Выбрать главу

11

Па радыё перадаюць арыі з оперы «Гугеноты» Маербера. Саліст паўтарае рэчытатывам: «Мы бяжым, мы бяжым...»

— Так: мы бяжым, бяжым — і стаяць на месцы. Я заўсёды ўсміхалася: толькі ў оперы можа быць такое. У дваццатыя гады ў адным маскоўскім тэатры давалі спектакль «Вампука» — дык там парадзіравалі оперу, спявалі з перапалоханымі тварамі: «За намі пагоня —бяжым мы, ляцім! Бяжым мы, ляцім!» — і паўгадзіны стаялі нерухомыя. Або вазьмі «Травіяту»: гераіня памірае, тэта ж «Дама з камеліямі», памятаеш, у яе сухоты. А ейны прадсмяротны маналог — вялізная арыя, даўжэзная... Але! I яшчэ раз — але! У глядзельнай зале оперы ў мінулы час ад умоўнасці гэтага мастацтва нікому смешна не рабілася. Не, даражэнькія мае, усё-такі прыходзіла публіка, якая ўспрымала оперу натуральна і хадзіла ў тэатр менавіта каб слухаць, ацэньваць, а не дзеля прэстыжа, не дзеля якой-небудзь там формы культурнага жыцця, адной бачнасці яго, хаця і гэта, зразумела, было таксама, і я табе скажу: лепш ужо форма і бачнасць, чым нічога; сёння форма, заўтра звычна, а потым, глядзіш, і шчырая зацікаўленасць, разумение, патрэба і неабходнасць нарэшце. Але тады асаблівасць свая была ў публікі і ў тым, як і што яна ўспрымала. А цяпер... Ну чаго мы хочам, калі цяпер во, лічыцца, абсалютна ўсе адукаваныя. I так пра сябе і думаюць. Не, усё ж абранасць, што б там ні казалі, а існуе. Яна ёсць. Абранасць інтэлекта, талента, здольнасцей. I кожная нацыя павінна мець сваю эліту. А як жа? Хопіць ужо гэтае «роўнасці» — і сляпому бачна, куды з ёю прыйшлі.

На экране тэлевізара ідзе замежны серыял пра жыццё Феранца Ліста. Бетховен буйным планам.

— Гэта Бетховен? Я прагаварыла ўсё на свеце...

— Так, бачыш, ён благаслаўляе Ліста, адгадаўшы наперад у ім вялікага.

— I ты толькі паглядзі, хто навокал: і Жорж Санд, і Гюго. Так, так... Божухна, як жа трэба намагацца ўсім, кожнаму, каб адшукаць нештачка ў сабе, раскрыць сябе, здзейсніць, нават калі штосьці ёсць і сапраўды. I як гэта важна — што за людзі побач з табою і вакол. Каб было каму даверыцца — і верыць.

12

— Што ты гартаеш?

— «Веснік тэатра», Рыга.

— А, гэта я купіла тут, у Юрмале. Лесь Курбас вось, на здымку... Украінскі рэжысёр. У трыццатых расстраля­лі. Як і ўсіх, хто хоць чымсьці... 3 агульнай масы... Пазнішчалі. Павырывалі з карэннем.

— Я вясною ў Маскве хадзіў па плошчы Дзяржынскага і наўзбоч. Экскурсію такую зрабіў, для сябе. А то чытаеш толькі: Лубянка, Лубянка... Цяпер пабачыў, амаль што перамераў крокамі. Там не менш за чатыры агромністых будынкі. I ні на адным няма ніякай шыльды з назвай установы. Толькі: «Подъезд № 1», «Подъезд № 2» — і гэтак далей, бясконца — і на самой плошчы, і па вуліцы таго ж імя, і па Фуркасоўскім завулку, — яго Салжаніцын згадвае ў сваім «Архіпелагу ГУЛАГ». А на рагу Фуркасоўскага і вуліцы Дзяржынскага — закругленая, як усё роўна карма нейкага велізарнага старога карабля, рэштка тагачаснага, даваеннага будовішча «Лубянкі». Яго абрасла, як заглынула ў сябе, гэтая жудасная махіна, што па праекту Шчусева ў дзве чаргі, у 40-ыя і 60-ыя гады, нагрувашчвалася тут да сваіх цяперашніх памераў. I зараз, я так зразумеў, гэтая будыніна, самая галоўная там, разы ў чатыры большая, чымсьці ў трыццатыя...

— Ну чаго ты хочаш, вазьмі даміну былога «цэка» ў Мінску — гэта ж побач з нашым тэатрам, на вачах усё бы­ло, спачатку адна з’явілася, а зараз іх чатыры, з усіх бакоў.

— I вось у Фуркасоўскім завулку я спыніўся ля гастранома нумар 20 і пачаў глядзець на процілеглы бок, на цяжкія, высокія дзверы: хто выйдзе праз іх першым? Выйшаў чалавек у цёмна-сінім кароткім плашчы, перайшоў сюды, на тэты бок, пастаяў каля чорнай «Волгі», павітаўся з шафёрам, пажартаваў, пасмяяўся крыху... Ну вось забі — нельга адказаць, колькі яму гадоў, хто ён па нацыянальнасці, занятках, увогуле, якога ён тыпу жыц­ця, разумееш? Цёмныя валасы, кароткія, зачэсаныя на прабор. У твары — нешта і рускае, і нібыта паўночна-каўказскае. Узрост — ад трыццаці і да пяцідзесяці. У знешнасці ёсць штосьці гэткае каляспартыўнае, ці, як гавораць, «адміністратыўна-гаспадарчае». Мо нейкі службовец, а мо заўсёднік стадыёнаў — ведаеш, такія адвечныя гультайчыкі са скручанымі ў трубачку газетамі, усё лушчаць семкі, цыркаюць слінаю праз залатыя зубы ці папыхваюць цыгарэткамі...