Выбрать главу

17

— Раскажы яшчэ пра Маскву двадцатых, пра вашу Беларускую студыю.

— Яшчэ? Але ж выходзіць неяк без усякай паслядоўнасці, то пра адно, то пра другое... I нярэдка вяртаешся да ўжо прыгаданага.

— Нічога, хай сабе. Згадваецца ж таксама не ў якім-небудзь парадку, а так, як прыйдзе.

— А інакш я і не магла б расказаць. Ды і наогул з парадкам у мяне, ты ведаеш... далёка не ўсё ў парадку... Падумай, мы ж былі зусім зялёныя, маладзенькія! Мне толькі шаснаццаць споўнілася, калі нас паслалі ў Маскву. Увесь, сказаць з дазволу, творчы вопыт быў — тэатральная масоўка, хор, танцы. Усё — напалову аматарскае. Крыху болей гэтага было, бадай, адно ў нашых Ільінскіх, старэйшага Мікалая і малодшага Аляксандра. Яны раней ужо трохі прывыклі да сцэны: Лапаць-старэйшы і Лапаць-малодшы — такія псеўданімы ў іх былі... А Ірына Ждановіч дык увогуле мусіла вяртацца дадому — і не з-за няздольнасці, не: сказалі, што ёй трэба яшчэ падрасці, такая яна была маленькая, мініяцюрная. I яна паехала ў Мінск, стала іграць у ролях травесці ў тэатры, дзе яе бацька быў мастацкім кіраўніком. Мне пашанцавала, я была даволі высокая ростам, доўгія косы, шатэнка... А так званая жыццёвая спрактыкаванасць — што мы ведалі, што бачылі да Масквы? Даверлівыя, наіўныя. I, патрапіўшы туда, зразумела ж, напітваліся ўсім, як губкі.

Па-праўдзе, да таго я аднойчы ўжо пабывала ў Маскве — з маці. У бацькі, службоўца чыгункі, быў бясплатны білет, і мы паехалі: маці хацелася там нешта купіць. Я ўжо была не такая і малая, насіла фетравыя боцікі, якія надзявалі на туфлі, іх звалі «капусцінскія» — ма- быць, ад прозвішча ўладальніка фабрыкі... Памятаю, што заходзілі з мамай ў капліцу Іверскай Боскай маці: усё ззяла знутры, мама ставіла свечкі. Капліца гэтая злучала сабою дзве аркі перад уваходам на Красную плошчу з боку Гістарычнага музея — няма іх даўно і ў паміне, як і самой капліцы, паразбуралі, паўзрывалі ўсё, ты ж ве­даеш... Там, каля Іверскай, памятаю, было шмат жабракоў, калек і прадаваліся цукаты — зацукраваныя кавалкі дыні, гарбуза — і глазураваныя грэцкія арэхі; вочы разбягаліся ад гэткай раскошы.

А на вучобу ў студыю прыехалі мы з Мінска ў лістападзе дваццаць першага, ці то сёмага дня, ці то восьмага — свята, здаецца, было. Раніца. Ціха неяк, нават пустэльна — дзіўна так. Скарб наш едзе на фурманцы, а мы ідзем пешшу. Па Цвярской, потым Камергерскім завулкам — гэта праезд Мастацкага тэатра, пасля вышэй, па Кузнецкім мосце, — і я на той вуліцы яшчэ запыталася ў некага з нашых: «А дзе ж рэчка?» — ну, ты ўяві, якой была. I далей — на Лубянскую плошчу і на Срэценку. Тут, над кінатэатрам «Уран», нас, чалавек чатырнаццаць ці шаснаццаць, і пасялілі на першы час. Выкладчыкі прыходзілі да нас сюды, і займаліся мы ў фае «Урана» ўдзень, пакуль сеансы не распачаліся.

Другое наша жыллё было ў інтэрнаце каля Чырвонай плошчы; нам казалі, што дзесьці там быў манетны двор Барыса Гадунова. Жылі ў цесных пакойчыках, елі іржаную муку з крухмальным клеем і займаліся ў зале са скляпеннямі, з-пад якіх звісалі гімнастычныя кольцы і трапецыя. Жартавалі: «Тут павявае духам Барыса Гадунова!» — і даводзілі адзін аднаму, што Гадуноў ноччу, калі мы спім, на кольцах разгойдваецца. Разам з намі жыла моладзь яўрэйскай секцыі нашай студыі, — яна потым, пасля вучобы, вярнулася ў Мінск і заснавала гарадскі яўрэйскі тэатр. Побач жылі і эстонцы, яны хадзілі на заняткі ў ГІТІС, дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва, і мы з цягам часу таксама сталі туды хадзіць увечары — на Кіслаўку, калі не памыляюся.

А потым мы жылі ўжо на Арбаце, у службовых памяшканнях кіно «Арс», на дзевятым паверсе,— ліфт часцей за ўсё не працаваў, і мы лёталі ўверх навыперадкі. Тут мы здавалі свае выпускныя спектаклі «Цар Максімільян» і «Сон у летнюю ноч»... Усё сваё жыццё, яшчэ і да гэтай пары, я выразна чую тую музыку, пад якую часцей за ўсё ішлі нашы заняткі па горача любімым мною пластыцы, рытміцы, акрабатыцы. Тэта было для мяне... так, сапраўды шчасце,— і я безупынку круцілася пад гукі музыкі Карала Чэрні, дванацдатых эцюдаў Шапэна і Скрабіна, «Мефіста-вальса» Ферэнца Ліста. Вучоба пачыналася зранку, доўжылася днём, увечары мы ішлі на лекцыі, а потым вярталіся да сябе і ўвальваліся яшчэ ў глядзельную залу «Арса» на апошні сеанс. Так што з раніцы да ночы і жылі адно мастацтвам, у літаральным сэнсе: есці ж амаль нічога не было.