Нешта падобнае да гэтага даў шмат якім мастакам і Парыж таго часу, тых дзесяцігоддзяў. Але тым святам, якое яны любілі ў ім і якое назаўсёды пакінулі ў сабе Хемінгуэй, Фіцджэральд і іншыя, — Захад наогул і Парыж у прыватнасці не сталі для тых, хто паехаў туды адсюль, ратуючыся ад рэвалюцыі, асабліва ў першы перыяд эміграцыі, у двадцатый гады, — ні для Рахманінава, ні для Буніна, калі браць вялікіх. Ім і ў творчасці, і ў жыцці трэба было з пакутамі пачынаць ледзь не спачатку, другі раз; без радзімы гэта, мўсіць, куды больш цяжка, чымсьці ўпершыню. Мацней баліць. Ты пагаджаешся з гэтым?
— А мы пасля свайго свята вярнуліся да сябе, на Беларусь... Ты вось прыгадаў Буніна і Рахманінава — і я пашукала ў памяці што-небудзь звязанае з гэтымі імёнамі...
— I што знайшла?
— У Буніна апавяданне ёсць — «Раман гарбуна». Такое, памятаю, шчымлівае пачуццё было — на ўсё жыццё засталося. Быццам я сама, а не ён, атрымала нечаканае запрашэнне на спатканне, чакала, рыхтавалася, забабонна баючыся спудзіць надзею, — і так хацелася, каб ён паспытаў гэтага шчасця нарэшце. I ўжо трымцела штосьці ўнутры ад прадчування нейкай наканаванай яму бяды, ужо торгалася здагадка пра той здзек, што гатуе яму няўмольны лёс нешчасліўца — ну за што, за што, Божухна? Я не раз пераказвала гэтае апавяданне сваім сябрам. А Рахманінаў — ад аднаго гука гэтага імя ў мяне ўжо адчуванне высакароднага, засяроджанага, строгага служэння мастацтву — і чысціні духоўнай. У Міхаіла Чэхава чытала пра яго.
— Зараз у нас знялі дакументальны фільм «Калі Віцебск быў Парыжам» — пра горад прыкладна тых гадоў, калі вы там пачыналі пасля Масквы, і ранейшага часу, з каларытам таго гарадскога жыцця, што быў яшчэ пры Шагале...
— Пасля Масквы Віцебск быў для нас таксама як бы цэлай эпохай.
— Аў якіх найбольш вядомых тварах яна табе згадваецца?
— Калі ласка. Вось Маякоўскі, напрыклад.
— У Віцебску?
— Ён прыязджаў. Прэзентаваў, распаўсюджваў свой «Леф». Я купіла часопіс, падышла і падала Маякоўскаму. Ён хутка намаляваў на вокладцы кветку з чатырма ці пяццю пялёсткамі, птушак у палёце і надпісаў. Выступаў у Віцебскім тэатры. Шмат гледачоў было за яго і шмат — супраць. Паміж імі ўжо пачыналася свара, мо і да бойкі магло дайсці. Яго спрабавалі збіць з панталыку рознымі выкрыкамі, задзірлівымі рэплікамі. Усё ў ім было буйнае нейкае, рэзкае. Паводзіў сябе з выклікам: хадзіў у чымсьці яркім па сцэне, можа, у сваёй жоўтай «кофце», да- кладна не памятаю, курыў, рукі ў кішэнях. Гэта шакіравала-такі. А некаторыя ледзь не «ўра» былі гатовыя крычаць. Можа, пра гэта ўжо пісалі, але я чула, як нехта кінуў яму: «Маякоўскі, у вас не ўсе дома!» А ён адразу ж адбіў рэпрызаю: «Вось у вас дык сапраўды не ўсе дома — вы ж тут сядзіце!» Але я ўсё ж яго не зусім разумела...
А ў самым пачатку нашага віцебскага жыцця таксама было шмат цікавага. Адкрыццё Другога Беларускага драматычнага тэатра ўрад рэспублікі зрабіў вельмі ўрачыстым[1]. Былі знакамітыя людзі, якія прадстаўлялі суседнюю з намі заходнюю творчую інтэлігенцыю. Выступалі, прыгадваю, Ян Райніс, Здэнэк Неедлы... Колькі год таму, падчас гастралявання Купалаўскага тэатра ў Віцебску, пайшла шукаць старыя свае памятныя мясціны. Прайшла каля Смаленскага базару — тут мы кватаравалі. А потым, на вуліцы Чэхава, пазнала дом, дзе на другі дзень пасля ўрачыстага адкрыцця нашага тэатра была святочная вячэра. I ведаеш, быццам сустрэла свайго добрага старога знаёмца...
20
Масква, жнівень 1987 года. Купалаўцы запрошаны сюды на дзесяць дзён. Ігралі на сцэне Малога тэатра.
Яна прыехала крыху пазней за ўсіх, з «Ленфільма». Пасля здымкаў у халоднай, сырой зале (Графіня ў «Пікавай даме») і скразнякоў у начной «Страле» на яе адразу ж навалілася мацнейшая прастуда, тэмпература ўскідвалася аж пад сорак.
На трэці дзень хваробы пазваніла з Масквы дадому, сказала, што баялася пнеўманіі і таму ў гатэлі «Мінск», дзе іх пасялілі, пакорна згадзілася на ўсе лекі, што ёй раілі. Сказала і пра тое, што гэтым самым ранкам пазваніла Інзе Івалгінай, сваёй даўняй знаёмай па Томску ваенных, эвакуацыйных год, — тая дзеўчанём лётала тады на ўсе спектаклі купалаўцаў. I вось ад мужа яе дазналася, што гадзіны чатыры, як Івалгіна памерла ў бальніцы. «Ты падумай, як раз сёння... Я даведалася, што яна цяпер тут, у Маскве, і ўпэўнена была, што зараз пачую яе, праз столькі... ты не ўяўляеш... і мы ўбачымся тут пасля ўсяго-ўсяго, што было. I яшчэ думала: «Ой, яна ж мяне не пазнае, а галоўнае — я ж яе таксама, і будзе мне ад гэтага вельмі няёмка. I вось — як жа так? Менавіта сёння яе і не стала. Нават не магу словамі... што я адчувала, калі ён сказаў. I як яму пасля майго званка... Ну, а я лячуся, лячуся. I ўжо лепей, толькі моцны кашаль б’е...»