...«Пан» Урубеля, каляровая ілюстрацыя з кнігі ці альбома. Сатыр, голы да пояса стары, з лысінай, з хітрай усмешкаю, сядзіць у лесе (ражок жоўта-чырвонага месяца на небе), заманьвае і цікуе: у каравых пальцах — жалейка Пана з чатырох чарацяных трубак, звязаных з драўлянай перакладзінай лазінаю.
— Усё жыццё памятаю гэтыя яго вочы. Бач, якія востранькія, яркія — што васількі, прыкметныя здалёк. I як ні станеш — проста на цябе глядзяць. Быццам бірузовыя.
...Камісаржэўская, ейны фотапартрэт на цвёрдай дарэвалюцыйнай паштоўцы «Сусветнага паштовага саюза»: яна сядзіць у белай блузцы, абапершыся на чорную фігурную спінку крэсла, рука ля падбародка; пышныя валасы сабраны ззаду вузлом. Жаночы твар XIX стагоддзя, яго не назавеш прыгожым, але ў сумнаватым, меланхалічным поглядзе вялікіх цёмных вачэй, што глядзяць крыху знізу, — прыцягальны выраз даверлівай і дапытлівай шчырасці.
— Ты бачыла яе на сцэне?
— Не, што ты, гэты час — значна раней... Але памятаю фотаздымкі з ёю — як на раскадроўцы, кожны рух: яна ў спектаклі «Бой матылькоў», 1902 год, мне здаецца. Так, сцэна ап’янення. Мімічна распрацаваныя ўсе стадыі: спярша вясёлая, смяецца, а потым сумная, завялая... I такая яна там прывабная, так гэга хораша зроблена, што я быццам на сцэне яе бачыла. А тэта ўсё — у альбоме, ёй прысвечаным, — ён і зараз у мяне захоўваецца недзе: «Вера Фёдараўна Камісаржэўская» — дадатак выдаваўся такі да часопіса «Сонца Расіі». Сонцам Расіі і была.
...Янка Купала на сваім вядомым і, напэўна, лепшым фотаздымку, — глядзіць з лёгкай усмешкаю: той яго погляд, у якім так проста спалучаецца добразычлівасць і іронія, адкрытасць і ўсвядомленае пачуццё ўласнай годнасці, дасціпнасць і прыхаваная туга.
— Голас ягоны я прыгожым не назвала б. Не ведаю, ці так было заўсёды, але калі я бачыла яго і чула, ён гаварыў і чытаў вершы як прастуджаны, у нос. Але ж было ў ім, ва ўсім ягоным вобліку, у паставе, жэсце, міміцы — як бы сказаць? — такая адухоўленасць і артыстычнасць, што вось адразу і хацелася сказаць: «паэт» — так стасавалася, прынамсі, гэтае слова, яго сэнс, асацыяцыі з тым, што я бачыла ў Купале... А смерць яго ў гасцініцы «Масква» — я спрабавала ўявіць, калі расказвалі: наканаванасць, лёс? Ці абумоўлены прычынамі выпадак? Ёсць таямніца нейкая... Мусіць, цяпер ужо не разгадаць. Хаця хто ведае?
Рэпрадукцыі на відных месцах у пакоі — яна прывыкла да іх, аднойчы трапіўшых на вочы, як да старых знаёмцаў, і кожная можа ёй штосьці нагадаць.
— Пікасо. «Дзяўчынка на шары» — памятаеш?
— Канешне. Я заўсёды любіла тэта. Толькі звала — «Вандроўныя гімнасты».
— А «Дзень добры, пан Гаген»?
— Так! Але куды тэта рэпрадукцыя падзелася? I яшчэ тая, таксама з Гагена, дзе таіцянскія дзяўчыны: смуглыя, плечы карычневыя, як з шакаладу, і кветкі ў смаляных валасах. А на той карціне, дзе ён сам, — гэта з такім сумным юмарам — ён пануры, і нехта, значыцца, яго сустракае: «Дзень добры, пан Гаген!» Хораша. Ён мне заўсёды падабаўся. I за тое, што з’ехаў ад цывілізацыі на астравы, толькі адно мастацтва і ведаў, размалёўваў там сваю хацінку... Заўсёды даспадобы быў мне і партрэт артысткі Жанны Самары ў Рэнуара.
— А чаму?
— Я бачу ейны грым, усе атрыбуты акцёрскія. Яшчэ дзіця, як мне здаецца, а ўжо намазаная, вочкі падфарбаваныя, і ўся — ну такое ўжо чаканне нечага, што проста... I не растлумачыш словамі, трэба адчуваць. На тое і жывапіс. Мастацтва.
— А Сезан?
— Ну і Сезан, зразумела. Заўсёды любіла ягоных «П’еро і Арлекіна». Штосьці вельмі знаёмае, тэатральнае, свет фарбаў... I з акцёрствам звязанае. Або ягоныя ж яблыкі і апельсіны — нацюрморт. Усе нацюрморты ў яго — выдатныя. Я адчуваю, што яны цёплыя, разумееш, што там усё жывое, можна дакрануцца і ўпэўніцца, хаця слова «нацюрморт» — гэта «мёртвая прырода».
— Во хто таксама вельмі любіў Сезана і пісаў пра тэта...
— Хемінгуэй? Купіла ягоны аднатомнік — а «Фэсту» там няма...
— А я ў старым часопісу бачыў нарыс пра яго амерыканскай журналісткі, дык там ёсць фотаздымак, нязвыклы для нас, малазнаёмы і вельмі добры: ён не на рыбалцы і не на паляванні, не ў адных шортах, а ў касцюме з гальштукам, на вуліцы ў Мадрыдзе. Пяцьдзесят дзевяты год — за два гады да таго, калі ён ноччу стрэліў сабе ў рот са сваёй стрэльбы. Дык на тым здымку, у Мадрыдзе, ён выглядае вельмі інтэлігентна: мабьщь, толькі іграў ролю, корчыў з сябе сярод знаёмых гэткага вечнага заўзятага спартсмена, рыбалова, а тут — уважлівыя разумных вочы, твар крыху збянтэжанага пажылога чалавека з мяккімі белымі валасамі і белай кароткай барадою...