I зараз, калі згадваецца гэта, то думаецца, што ўсё, хай сабе самае далёкае адно ад аднаго ў жыцці, але пачутае, бачанае і нават трызненае, нечым у рэшце рэшт набліжаецца, злучаецца — рана ці позна, толькі не заўсёды гэта прыкмячаецца і застаецца ў думках. Нездарма ж людзі кажуць, што свет цесны.
А хіба не так, хіба ён сапраўды не цесны, калі самым першым з аднойчы ўбачанага праз вакно нью-йоркскага гатэля «Скайлайн» на 10-ай авеню было менавіта тое, што паўставала ва ўяўленні, — і як жа сталася, што так дакладна? — яшчэ з дзяцінства, з прачытанага ў кніжцы з незразумелай тады назвай «42-ая паралель» нейкага невядомага Дос Пасаса. Так, гэта яшчэ тады я ўбачыў тое, што і аказалася перад вачыма, калі я рассунуў шторы на вакне свайго пакоя ў Нью-Йорку: нізкае святло хмарнага дня, дождж, мокрыя блішчастыя легкавікі, зялёны светафор і невялічкія крамкі ў квартале цёмна-чырвонай цэглы, ірдзяныя ў шэрым надвячорку неонавыя надпісы, маленькі рэстаранчык на рагу з выходзячымі адтуль маракамі. Не зважаючы на дождж, яны няспешліва, са смехам, штосьці паказваючы адзін аднаму на мігах, ідуць праз вуліцу перад спыненымі, быццам спецыяльна для іх, машынамі...
А тады, са старонак той кніжкі, я бачыў — у гэтым самым месцы, далібог! — яшчэ і таго марачка, які застаўся без працы, — ён званіў сястры на работу, чакаў яе тут, на вуліцы, і здавалася, што і ад цябе, як ад таго хлопца ў вільготным, набрыняным світэры, пахне тытунём і злёгку выпіўкай, што табе таксама зябка, мёрзнуць рукі і нос, хочацца памыцца ў цёплай вадзе, змяніць нясвежае адзенне, адсырэлыя чаравікі. Ягоная сястра выходзіла, яны грубавата-весела віталіся і заходзілі некуды вось тут перакусіць.
Зараз на гэтай вуліцы іх бачна не было. Але я не здзівіўся гэтаму — проста, відаць, трэба было крыху пачакаць — як чакаў тут некалі той марак сваю сястру пад дажджом, толькі і ўсяго.
Здзіўляла — неяк спакойна, сонна і прымірана — якраз іншае. Ізноў жа тое, што гадоў ажно сорак таму, калі я ўбачыў гэтую нью-йоркскую вуліцу, чытаючы кніжку «42-ая паралель», я сядзеў не перад гэтым акном з зялёнымі шторамі і кандыцыянерам унізе — а зусім, зусім перад іншым. За ім у ранніх прыцемках ужо сінеў снег, і людзі асцярожна, каб не паслізнуцца, соўгаліся з вёдрамі каля калонкі, аплыўшай лёдам, што свечка воскам, і ўсе гукі даносіліся адтуль прыглушана, нібы ватныя. А вата з сухімі кветкамі бяссмертніку паміж шыбамі таксама здавалася снегам, як і ватныя камячкі ў адтулінах ля вокнаў, куды падавалі з вуліцы засовы, зачыняючы аканіцы. Канцы жалезных засоваў у пакоі за ноч пакрываліся інеем, а ўдзень з гэтых адтулін, калі іх забываліся заткнуць, дзьмулі тонкія струменьчыкі холаду і з моцным ветрам прабіваўся снег... Цяпер жа снегу не было, на дварэ стаяў ужо май месяц, але, напаўняючы невялічкі пакой цяплом, пад маім акном усё роўна клапатліва і ўтульна соп руплівы кандыцыянер.
Так, свет сапраўды, відаць, павінен быць цесным, цёплым і ўтульным, — ці так ужо нам неабходна бясконцая, без межаў прасторы і часу, падобная гэтым на нішто, пустэльня і бездань космасу? А чалавеку ж больш за ўсё патрэбны чалавек. Свет павінен быць у добрым сэнсе цесным і для нас, беларусаў. Увесь свет павінен быць да нас бліжэйшым, а мы — да яго. I хто ведае, калі-небудзь, можа, нам і далёка ў Амерыцы давядзецца глядзець на мясціны жыцця і працы беларусаў — і не толькі пасля іх ўцёкаў адсюль. Чалавек нараджаецца на радзіме, заўсёды памятае пра яе, але ён нараджаецца свабодным.
А пакуль мы глядзім па тэлебачанні на дом Аляксандра Салжаніцына ў Вермонце... А пакуль мы, будучы ў Чыкага, едзем у прыгарад, у мястэчка Оўк-Парк, і глядзім на бялюткі, чысценькі нават ужо да стэрыльнасці дом, дзе нарадзіўся Хемінгуэй, — і зноў жа сеецца дробны дождж, і анічога не нагадвае тут, у цішы, у бязлюдных кварталах прыгожых асабнякоў і падстрыжаных палісадаў, ні пра «Дзесяць індзейцаў», ні пра «Доктара і ягоную жонку». Як ні ўглядайся, нічога не відно з таго, што было некалі тут — «У нас, у Мічыгане»...
А пакуль што я стаю ў цэнтральнай мінскай кніжнай краме, на рагу ўжо былога Ленінскага, а зараз праспекта Скарыны, і ўсё той самай яшчэ Камсамольскай вуліцы, — і гартаю старонкі кнігі Наталлі Арсенневай «Пад сінім небам», факсімільнага выдання ейнага віленскага зборніка 1927 года. Чытаю біяграфічную звестку, радкі пра пагібель сына паэткі ў гарадскім, цяпер імя Янкі Купалы, тэатры ў 1943 годзе — і прыгадваю, што мне расказвалі.
У той дзень, 22 жніўня, праз два гады ад пачатку вайны, у тэатры, падчас сходу мінскай моладзі з маючым пасля адбыцца спектаклем, партызаны планавалі ўзарваць мінаю гаўляйтэра Беларусі Вільгельма Кубэ. Але ён чамусьці не прысутнічаў. Ацалелыя ж пасля выбуху згадвалі, што наоіул бачылі там толькі аднаго нямецкага афіцэра — той сядзеў з жанчынаю на галёрцы. А ўнізе загінула нямала маладых людзей, у тым ліку і старэйшы сын Наталлі Арсенневай — Яраслаў. Акцыю, выходзіць, не змаглі прыпыніць — і застаецца толькі спадзявацца, што менавіта адно не змаглі...