Было адно адчуванне, што больш незнаёмых людзей — не тое што чужых, а менавіта незнаёмых — быць не можа. Іншы горад, іншы тэатр, і ўсё гэта толькі на некалькі тыдняў і ніколі не паўторыцца, а заўтра тут будуць зусім другія гледачы, паслязаўтра — зноў, і толькі тыя, з кім ты прыехаў, хто зараз за кулісамі, у грыміравальных пакоях, на сцэне, — толькі яны знаёмыя, звыклыя табе, свае.
У маім горадзе, у Мінску, у глядзельнай зале былі таксама незнаёмыя мне людзі, але заўсёды неяк помнілася ці мелася на ўвазе, што, выйшаўшы з тэатра, яны застануцца ў тым самым, тваім горадзе: яны жывуць там жа, дзе і ты. А ў чужых гарадах, седзячы ў чужых тэатрах, я ўсё ж міжволі адчуваў, што ці то маё жыццё праходзіць, нічым не закранаючы, скрозь усе гэтыя невядомыя мне жыццёвыя лёсы другіх людзей, чыё дыхание, шэпт, шоргат, пакашліванне так выразна чутныя за хвіліну да пачатку спектакля, — ці то наадварот, усе гэтыя далёкія, невядомыя лёсы нябачна праходзяць, нічога не пакідаючы, скрозь мой.
Але нягледзячы на тое, што іх, іншых, заўсёды было зашмат, а маё жыццё заўсёды было адно, я ніколі не адчуваў аніякай боязі, што яму хаця б у нейкай ступені пагражае страта самога сябе, размывание мноствам другіх, самастойных і незразумелых, таямнічых.
Гэтае ўзаемнае праходжанне ўсяго іншага скрозь тваё, а твайго — скрозь іншае заўсёды захоўвала прывабнасць нейкай нічым не пазначанай свабоды, лёгкасці, незалежнасці — і ў той жа час было, мабыць, падобнае на штосьці самнамбулічнае, са сноў ці трызнення.
А цягнік ішоў, за вокнамі ізноў, як і год, і два таму плыло лета, тэатр ехаў на гастролі ў яшчэ адзін не знаёмы мне горад.
I па-ранейшаму, звыкла для мяне, усе былі тут, у вагоне, разам. Вольга Уладзіміраўна Галіна, ва ўсім вобліку якой, дома яна ці на сцэне, угадвалася выпускніца вышэйшага жаночага Марыінскага вучылішча ў Вільні з яго дырэктрысай княгіняй Валконскай і класнымі дамамі, размаўляўшымі са сваімі выхаванкамі толькі па-французску.
Вера Мікалаеўна Пола, такая ярка нацыянальная ў сваіх ролях, высокая і статная, размашыстая — непераўзыдзеная Агата ў купалавай «Паўлінцы».
Здзіслаў Францавіч Стома з хітравата прыжмуранымі вачыма і кплівай усмешкаю.
Уладзімір Іосіфавіч Дзядзюшка з яго тыловым тварам купалава-коласаўскага беларуса, хударлявым, з глыбокімі барознамі-маршчынамі каля рота, уздоўж шчок і з прагнымі гучнымі ўздыхамі, якімі ён набіраў паветра ў пачатку рэплік або маналогу.
Павел Сцяпанавіч Малчанаў, невысокі, вялікагаловы, што часта прыгадваўся ўжо як Ленін пасля гэтай сваёй ролі, і, як бывае з акцёрамі пасля такой работы, ён міжволі пакінуў у сабе і па-за сцэнаю нейкія рысы гэтага вобраза — здаецца, лёгкую картавасць.
Далікатны Генрых Юр’евіч Грыгоніс, у якім было нешта адначасова і ад дарэвалюцыйнага прафесара, і ад рахманага селяніна.
I ціхі, маленькі Мікалай Струсевіч.
Сумнаваты, з польскім профілем і даўгімі апушчанымі вейкамі Тадэвуш Кін-Камінскі.
Шыракатвары, з ільвінай грываю светлых валасоў Барыс Уладамірскі.
Бледны, з блішчастай касцяной галавою ў цюбецейцы, хранічна напаўцвярозы грымёр Рыгор Васільевіч Волкаў са сваёю самаадданай сівенькай жонкаю Ганнай Васільеўнай, што не раставалася з любімай кошкаю і ў паездках, — Волкаў, які, круцячы распаленымі шчыпцамі ў мамінай прычосцы, супакойваў яе пасля крыку ад ажогу: «Нічога, Стэфанія Міхайлаўна, што згарыць, то не згніе», — і з тою ж самай могілкавай афарыстычнасцю дадаваў: «Дзе памру, там нарадзіўся».
Усе яшчэ былі разам.
Барыс Канстанцінавіч Кудраўцаў, што жыў заўсёды па настроі, уроскід, часта завельмі весела і шумна, і быццам толькі згадваў час ад часу пра сцэну і свой акцёрскі талент як пра яшчэ адну ўцеху ў жыцці... I высокі, асцярожна і касалапа ступаючы, са скупой і вельмі выразнай сцэнічнай пластыкай Эдуард Пятровіч Шапко. Экспансіўны Барыс Зіноўевіч Янпольскі, што іграў на некалькіх музычных інструментах, спяваў і танцаваў. I Раіса Мікалаеўна Кашэльнікава, лепшая ва ўсе часы на купалаўскай сцэне Паўлінка з яе насмешлівымі вясёлымі вачамі і такімі ж самымі насмешлівымі ноткамі ў голасе... Іван Браніслававіч Шаціла, з адкрытым, цвёрдым, нібы вытачаным, тварам, і гучны, кіпучы, з гаворкаю ўзахлёб, дасведчаны ва ўсім на свеце Сцяпан Сцяпанавіч Бірыла...
I нешматслоўная Бярута Дакальская, чырвоны тварам комік, падобны на пірата-гнома, Аляксей Бараноўскі, худы і нахмураны Сцяпан Хацкевіч, сціплы і ветлівы Уладзімір Гаратаў, весела-гарачы Уладзімір Скакун...