіла:

— Яшчэ ніхто сабе не косіць, а ён прыпёрся ўжо, без дазволу пляжыць. Нядрэмны ўрвіцель. Усюды паперадзе ўсіх лезе…

— Ды якая там трава! — пачуўся мужчынскі голас. Брыгадзіраў. Яго, навучэнца сельгасінстытута, часова паставілі ў іхняй вёсцы за брыгадзіра. — Я нядаўна быў з аграномам у тым норце, калі выбіралі для вёскі дзялкі, дык сам усё бачыў. Капы дзве-тры будзе таго сена, не больш.