Выбрать главу

6

Іншым разам, калі яна раптам прыгадае, як убачыць перад сабою нешта, са свайго даўняга жыцця, ловіш сябе на тым, што быццам бы і сам бачыш гэта ў думках.

3 гадамі расказаныя ёю выпадкі, падрабязнасці неяк злучаюцца ў маім уяўленні, набліжаючыся адно да аднаго і ў сваім уласным часе і прасторы.

Так, напрыклад, набліжаюцца тыя месцы горада, што яна памятае, хай сабе толькі па назвах, яшчэ са свайго дзяцінства.

Там вуліца Кладбішчанская, а зараз Платонава, і дом, дзе яна нарадзілася, не так ужо і далёка ад дома Ярашэвічаў, недзе паблізу той вуліцы, якой зараз вярнулі яе ранейшую назву — Залатая Горка; у тых жа кварталах стаіць і тагачасны касцёл, дзе цяпер зала камернай музыкі.

Там — і яшчэ адно жытло, у Эліасберга, у доме на Чырвонай. Адтуль маці, Хрысціна Іванаўна, вадзіла яе купацца да Свіслачы, дзе купальня была агароджана ад бліжэйшых падворкаў і дамоў густымі галінамі вярбы, што звісалі да самай вады.

— Гаспадыня купальні Тромба брала ці то тры, ці то пяць капеек з чалавека. Яе саму мне пабачыць не выходзіла, але заўсёды здавалася, што яна цяжкая, як вялікая тумба, і такая важная, нібы сядзіць на троне.

Там, каля Свіслачы, стаяў і двухпавярховы будынак царкоўна-прыходскага вучылішча, мураваны знізу і драўляны ўверсе. Тут вучыліся суседскія дзяўчынкі.

I аднойчы, застаўшыся ў двары адна, я таксама пайшла ў вучылішча за імі, адчыніла дзверы ў нейкі клас, зрабіла некалькі крокаў наперад. А настаўніца, строга паглядзеўшы на мяне, сказала: «Што ты, дзяўчынка? Табе яшчэ рана сюды».

У доме Эліасберга жыла і сям’я адстаўнога генерала Дуракоўскага.

— Памятаю: блакітны шынель з чырвонай падкладкай, а сам генерал сівы, худы. Ягоная дачка, дазнаўшыся, што палюбоўнік, афіцэр, вянчаецца з другой на Саборнай плошчы, сустрэла, урачыста апранутая, іх ля выхаду з сабора і дала яму аплявуху, потым зняла пальчатку, скамечыла і кінула яму ў твар. Казалі, што яго разжалавалі пасля гэтага: афіцэрскі гонар быў зняважаны непапраўна — не будзеш жа выклікаць жанчыну на дуэль...

Кватэра, якую бацькі здымалі на Чырвонай, была з трох пакояў — адзін здавалі, каб плаціць за сваё жыллё, былой цыркавой наезніцы Ксеніі Андрэеўне Кашырынай, паважнай брунетцы з высокім бюстам, гладка зачэсанымі назад валасамі і жорсткім пучком на патыліцы. Яна рэгулярна атрымлівала ад нейкага чыгуначнага начальніка ўтрыманне ў дваццаць пяць рублёў і часта гучна, весела выкрыквала: «Хэля-гоп!» А потым жыла ў нас на поўным пенсіёне і амаль як член сям’і...

Праходзіў па вуліцы прадавец марожанага з вялікай скрыняй на папрузе цераз плячо, крычаў працяжна: «Маро-о-жанае!» — і наўздагон яму беглі, крыўляліся і перадражнівалі яго сваімі крыкамі маленькія хлапчукі. Атрымаўшы грашовы перавод, Ксенія Андрэеўна выходзіла і ўсім ім купляла па адной порцыі гэтага ласунку...

На Каляды маці рабіла куццю і гаварыла мне: «Стэфачка, аднясі — яму ж усю ноч стаяць». I я бегла з абкручанай рушніком міскай да драўлянай царквы Каломенскага палка, наўзбоч якой прытупваў, мёрз на варце салдат. Я некалькі разоў спявала там у хоры. Аднойчы гэтая царква загарэлася, пажар быў страшэнны: прагнае полымя за колькі хвілін нібы абгрызла царкву, зрабіўшы з яе адзін вогненны шкілет. Бацька прыбег з паперай і алоўкамі, — ліхаманкава стараўся гэта замаляваць і ўсё гаварыў нешта пра спаленне Рыма, пра Нерона — жах!.. У тым баку — там, дзе зараз тралейбуснае дэпо за плошчай Перамогі, — быў тады Конскі базар, і адтуль нема раўлі каровы і цяляты...

Калядную вячэру маці рабіла з дванаццаці посных страў, былі каша, кісель і абавязкова ламанцы — каржы, цеста для якіх наразалася вузкімі палоскамі. Цвёрдыя ламанцы макалі ў макавае малако — мак расціралі загадзя ў макотры, цяжкой ступе.

У сям’і вельмі любілі Вялікдзень. Маці напярэдадні варыла яйкі, фарбавала іх ў цыбульным шалупінні, хадзіла ў царкву. Бацька некалькі яек размалёўваў акварэльнымі фарбамі. Іншы раз ён паўтараў завучаныя аднекуль радкі:

Христос воскрес, голубка дорогая,

Воистину воскрес спаситель наш родной.

С трехкратным чистым поцелуем

Святая мысль любовью скреплена,

И мир сознания ликует —

Каким страданием земля искуплена!

У потай ад усіх, мабыць, яшчэ ў гады чатыры, я хадзі ла маліцца ў бок могілак каля Залатой Горкі. У канцы цёмнай алеі вабіў да сябе і спыняў крыж з распятым Хрыстом. Неяк раз, калі я замерла перад ім, чуючы, як ад хвалявання і страху б’ецца сэрца, то ўбачыла раптам, што Хрыстос кіўнуў галавой. Як утрапёная, я кінулася што было моцы назад, дамоў, і там яшчэ доўга пераконвала маці, што не памылілася, і маці не пярэчыла, а толькі моўчкі супакойвала мяне, прытуліўшы да сябе.