Выбрать главу

— Я прыгадваю цяпер, ён гэта аднойчы расказваў. Але сцісла, у некалькіх словах.

— Але і не ў гэтым галоўнае. Прайшло колькі год. Ён неяк уладкаваўся у тэатры, у Віцебску. Прыцёрся да жыцця. Меў сям’ю, дзяцей. Пачаў забывацца на тое, мінулае. I тут... Хіба я табе пра гэта не гаварыла?

— Пра што?

— Раптам яго ледзь не вымаюць з пятлі — ўжо бліз­ка да гэтага было. А чаму? Яго вызвалі і ўсунулі паперку: рэабілітаваны, няма «состава преступления». Разумееш? Няма — значыцца, і не было. Ніколі! I пячатка, герб, ці што там яшчэ, — пацвярджаюць гэта. Тады вось да яго дайшло, ён уцяміў: яны дакументам сведчаць, што жыццё яму зламалі ні за што. Так, ні за што — і на вось, маўляў, насі з сабою, калі хочаш, урадавае пасведчанне аб гэтым. А хочаш, у рамцы на сцяне вешай. I ён ледзь не павесіўся. Не, ты падумай — так расціснуць чалавека пасля ўсяго, што ён вынес і стаў забываць!.. Неяк ўбачыў перад сабой партрэты Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, наблізіў да іх твар — і амаль з нянавісцю: «Та-ак, лёгка вам было, купцам!»

25

...Тыя хатнія вечары з мігатлівым тэлеэкранам: твары і галасы, старая музыка, і — час, час... Русланава спявае і Пётр Лешчанка, Козін і Ізабэла Юр’ева, Тамара Цэрэтэлі. I Ленінград, той даўні Ленінград, белыя ночы. I вось ужо плыве, патрапіўшы, быццам пасля кароткага вагання, у свой мяккі і журботны, але і прыгожы рытм — гэтая мелодыя, чыя сумнаватая весялосць, можа, яшчэ ў дзяцінстве ўгадвалася наперад з нейкім дзіўнаватым і шчымлівым, чымсьці бянтэжачым пачуццём, — гэтая мелодыя з дарослага застолля ў суседнім пакоі: так, абажур малінавы — так, сіні папяросны дым калышацца, слаіцца, жаночы смех, і гэтыя вось словы:

...давай пожмем друг другу руки,

и в дальний путь; на долгие года.

Дык, значыцца, Вадзім Козін, ягоная пласцінка, голас тады, у 20-ых і 30-ых гадах, — гэта і было часткаю ленінградскага жыцця. Франтоны гмахаў і алеі паркаў, блішчасты ад дажджу асфальт, фасад кінатэатра «Калізей»... Штосьці такое мроіцца — хаця не бачыў і не ведаў — даваеннае, наіўна-даверлівае, крыху пашлаватае і трапяткое, шчырае — жыццё, якое нібы і не падазрае пра сваю блізкую пагібель і пра тое, што ўжо даўно і глыбока сядзіць знутры яго — пра недалёкі 41-шы і распачатыя ўжо і ненажэрныя 30-ыя.

«Пырскі шампанскага» — і праспект Маркса ў Маскве, чорныя «ЗІСы» і «эмкі» — уніз ад Лубянскай, а пасля Дзяржынскай плошчы — у бок Дома Саюзаў. (А калі б Мінск паказвалі, Мінск тых часоў, дык, пэўна, перш за ўсё — шэрую глыбіну Дома ўрада з вялікім чорным Леніным). Ізноў Масква, калоны фізкультурнікаў размахваюць рукамі, пляскаюць у далоні перад маўзалеем — і што яшчэ? А тое, што ў наступных кадрах:

Цягнік за цягніком, набітыя людзьмі таварныя ваго­ны — у Сібір, у Сібір...

Калоны вязняў у ватоўках з лесу — у «зону», або з «зоны» — у лес...

I ўсё пілуюць і пілуюць, валяць дрэвы. «Веселья час и боль разлуки готов делить с тобой всегда...» — голас, што быццам прадказаў усе тыя знікненні і знішчэнні, тую пагібель і разрыў жыцця — па сэрцах, па жывому: «Ну что ж, пожмём друг другу руки, и в дальний путь, на долгие года».

А час ідзе, экран мігціць.

Час, кімсьці і калісьці ўжо пражыты, ідзе перад вачыма зноў, яшчэ раз і яшчэ, але ў тым самым сваім накірунку, не назад: дакументальнае кіно.

Ахматаву хаваюць, і сярод тых, хто яе праводзіць, — Арсеній Таркоўскі, ён пакуль яшчэ тут, разам з жывымі.

Царкоўныя спевы, абрады, малітвы. I голас старэнькай: «Госпадзі, спасі ты нас, каб не было вайны і гэтага атама, каб дзеткі нашы жылі... і наша армія...»

Колькі людзей — з надзеяй, з прагай спакою для душы, апоры, веры, што аблегчыла б іхнія пакуты, гора, бяду. I хто ж іх супакоіць, зробіць жыццё іх не такім цяжкім — ну хоць на гадзіну, на дзень — хто і дзе? I ў якім часе гэтае выратаванне, цудадзейны храм? Вось жа, так блізка яшчэ тое чорна-белае мінулае: выбух — і ўзнесены раней да неба купал асядае, рассыпаецца ў труху, і вялізныя клубы пылу ўздымаюцца — нібы наканаваная нам грыбападобная будучыня...