— Так-так, а то давалі ўсё адзін стэрэатып: грубы, нібы з вяровак, світэр, люлька, як у шкіпера, — я і сама ўжо звыклася з гэтым.
— У тым нарысе ён прыгадвае месцы, дзе паляваў, каля Венецыі, і кажа, што там праходзіць шлях качак, якія ляцяць з прыпяцкіх балот. Адсюль, значыцца, з Палесся нашага.
— Цяпер бы ён іх не страляў, пасля Чарнобыля праклятага, — упэўнена. Вось цікава: а іншыя там на гэтых качак таксама болей не палююць? Або як тут — б’юць і грабуць ўсё, што жывое і расце, заражанае ці не — ім ўсё роўна... Во давялі людзей, дык давялі...
27
«Людзі мастацтва, яны асаблівыя. I жывуць не так, як усе...»
У кватэры першых пасляваенных год, пад скляпеннямі мура, што належаў некалі калегіуму езуітаў, разам з пахамі газы і слізкіх ад вільгаці кутоў, прагорклага масла жыў і іншы пах, які толькі цяпер можна вылучыць асобна, як змешаны пах шкіпінару, алейных фарбаў і свежых драўляных планак для падрамнікаў.
Так пахла работа дзеда, мастака. I чымсьці падобным разам з клеем, запыленым аксамітам і пудрай пахла за кулісамі тэатра.
Гэта быў пах работы маці, актрысы.
Са шматлікіх папяровых аркушаў і шматкоў ва ўсіх кутках пакоя глядзелі твары самых розных людзей, — аднойчы ўбачаныя дзедам, гэтыя людзі ўжо назаўсёды заставаліся ў нашым доме са сваёй мімікай, жэстамі, заставаліся тут жыць... А летам мы з маці, з яе тэатрам ехалі ў які-небудзь незнаёмы горад — таксама быццам адной, толькі вельмі вялікай, шумнай і вясёлай сям’ёй.
Плацкартны вагон быў як адна кватэра, дзе ў адзін і той жа час спалі і спявалі, гулялі ў даміно і прэферанс, толькі на нейкі момант вытыркаючыся з мораку папяроснага дыму, падсілкоўваліся ці ўжо тупалі, узяўшы чарку, падсаджваючыся то да адной, то да другой кампаніі. Хрыплаватае вагоннае радыё не змаўкала з раніцы да ночы: «Ах, Самара-городок...», «Ходит по полю девчонка, та, в чьи косы я влюблён...», «С победой приеду, любовь твоя хранит меня в пути...»
Ветліва, але кпліва дакараў некага за няўважлівыя адносіны да суседа Барыс Платонаў: у ягоным голасе, па-маладому высокім, адчувалася ўсведамленне сваёй праваты і права на павучанне. Сярэдняга росту, але з добрай паставаю, злёгку ўскінутай галавою і выразным профілем, ён здаваўся вышэйшым, чым быў на самой справе. А ў яго манеры гаварыць чулася пачуццё годнасці, высокая і, дарэчы, цалкам апраўданая думка пра сябе і часта, у адпаведнасці з настроем, калі не патэтыка, дык схільнасць, гатоўнасць да пераходу на гэты тон, што па-за сцэнаю, у жыцці, чамусьці ніколькі не кантраставала з больш чым празаічнымі, мякка кажучы, будзённымі, побытавымі абставінамі.
Гэты ягоны голас адразу ж дазваляў мне бачыць Платонава ў касцюме і грыме Рамэа: бэзавае святло сафітаў зверху, яго светлы, блішчасты на грудзях калет, шпага на поясе. Ён ужо спусціўся з балкона Джульеты, ноч канчаецца — ці наадварот, ён толькі яшчэ падышоў да яе балкона, упершыню... I хаця я ведаў, што Джульета, Ірына Фларыянаўна Ждановіч — жонка Барыса Віктаравіча, пра тэта ніколі не згадвалася падчас спектакля. У яе была залацістая каса, а вялікія вочы глядзелі з такім шчасліва-напружаным выразам, які, здавалася, ужо цяжка будзе вытрымаць, калі ён захаваецца яшчэ на нейкі момант. У ейным голасе, як і Платонава, было нешта звонкае, быццам срэбная фальга, якая нацягнута так, што зараз парвецца, і скрозь усю патэтыку і рамантычную шчырасць чулася нейкая асуджанасць Джульеты на страту, прадчуванне няўмольнасці яе...
Цягнік ішоў, расплаўленае ліпеньскае сонца нетаропка, але не адстаючы, кацілася насупраць адчыненага вагоннага акна, па-над жоўтымі пукатымі палямі, за тэлеграфнымі правадамі і дзынькаючымі пераездамі з яркімі галовамі сланечніку каля будак і паласатымі шлагбаўмамі. Мільгалі станцыі, гаманілі, як усё роўна базары, пероны вакзалаў на прыпынках — Жлобін ці Бахмач, Канатоп — і зноўку плылі назад, а ў траве на насыпе цалаваліся, забыўшыся пра ўсё на свеце і нават не зірнуўшы на наш цягнік.
А цягнік ішоў — усе былі ў ім, усе былі яшчэ ў гэтым жыцці, разам... Пра штосьці гаварыла Лідзія Іванаўна Ржэцкая са сваёй нязменнай, падобнай на мужчынскую, стрыжкаю чорных, як смоль, густых валасоў і заўсёднай папяросаю ў руцэ. I побач быў стрыманы, самавіты, з вялікімі залысінамі над высокім ілбом Леанід Рыгоравіч Рахленка.