Выбрать главу

4

— Чаю наліць?

— Налі. Ты з тэатра?

— Чыталі ж сёння Камю. Я гаварыла? «Бесы», паводле рамана Дастаеўскага. О-хо-хо... Не ведаю. Нават страшна робщца. Во дзе прарок быў дык прарок. Ну ўсё роўна як пра нас цяперашніх. Аб-са-лют-на, Божа, гэта ж кожны — за свае і за сябе. I быццам бы за ісціну, а… Не зразумееш. Не верыш. І плюралізмы гэтыя... Усё так сплятаецца, усе са скуры вылазяць — і дзе ж тая ісціна?.. Ты вазьмі п’есу, паглядзі. Вялізная, старонак сто семдзесят — І як гэта паставіць?

— Во паслухай, як у рамане,— заўтра студэнтам трэба ў лекцыі чытаць. Адзін тэарэтык прапануе сістэму: «Кожны член грамадства сочыць адзін за адным і павінен даносіць. Кожны належыць усім, а ўсе — кожнаму...»

— Во-во, калектыў.

— Так. Слухай. «Усе рабы і ў рабстве роўныя. У крайніх выпадках — паклёп і забойства, а галоўнае — роўнасць».

— Ведаеш, як гавораць па-руску, калі не вымаўляюць «эр»: не «все равны», а «все гавны».

— А далей так: «Перш за ўсё — панізіць узровень адукацыі, навук і талентаў...» I тут ужо гэта, вядомае: «Цьщэрону адразаецца язык. Каперніку выколваюць вочы. Шэкспір пабіваецца каменнем».

— Шэкспір, зразумела ж, каменнем. А як жа.

— Потым: «Мы кожнага генія пагасім у маленстве. Усіх пад адну рысу, поўная роўнасць».

— А там, у п’есе, нехта ўсё дзяўбе: накарміць, спярша накарміць! Разумееш? Во як зараз: чаго вы бастуеце, трэба ж спачатку накарміць людзей. I яшчэ там: боты! Усіх абуць у боты!..

5

— Гэта нейкая фантастика. Захочаш — а не зможаш растлумачыць. Не вераць людзі, што я ўсё гэта бачыла і памятаю. Едзем неяк пасля спектакля, познім вечарам, у таксоўцы. Я, Мікалай Пінігін, малады наш рэжысёр, яшчэ нехта. I раптам у мяне вырвалася: «Ой, я ж па гэтай вуліцы яшчэ на концы ездзіла!» А тут у нас, у машыне, цёпла і музыка, і нечыя галасы ў радыётэлефоне шафёра. I ён паглядзеў на мяне і гмыкнуў. Маўляў, ну і вясёлая ж бабулька, выдумляе так... Коля Пінігін змоўчаў — ён зразумеў шафёра. Надта доўга трэба было даводзіць. Казаць, колькі мне гадоў і ўсё такое...

— А табе ж даводзіцца калі-нікалі гэтую фантастыку прыгадваць на розных сустрэчах з гледачамі, у інтэрв’ю.

— Зразумела.

— I ты ж бачыш, як успрымаюць.

— Слухаюць уважліва, вельмі. А як уяўляюць сабе гэта — цяжка сказаць. Нават і акцёры, рэжысёры. А тэта ж людзі з фантазіяй. Не ведаю. Кажу, напрыклад, што прыйшла ў мінскі тэатр, калі ён яшчэ быў, па сутнасці, аматарскім гуртком. Называўся Першым таварыствам беларускай драмы і камедыі.

— Так і ў даведніках, энцыклапедыях.

— Я ведаю. Але там няма пра тое, у якіх месцах мы працавалі. А мы ігралі і ў «Беларускай хатцы» на Чырвонай вуліцы (яна і цяпер Чырвоная) — у вялікім такім бараку. I ў клубе «Сокал» на Магазіннай (цяпер — Кірава). На плошчы Свабоды быў тады яшчэ Камерны тэатр, там ставілі кароткія п’есы, у адзін акт. Пастаянных акцёрскіх труп нідзе не трымалі. А ў нас была сцэна свая — вось у гэтым будынку, дзе зараз наш тэатр імя Янкі Купалы. Былі ў нас тады ўжо і «выязныя» спектаклі: на драбінах ехалі касцюмы, дэкарацыі, а самі мы — пешшу, да цягніка. Так мы памалу замянялі вандроўны тэатр Галубка. А калі зімою выступалі ў Інтымным тэатры — на цяперашняй вуліцы Мяснікова,— дык спяр ша клалі на сцэну толькі што злепленую снежку. Пачне раставаць — згаджаемся іграць. Калі не раставала — адмаўляліся. Маразы былі тады лютыя.

— Гэта калі?

— Усё тэта да дваццаць першага года, калі ўжо ў Маскву паехала.

— А Інтымны тэатр — чаму такая назва?

— Ой, не ведаю. Можа, таму, што п’есы там такія збіраліся ставіць. А хутчэй, каб заманіць публіку. Толькі інтымнага ў сённяшнім нашым «тэатральным» сэнсе ні чога не было там, мне здаецца,— ніхто не распранаўся і гэтак далей.

— Халаднавата было... А Галубок...

— А Уладзіслаў Галубок, ведаеш, у ягоным вобліку нешта выклікала добрую ўсмешку; можа, сам ягоны твар з вельмі жывымі, такімі хуценькімі, дапытлівымі вочкамі, лысіна, на якую быў зроблены акуратны зачос, ямачка на падбародку... Ён быў нястомным у працы, — ты ж глядзі: пісаў п’есы, ставіў іх на сцэне, сам іграў разам з жонкай і дочкамі, а гастралюючы па глухіх куточках Беларусі, быў яшчэ і касірам, і білецёрам... «Што, вялікая ў вас трупа?» — пыталіся ў яго. А ён: «Якая там трупа? Люсь­ка, Багуська, жонка ды я». У любым гарадку, мястэчку, вёсачцы, куды мы толькі ні дабіраліся, часта на балаголах, — усюды, як трапіш у закутак, каб пераапрануцца і загрыміравацца, бачыш надпіс грымам на сцяне: «Тут быў Галубок са сваімі галубянятамі», — усюды ён ужо паспеў раней за ўсіх...